Астраўкі самарэалізацыі дацэнта Лашук

- 11:51Якасць адукацыі

Яна была першай з дзяцінства. Вынік любой справы, за якую б ні бралася звышадказная і руплівая дзяўчына, павінен быць бездакорным. Медаль пасля заканчэння школы, чырвоны дыплом ва ўніверсітэце, вядомае імя навукоўца ў любімай прафесіі… Усё гэта пра дацэнта кафедры эканамічнай сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта кіраўніка Цэнтра сацыяльна-гуманітарных даследаванняў установы Ірыну Валер’еўну Лашук.

Самымі жаданымі і доўгачаканымі задачамі ў школе былі для дзяўчыны заданні з зорачкамі: у іх заўсёды хавалася нешта больш прывабнае і захапляльнае. Ёй заўсёды хацелася раскласці з’яву па палічках, дакапацца да сутнасці. Пасля ў жыццё стараннай і ўседлівай вучаніцы пачалі ўваходзіць гуманітарныя дысцыпліны і захапленне навукай.

Ірына Валер’еўна прызнаецца, што матуля-настаўніца змагла ўкласці ў яе правільнае выхаванне — гэта і паўплывала на сур’ёзныя адносіны да ўсяго, чым займалася дзяўчына. Разам з гэтым у яе жыцці з’явіліся заняткі музыкай: Ірына занялася асваеннем фартэпіяна. Ёй раілі паступаць у музычнае вучылішча, бо бачылі здольнасці і магчымасці дзяўчыны.

— Мне падавалася, што трэба быць або вялікім музыкантам або не быць музыкантам увогуле. Я падумала, што вялікай піяністкай не стану, таму вырашыла адмовіцца ад гэтай ідэі, — расказвае дацэнт. — Матуля бачыла мяне музыкантам, хацела, каб я працягвала займацца ігрой на фартэпіяна прафесійна. А я якраз пачула пра невядомую мне навуку — сацыялогію — і, паколькі інфармацыі па гэтым кірунку было няшмат, у школе такі прадмет не праходзілі, вырашыла заняцца гэтым пытаннем больш глыбока. Так трапіла ў БДУ.

Абітурыентку зацікавілі выкладчыкі ўніверсітэта, і дзяўчына цвёрда вырашыла тут застацца. У 1991 годзе Ірына Лашук паступіла на другі набор аддзялення сацыялогіі тады яшчэ філасофска-эканамічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яе залічэнне выпала на час станаўлення беларускай сацыялогіі. Па словах Ірыны Валер’еўны, у той перыяд падручнікаў не было, паколькі дысцыпліна адраджалася. Адной з нямногіх крыніц інфармацыі для дапытлівых студэнтаў быў маскоўскі часопіс “Социс”, які маладыя людзі хутка чыталі і доўга яшчэ пасля перачытвалі. Першыя сацыёлагі друкаваліся там урыўкамі, таму студэнты з нецярплівасцю чакалі выхаду наступнага нумара.

З музыкай Ірына Лашук думала развітацца назаўсёды. Але тады яна яшчэ не ведала, што пройдуць гады і сур’ёзнае захапленне перадасца яе дачцэ.

— Калі дачка вырашыла паспраба­ваць сябе ў музыцы, я яе адгаворвала. Але, калі яна настаяла, мая пазіцыя змянілася і мы разам пачалі рыхтавацца да паступлення ў музычную школу, — успамінае Ірына Валер’еўна. — Сваё старое фартэпіяна прыйшлося вярнуць ад матулі. Цяпер музыка — гэта частка жыцця ўсёй нашай сям’і.

Праз некаторы час вызначацца з прафесіяй прыйшлося і старэйшаму сыну, які, маючы перад сабой прыклад матулі і яе адданасці выбранай справе, вырашыў таксама звязаць сваю дзейнасць з сацыялогіяй. Цяпер хлопец — першакурснік факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ.

— Сын ведаў, што гэта няпросты шлях: ад асабістых магчымасцей — да фінансавых момантаў. Моладзі часта хочацца ўсяго і адразу. А ў гэтай сферы павінна прайсці шмат часу, перш чым нечага можна будзе дасягнуць. Ён прааналізаваў усе “за” і “супраць”, наведаў дні адкрытых дзвярэй на розных факультэтах і паступіў. Цяпер сыну цікава вучыцца, — дзеліцца дацэнт. — Ён уседлівы, спакойны, здольны да навуковай дзейнасці і, галоўнае, паважае яе. А выбера ён навуку ці аддасць перавагу нечаму іншаму, пакажа толькі час.

Пасля заканчэння БДУ Ірына Ва­лер’еўна паступіла ў аспірантуру Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук, і неабходна было выбіраць тэму дысертацыі. У той час мала­дзёжная тэматыка і даследаванні ў гэтым кірунку падтрымліваліся і віталіся, быў доступ да баз з падобнымі даследаваннямі, таму Ірына Лашук вырашыла займацца сацыяльным развіццём моладзі ў беларускіх рэаліях. Пасля яе інтарэсы перайшлі ў бок маладзёжнай культуры з пункту гле­джання аналізу паводзінскіх мадэлей.

Хутка ў даследчыцы выйдзе манаграфія, адзін з раздзелаў якой бу­дзе прысвечаны менавіта маладым лю­дзям. Прычым, па словах Ірыны Лашук, у яе працах даследавалася не толькі беларуская моладзь, але і прадстаўнікі Расіі, Літвы і іншых краін. Пры рабоце над даследаваннем спецыяліст выкарыстоўвала супастаўляльны аналіз, на аснове якога вылучала адметныя рысы юнакоў і дзяўчат, асаблівасці іх паводзін, мыслення і рабіла высновы аб іх адрозненні ці падабенстве.

— У нас па краіне створаны сеткі інтэрв’юераў, за якімі сочаць “брыга­дзіры” (спецыялісты, якія адказваюць за правядзенне даследаванняў па рэгіёнах і кантралююць працэс згодна з атрыманымі ад нас інструкцыямі). Ідучы за інфарматызацыяй грамадства, пачынаем апрабоўваць і прымяняць на практыцы анлайн-апытанні. Пакуль што не ўсе сацыёлагі прытрымліваюцца аднаго пункту гледжання наконт гэтага метаду, паколькі, нягледзячы на яго аператыўнасць і даступнасць, ён можа ахапіць не ўсе пакаленні інтэрнэт-карыстальнікаў (у звычайных апытаннях прымаюць удзел 1—2 тысячы чалавек, электронны варыянт можа апрацаваць каля 4 тысяч чалавек). Гэты напрамак хацелася б таксама развіваць, — тлумачыць даследчык.

Адным з апошніх буйных даследаванняў, якое курыравала і ў якім прымала непасрэдны ўдзел Ірына Лашук, можна назваць праект па вывучэнні стэрэатыпных адносін беларусаў да Саюзнай дзяржавы. Нягледзячы на тое, што вынікі работы былі падведзены ў лістападзе мінулага года, цікавасць да яго назіраецца і сёння. Спецыялісту тэлефануюць з пытаннямі калегі з іншых універсітэтаў, якія прызналі якасць даследавання Ірыны Лашук і яго аўтарытэт у навуковым асяроддзі Беларусі.

Мысліцельная дзейнасць Ірыны Валер’еўны не спыняецца ніколі. Важнымі для даследчыцы заўсёды застаюцца канферэнцыі. Без іх вучоныя, на яе думку, губляюцца, перастаюць заставацца ў трэндзе: такія сустрэчы дапамагаюць сачыць за новымі павевамі і тэндэнцыямі ў сваёй галіне. Найбліжэйшая паездка, якая чакае Ірыну Лашук, бу­дзе ў Рыгу, дзе дацэнт прадставіць сваю ўстанову на міжнародным форуме.

— Пакуль на спецыяльнасць “Эканамічная сацыялогія” набіраюцца толькі 25 абітурыентаў, але нам хацелася б у будучыні набіраць яшчэ адну групу. Для гэтага трэба больш расказваць пра згаданую спецыяльнасць, бо мала хто чуў пра яе існаванне. Абітурыенты павінны зразумець, што пасля выпуску яны змо­гуць быць не толькі спецыялістамі выключна ў сферы сацыялогіі, ім можа адкрыцца свет навукі, бізнесу або шлях у маркетынгавыя службы і рэкламныя агенцтвы. Перспектыў­насць адпаведнай прафесіі пацвярджае і тое, што я як маці падтрымала выбар свайго сына. БДЭУ — адзіны ўніверсітэт краіны, які рыхтуе выпускнікоў па спецыяльнасці “Эканамічная сацыялогія”. Тут выкладчыкі больш накіраваны на практычнае атрыманне ведаў. Студэнты ўдзельнічаюць у вывучэнні пэўных працэсаў, сутыкаюцца з рэальнымі задачамі і нават зарабляюць на гэтым грошы. Мне гэта вельмі дапамагае, бо даводзіцца працаваць не проста са студэнтамі, а з ужо амаль сфарміраванымі прафесіяналамі.

Ірына Валер’еўна адзначае, што кожны яе студэнт добры па-свойму, яна ўсіх іх любіць. Нехта з іх можа не вывучыць штосьці, але яна лічыць гэта не самым галоўным паказчыкам вучобы. Дрэнных студэнтаў у яе няма.

— Калі даеш маладым людзям нешта рабіць самастойна, давяраеш — яны адразу мяняюцца: загараюцца цікавасцю вочы, з’яўляецца азарт. І тое, што яны робяць нешта на пачатковых этапах уласнаручна, фарміруе ў іх любоў да прафесіі — гэта куды больш важна. Хочацца, каб студэнты маглі заўсёды прымяняць свае веды, каб размяркоўваліся не проста “для птушачкі”, а з задавальненнем аддаваліся сваёй дзейнасці, прыносілі карысць. Дзеля нашых выпускнікоў мы часта су­стракаемся з работадаўцамі: заказчыкі патрэбны нам, а мы патрэбны ім.

Ірына Ва­лер’еўна прапа­ноўвае сваім студэнтам шмат ма­тэрыялаў для сама­стойнага вывучэння. Выкладчык гаво­рыць, што яе найпершая задача — даць маладым людзям той матэрыял, які яны не змогуць знайсці ў іншых месцах, парэкаменда­ваць літаратуру, даць спасылкі. Таму Ірына Лашук заў­сёды мабільная: са студэнтамі яны кантактуе і праз электронную пошту, і ў сацыяльных сетках.

— У кожнага спецыяліста ёсць шмат напрацовак, у тым ліку неапублікаваных, якія стануць карыснымі для свежых вачэй і галоў, калі будуць прывязаны да канкрэтнай тэмы заняткаў. На ўласным прыкладзе лягчэй расказаць і пака­заць, як трэба нешта рабіць, прасцей звяр­нуць увагу на тое, як не трэба дзейнічаць ні ў якім разе. Мая мэта — даць студэнтам нешта ўнікальнае, а не пераказаць змест некалькіх падручнікаў. Гэта прынясе ім больш карысці. Па выніках,  некаторыя прыклады дапамагаюць ім у курсавых і дыпломных работах, пры выкананні якіх моладзь рэалізоўвае свае даследчыцкія задумы.

У дачыненні да дзяцей Ірына Лашук лічыць сябе патрабавальнай маці. Па словах навукоўца, у яе сям’і няма паняцця “стаміўся — не стаміўся”, калі размова тычыцца завяршэння пэўнай справы, выканання абавязкаў. Дачка і сын Ірыны Валер’еўны рана сталі самастойнымі, зразумелі прынцып “скончыў работу — гуляй у ахвоту”. Іх не трэба прымушаць вучыцца ці правяраць. Яны бачаць, што бацькі ўвесь час заняты справай, таму прывучаюць да гэтага і сябе. Сын і дачка сумяшчаюць вучобу з актыўнымі заняткамі. Да справы бацькоў яны ставяцца з павагай, і, паколькі мама і тата пра­цуюць шмат, лепшым адпачынкам падлеткі лічаць змену дзейнасці.

— Што ні робіцца — да лепшага, — пераканана Ірына Лашук. — Былі выпадкі, калі здавалася, што ў жыцці ўсё дрэнна, што ўсё добрае скончылася, а пасля сітуацыя нечакана паварочвалася і станавілася зразумела, што гэта самае выйгрышнае і карыснае выйсце з яе. Лёс выносіў на выратавальныя астраўкі. Гэта тычылася і развіцця прафесійнай дзейнасці, і здароўя блізкіх. Ніколі нельга адчайвацца, бо ніводзін з нас не ведае, куды яго ў выніку выведзе жыццё.

Зараз Ірына Валер’еўна працуе над доктарскай дысертацыяй. Яна цудоўны прыклад таго, што сумяшчаць сямейнае жыццё, прафесійную дзейнасць і самарэалізацыю ў многіх сферах — гэта зусім не міф, а дасягальная рэаль­насць. За 25 гадоў сямейнага жыцця ў Ірыны Лашук не ўзнікла ніводнай перашкоды ў гэтым кірунку. Родныя вельмі хацелі, каб яна абараніла кандыдацкую дысертацыю, падтрымлівалі і ў побыце, і ў прафесіі.

— Колькі помню, мы заўсёды дапамагалі адно аднаму. Муж часта расказвае, якая малайчына яго жонка, хоць сам шмат чаго дасягнуў. Для яго гэта таксама значна. Мы з ім шмат працуем, умеем і адпачываць. Але самы лепшы дзень — гэта любы з працоўных, — прызнаецца Ірына Валер’еўна. — Мне нават у выхадныя неабходна працаваць. Часта можна пачуць, што ў выкладчыкаў нізкія заробкі і да таго падобнае. На гэта можна адказаць толькі адно: пішыце праекты, прасоўвайце іх, атрымлівайце гранты на развіццё — і ўсё акупіцца не толькі ў матэрыяльным плане.

На кніжнай паліцы маёй суразмоўніцы нельга знайсці раманы, дэтэктывы. Яна лічыць, што калі хочацца нешта прачытаць, то лепш звярнуць увагу на навуковы артыкул. Любімая кніга Ірыны Валер’еўны — гэта, безумоўна, кніга па сацыялогіі. Выкладчык цікавіцца такім напрамкам, як постмадэрнізм. Зараз яе настольная кніга — твор Джэфры Аляксандэра “Культуральная сацыялогія”. Па словах Ірыны Лашук, чытаць яе ня­проста, не адразу паддаюцца пэўныя нюансы. Выкладчык звязвае гэта з асаблівасцямі перакладу. Яна часта думае, як высокія тэарэтычныя роздумы, выкарыстаныя ў рабоце, ператварыць у эмпірычныя даныя, каб нічога пры гэтым не загубіць. Ёй хочацца не тэарэтыза­ваць матэрыялы далей, а пераносіць гэты вопыт на рэаліі беларускага грамадства, разумець: гэты вопыт працуе ўсюды ці толькі ў канкрэтнай дзяржаве? Спецыяліст прызнаецца, што не чытае мастацкую літаратуру: няма калі, да таго ж яна заўсёды памятае, што мае шмат непрачытанай навуковай літаратуры. Мастацкасць падмяняецца навуковасцю.

Ірына Валер’еўна гаворыць, што самае каштоўнае для яе — здароўе баць­коў і блізкіх людзей. А для рэалізацыі ў прафесійнай сферы, як лічыць сацыёлаг, перашкод няма. Жыццё для яе — гэта самарэалізацыя ва ўсіх якасцях (жаночай, мацярынскай, сямейнай і прафесійнай).

— Мне здаецца, любую праблему можна вырашыць, — пераканана Ірына Лашук. — Раней з мужам часта спрачаліся: ён гаварыў, што ўсё ў жыцці прадвызначана, я даказвала, што чалавек сам сябе робіць. Маўляў, нішто не зможа мне перашкодзіць, калі я нечага захачу дасягнуць. Зараз жа разумею: чалавеку падуладна далёка не ўсё. Галоўнае ў любой сітуацыі — думаць пра тое, што ты збіраешся рабіць і да чаго гэта прывядзе, прадумваць ключавыя крокі. Калі ты заўсёды рухаешся, не стаіш на месцы, тады і задаволены сабой, і глядзіш на свет па-іншаму. Ты шчаслівы.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.