Аснова выхавання — любоў

- 9:47Навіны рэгіёнаў

Адбылося ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года-2019”. За званне лепшых у медыцыне, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, выхаванні дзяцей і адукацыі змагаліся прадстаўніцы з усіх рэгіёнаў. Былі вызначаны 38 пераможцаў, якім уручылі дыпломы і знак-сімвал “Васільковая жар-птушка”. У намінацыі “Мацярынская слава” была адзначана маці-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу аддзела па адукацыі, спорту і турызму Касцюковіцкага райвыканкама Раіса Цярэнцьеўна Кірпічэнка.

Такая высокая ўзнагарода цалкам заслужаная. Раіса Цярэнцьеў­на выгадавала дваіх родных дзяцей, а калі яны пакінулі бацькоўскую хату, зразумела, што хоча дарыць сямейнае цяпло і матчыну любоў дзецям, якія пазбаўлены гэтага. Так, узяўшы на выхаванне дзвюх сясцёр, яна стала прыёмнай маці. Праз некаторы час ёй прапанавалі стаць выхавальніцай у дзіцячым доме сямейнага тыпу.

— Я паразважала і вырашыла, што змагу. Вядома, першыя часы было крыху складана. Сям’я ў разы павялічылася, да кожнага дзіцяці трэба было шукаць свой падыход. Часам выхаванне давалася няпроста. Дзеткі, якія перажылі сямейную трагедыю, не заўсёды хацелі ісці на кантакт. У такіх выпадках дапамагала адно — любоў, — расказала Р.Ц.Кірпічэнка.

Акружыць бясконцай любоўю, дапамагчы дзіцяці знайсці сябе, зразумець, што яно не адно, даць магчымасць самасцвярдзіцца і рэалізаваць свой творчы патэнцыял — вось асноўныя прынцыпы выхавання, якімі кіруецца Раіса Цярэнцьеў­на. Для сваіх выхаванцаў гэта прыёмная мама стварае ўсе ўмовы для паўнавартаснага развіцця. Яна заўсёды стараецца задаволіць цікаўнасць дзяцей, пашырае іх кругагляд, выхоўвае любоў да прыроды і роднага краю. Галоўная традыцыя сям’і — сумесныя велапаходы па Касцюкоўшчыне. Шмат увагі Раіса Цярэнцьеўна таксама ўдзяляе раскрыццю творчых здольнасцей дзяцей.

— Я сама вельмі творчы чалавек. Захапляюся дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Вяжу, шыю, пляту разнастайныя вырабы з лазы, вышываю бісерам. Да гэтай дзейнасці далучаю і дзяцей. Увогуле лічу, што ў кожнага ёсць пэўныя таленты, трэба толькі дапамагчы дзіцяці раскрыць яго здольнасці. А яшчэ — паказваць асабісты прыклад, бо нез­дарма ж кажуць: “Выхоўвайце не дзяцей, выхоўвайце сябе”. Усе мае прыёмныя дзеткі да нечага здольныя. Канстанцін навучаецца ў спартыўным класе, у яго ўжо ёсць спартыўныя дасягненні. Вікторыя, Мая і Цімафей вучацца ў школе мастацтваў ігры на музычных інструментах. Дар’я, Мая і Цімафей займаюцца ў гуртках дзіцячага раённага дома творчасці. Разам мы ўдзельнічаем у розных творчых конкурсах, выставах, дзе часта заваёўваем узнагароды. Так, на абласным конкурсе прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў мы перамаглі ў намінацыі “Самая ўмелая сям’я”, — паведаміла Р.Ц.Кірпічэнка.

Зараз Раіса Цярэнцьеўна выхоўвае восем прыёмных дзяцей, самаму малодшаму з якіх усяго 4 гады. Чацвёра з яе прыёмных дзяцей ужо паўналетнія. За гады існавання дзіцячага дома сямейнага тыпу Р.Ц.Кірпічэнка выхоўвала дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзіця-інваліда, дзяцей ранняга ўзросту, падлеткаў, рэабілітавала дзіця, якое перажыло гвалт.

— Паказчыкам эфектыўнасці выхаваўчай сістэмы, створанай Раісай Цярэнцьеўнай, з’яўляецца тое, што дзеці паспяхова ўвахо­дзяць у грамадства пасля выпуску з сям’і. Чатыры выпускніцы змаглі добра адаптавацца на новым этапе свайго жыцця: дзве дзяўчынкі ўжо атрымалі адукацыю і толькі пачынаюць сваю працоўную дзей­насць, яшчэ адна працягне навучанне на ІІ ступені каледжа, адна з выпускніц рэалізавала сваё педагагічнае прызванне, паступіўшы ў Магілёўскі дзяржаўны сацыяльна-гуманітарны каледж. Дзяўчынкі падтрымліваюць цёплыя адносіны са сваёй прыёмнай мамай. Значна і тое, што Раіса Цярэнцьеўна спрыяла ўсынаўленню аднаго з выхаванцаў дзіцячага дома сямейнага тыпу, — адзначыла метадыст Касцюковіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета І.В.Падабед.

Самаадданая педагагічная пра­ца Р.Ц.Кірпічэнка неаднаразова атрымлівала высокую ацэнку. Раіса Цярэнцьеўна ўзнагароджвалася ганаровымі граматамі раённага аддзела па адукацыі, галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілё­ў­скага аблвыканкама. Але для яе галоўны паказчык працы — шчасце і дабрабыт дзяцей.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Людмілы СМАЛЯКОВАЙ.