Астраномія — навука светапоглядная

- 12:46Культура

У красавіку гэтага года ў выдавецтве “Лімарыус” выйшла кніга вядомага гісторыка і краязнаўца Леаніда Лаўрэша “І зорнае неба над галавой… (Нарысы з гісторыі астраноміі)”. Варта адразу зазначыць, што гаворка ідзе пра нарысы з менавіта беларускай гісторыі астраноміі, бо аўтар засяроджваецца на развіцці гэтай навукі на беларускіх землях, на жыцці ды навуковай дзейнасці вядомых астраномаў-беларусаў. Але ці была яна, гісторыя астраноміі ў Беларусі? Ці былі яны, беларусы, што пакінулі прыкметны след у астраноміі?

Як высвятляецца з кнігі Леаніда Лаўрэша, была і былі, прычым беларусы пачалі цікавіцца астраноміяй здаўна, нават калі не лічыць так званую народную або міфалагічную астраномію. Першай сапраўды знакавай асобай, каго цікавіла менавіта навуковая астраномія, безумоўна, быў наш першадрукар Францыск Скарына, які выдатна арыентаваўся ў тагачасных астранамічных тэорыях, сам ствараў карты зорнага неба і, як вядома, аздабляў выявамі нябесных свяціл свае кнігі.
А “залаты век” у беларускай гісторыі развіцця астранамічнай навукі звязаны найперш з Віленскім універсітэтам, або Галоўнай літоўскай школай, як называўся ён да сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Ужо з пачатку ХVIІ стагоддзя тут у межах курса па натурфіласофіі выкладалася астраномія з выкарыстаннем матэматычных ведаў, вялікай колькасцю схем і чарцяжоў і нават з некаторымі асцярожнымі спасылкамі на Каперніка, хоць у цэлым у выкладанні дамінавала вучэнне пра будову Сусвету Пталемея з Зямлёй у цэнтры.
Найбольш вядомым выкладчыкам астраноміі сярэдзіны ХVIІ стагоддзя быў прафесар з Прусіі Освальд Крыгер, які ў 1618 годзе ў Вільні ўступіў у ордэн езуітаў. Вось ужо ён у сваіх лекцыях нароўні з іншымі расказваў і пра сістэму Каперніка ды, як і Галілей, зыходзіў найперш з важнасці вынікаў эксперыменту. Цікава, што практычна адначасова з Галілеем Крыгер самастойна зрабіў тэлескоп. Са сваімі вучнямі ён правёў першыя назіранні неба ў аптычную прыладу ў Галоўнай літоўскай школе, а пазней былыя студэнты Крыгера Ян Рудаміна-Дусяцкі і Альберт Дыблінскі напісалі астранамічныя працы, якія можна лічыць першымі ва ўласна беларускай гісторыі астраноміі як навукі.
З іменем архітэктара, матэматыка і астранома Томаша Жаброўскага (1714 — 1758) звязана стварэнне першай астранамічнай абсерваторыі пры Віленскім універсітэце. Паказальна тое, як згуртавана, лічы, сапраўднай талакой, яна будавалася і стваралася дзякуючы фундатарству вядомых тагачасных асоб: сродкі ўласна на будаўніцтва абсерваторыі ахвяравала дабрачынніца Эльжбета Агінская-Пузыніна, грошы на тэлескоп з Германіі ахвяраваў князь Міхал Радзівіл, яшчэ адзін тэлескоп-рэфлектар здабыў для абсерваторыі сам віленскі біскуп Юзаф Сапега. На жаль, часопісаў назіранняў Жаброўскага не захавалася, але дакладна вядома, што ён назіраў Месяц і спадарожнікі Юпітэра.
Вялікую ўвагу (што цалкам справядліва) аўтар удзяляе жыццю і дзейнасці, бадай, самай значнай асобы ў плеядзе віленскіх астраномаў-пачынальнікаў — Марціну Пачобуту-Адляніцкаму (1728 — 1810), які на працягу 44 гадоў быў дырэктарам абсерваторыі, а з 1780 па 1799 год — рэктарам Віленскага ўніверсітэта. Гэта быў чалавек з выдатнай адукацыяй і бліскучым інтэлектам, неверагоднай працаздольнасцю і літаральна фанатычнай адданасцю астраноміі. Асабліва плённымі ў яго дзейнасці былі 70—80-я гады ХVIII стагоддзя, калі ён, ужо будучы тытулаваным Каралеўскім астраномам, праводзіў усё новыя і новыя бліскучыя астранамічныя эксперыменты: назіраў сонечныя плямы, сонечныя і месячныя зацьменні, даследаваў перамяшчэнне камет, вывучаў зацьменні кольцаў Сатурна і спадарожнікаў іншых планет, сузор’і Цяльца і Скарпіёна, астэроіды. А найбольшы вынік далі яго настойлівыя спробы вызначыць размяшчэнне Меркурыя, які насамрэч вельмі цяжка назіраць з-за блізкасці да Сонца. Толькі на працягу 1786 года Пачобут правёў 60 назіранняў за Меркурыем, а на наступны год — яшчэ 124! Атрыманыя даныя былі зведзены ў табліцы размяшчэння планеты і дасланы ў Парыж слыннаму астраному і матэматыку Лаланду, які і зрабіў канчатковае вылічэнне арбіты планеты.
Наступнік Марціна Пачобута-Адляніцкага на пасадзе дырэктара Віленскай абсерваторыі Ян Снядэцкі пісаў, што ў спадчыну ад яго засталося 34 тамы дзённікаў астранамічных назіранняў. А сам Пачобут-Адляніцкі тым часам пра свае заняткі астраноміяй казаў: “Мая Уранія, як старая баба, не змагла забрацца на вяршыню Парнаса, але, соваючыся пад той вяршыняй, давала не вершы, а матэрыял для вершаў”. Можна толькі здзіўляцца самаіроніі гэтага чалавека, які заснаваў цэлую школу навукоўцаў (Я.Снядэцкі, А.Стжэцкі, М.Глушневіч, П.Смыслоў, В.Карчэўскі і інш.), непасрэдна спрычыніўся да многіх выдатных астранамічных адкрыццяў, прымусіў польскіх каралёў, а потым і расійскіх імператараў захапляцца Віленскай абсерваторыяй як адной з лепшых у Еўропе ХVIII стагоддзя.
Дарэчы, адной з прынцыповых вартасцей кнігі “І зорнае неба над галавой…” з’яўляецца тое, што яе аўтар як бы руйнуе дастаткова распаўсюджаны міф пра Віленскі ўніверсітэт як цэнтр выключна гуманітарнай навукі. На прыкладзе астраноміі мы бачым, што гэта было не так, і што не толькі сваімі гістарычнымі ды філалагічнымі даследаваннямі віленскія навукоўцы, так бы мовіць, інтэграваліся ў свой час у сусветную навуковую супольнасць. А гэтая “інтэграцыя” сёння ўражвае проста неверагодна! Напрыклад, той жа Пачобут праходзіў астранамічную студэнцкую практыку ў Марселі, Авіньёне і Неапалі, потым, ужо ў больш сталым узросце, перш чым разгарнуць актуальныя даследаванні на радзіме, наведаў абсерваторыі Англіі, Германіі, Францыі, Галандыі, Даніі і інш. (у Англіі, дарэчы, і было закуплена новае абсталяванне для мадэрнізаванай Віленскай абсерваторыі), да канца жыцця вёў актыўную перапіску з вядучымі вучонымі заходнееўрапейскіх краін.
Гісторыя астраноміі ў Беларусі ў выкладзе Леаніда Лаўрэша, безумоўна, не абмяжоўваецца адной толькі віленскай традыцыяй. У кнізе “І зорнае неба над галавой…” не застаюцца па-за ўвагай і здабыткі выбітных астраномаў-беларусаў пазнейшага часу, якія атрымалі адукацыю ў другой палове ХІХ стагоддзя на фізіка-матэматычным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта і плённа працавалі ўжо на расійскую ды савецкую навуку (самыя вядомыя імёны тут, мабыць, Вітольда Цэраскага і Гаўрылы Ціхава). Але гэта, скажам так, ужо больш блізкая да нас і таму больш вядомая гісторыя…
Прэзентацыя кнігі Леаніда Лаўрэша “І зорнае неба над галавой…” адбылася некалькі тыдняў назад ў Мінскім планетарыі. Была жывая гутарка людзей, зацікаўленых як у астранамічных, так і ў гістарычных праблемах, — навукоўцаў, выкладчыкаў, краязнаўцаў, простых аматараў паназіраць за зоркамі на начным небе… І сярод іншых прагучала думка пра тое, што астраномія — усё ж вельмі дзіўная навука. І прыродазнаўчая, і філасофская, светапоглядная адначасова. Бо міжволі прымушае людзей задумацца пра ўласную значнасць — перад люстэркам бязмежнага Сусвету.

Мікола ЧЭМЕР.

gilevitch@ng-press.by