Асновы экалагічнай культуры для дашкольнікаў

- 12:36Навіны рэгіёнаў

Адукацыйны мультыцэнтр “УРА Гродна” створаны на базе дзіцячага сада № 45 Гродна.

У межах рэгіянальнага форуму адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця магчымасці мультыцэнтра былі прадэманстраваны прадстаўнікам устаноў дашкольнай адукацыі, аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна. У экалагічнай ініцыятыве “УРА Гродна” (Устойліваму развіццю — актыўнасць Гродна), якая рэалізуецца праграмай развіцця ААН у Беларусі і Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, дзіцячы сад № 45 выступае партнёрам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і сярэдняй школы № 12 Гродна.

Установа дашкольнай адукацыі прадставіла свой вопыт работы міні-цэнтраў.

— У рамках рэалізацыі эка­лагічнай ініцыятывы ў нас створаны міні-цэнтр “Маленькі метэаролаг”, які выкарыстоўваецца для правядзення назіранняў і заняткаў з дзецьмі дашкольнага і малодшага школьнага ўзро­сту з мэтай фарміравання ў іх уяўленняў аб прыродных з’явах, надвор’і, — расказала загадчык ясляў-сада № 45 Гродна Людміла Кушнірук. — На працягу года дзеці разам з выхавальнікамі будуць сачыць за надвор’ем, вымя­раць ціск, тэмпературу і вільгот­насць паветра, узровень ападкаў. Акрамя таго, плануецца выкарыстанне пляцоўкі для эксперыментальнай дзейнасці.

Яшчэ адзін адукацыйны міні-цэнтр — “Экалогія і здароўе” — вызначаецца рознабаковасцю. Тут і пляцоўка “Дзікі луг”, дзе дзеці вывучаюць травы, і “Агарод круглы год”, дзе яны самы вырошчваюць агародніну і збожжавыя, вучацца даглядаць расліны. “Кветкавая клумба” знаёміць выхаванцаў з разнастайнасцю колераў, дае магчымасць назіраць насякомых, якія сюды прылятаюць, даведацца, якія кветкі могуць быць прадвеснікамі надвор’я. У дзіцячым садзе таксама арганізавана вырошчванне лекавых траў. Дзеці даглядаюць іх, затым высушваюць, а потым можна піць духмяную гарбату з рамонку, мяты, чабару або мелісы.

Міні-цэнтр “Экалогія і здароўе: крок да здароўя” складаецца са спартыўнага комплексу і гульнявой пляцоўкі з экалагічнага пакрыцця. Абсталяванне выкарыстоўваецца для правядзення спартыўных гульняў і фізкультурных заняткаў з мэтай фарміравання ў дзяцей уяўленняў аб здаровым ладзе жыцця. На пляцоўцы ёсць штучны вадаём, домік для насякомых. А міні-цэнтр “Экалогія і здароўе: лясная паляна” ўяўляе сабой пляцоўку, дзе высаджаны разнастайныя расліны, арганізаваны гульнявыя зоны, з дапамогай якіх выхаванцы могуць даведацца, што расце ў лесе, якія расліны занесены ў Чырвоную кнігу.

Як жа працуе мультыцэнтр “УРА Гродна”?

— Да нас прыходзяць студэнты факультэта “Біялогія і экалогія” ГрДУ імя Янкі Купалы і праводзяць заняткі з выхаванцамі, — адказала Людміла Кушнірук. — Дзецям асабліва запомнілася сустрэча, на якой студэнты расказвалі ім пра насякомых. Яшчэ яны разам удзельнічаюць у акцыі “Клопат пра птушак”, высаджваюць дрэвы, клапоцяцца пра расліны. Нядаўна прайшло мерапрыемства, прысвечанае Міжнароднаму дню лясных рэсурсаў, падчас якога дзеці пасадзілі блакітную елку. Было рэалізавана некалькі экалагічных праектаў.

Актыўна і цікава прахо­дзяць сустрэчы выхаванцаў дзіцячага сада з вучнямі і педагогамі сярэдняй школы № 12 Гродна. Разам яны вучацца сартаваць смецце, даваць другое жыццё старым рэчам. Школьнікі сталі ініцыятарамі сумеснай акцыі “Чароўная накрыўка” і акцыі па зборы батарэек.

Шматлікія мерапрыемствы, акцыі, распрацоўка інфармацыйных матэрыялаў і азнаямленне з імі бацькоў, розныя дыдактычныя і развіццёвыя гульні — пра гэтыя і іншыя справы, накіраваныя на экалагічнае выхаванне дзяцей, ішла гаворка на форуме. Яго ўдзельнікі яшчэ раз падкрэслілі, што менавіта з дашкольнага ўзросту неабходна прывіваць дзецям правілы энергаэфектыўнага ладу жыцця і экалагічнай культуры.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена дзіцячым садам № 45.