Астравок бяспекі

Кожны з нас у любы момант можа апынуцца ў складанай і небяспечнай сітуацыі, і тады ад правільных дзеянняў могуць залежаць жыццё і здароў’е. Таму так важна вывучаць асновы бяспекі жыццядзейнасці.

У школе гэты прадмет неабходны для таго, каб навучыць ўсіх дзяцей весці здаровы лад жыцця. Вучні павінны разумець, якую пагрозу для арганізма могуць аказваць такія шкодныя звычкі, як ужыванне наркотыкаў, спіртных напояў, курэнне.

На ўроках АБЖ мы вучымся правільна паступаць у любых жыццёвых сітуацыях, правільна дзейнічаць пры небяспецы. А дапамагае ў гэтым “Астравок бяспекі”, як мы называем кабінет бяспекі, які размяшчаецца ў нашай школе № 3 горада Быхава.

Ініцыятарамі яго стварэння сталі Магілёўскае абласное ўпраўленне МНС пры падтрымцы органаў мясцовай улады, і з 1 верасня 2018 гадоў тут займаюцца дзеці ўсіх школ горада.

Кабінет атрымаў добрае абсталяванне, у ім маецца спецыяльны наглядны і навучальны матэрыял. Нароўні з настаўнікам АБЖ Мікалаем Яўгенавічам Ясевым у навучанні ўдзельнічаюць прафесіяналы сваёй справы, якія дапамагаюць нам замацоўваць тэарэтычныя веды практыкай, дзеляцца вопытам.

Са з’яўленнем такога кабінета на ўроках АБЖ стала яшчэ цікавей. У нас ёсць магчымасць мадэляваць розныя сітуацыі дарожнага руху, прымераць форму ратавальніка, мы вучымся аказваць першую медыцынскую дапамогу, знаёмімся з правіламі бяспечнага выкарыстання газавых і электрычных бытавых прыбораў. Тут маецца ўсё неабходнае, што дапамагае лепш засвоіць атрыманыя веды.

Наш кабінет бяспекі дапамагае атрымліваць той багаж ведаў, які спатрэбіцца для ўдзелу ў конкурсах ратавальнікаў пажарных і ЮІД, алімпіяд па бяспецы.

І ў нас ужо ёсць дасягненні ў гэтым кірунку: нашы хлопцы і дзяўчаты з атрадаў ЮІД і юных ратавальнікаў неаднаразова станавіліся прызёрамі гэтых конкурсаў.

Сёння мы з упэўненасцю можам сказаць: кожнаму гэтыя веды спатрэбяцца ў далейшым жыцці. А “дзякуй” за гэта мы гаворым нашаму карыснаму “Астраўкі бяспекі”!

Арына ГАРАЎЦОВА,
навучэнка 6 класа сярэдняй школы № 3 Быхава.