Астравок бяспекі ў краіне дзяцінства

Па выніках рэспубліканскага конкурсу “Бяспечнае дзяцінства”, які праводзіўся сёлета па ініцыятыве МНС Рэспублікі Беларусь, яслі-сад № 239 Мінска аказаўся на першым месцы, падзяліўшы яго з дашкольным цэнтрам развіцця дзіцяці № 1 Магілёва. Аб тым, што бяспека жыццядзейнасці ў садзе з’яўляецца галоўным прыярытэтам, можна даведацца, завітаўшы на сайт установы, дзе інфармацыя абнаўляецца кожны тыдзень. Калектыў установы на чале з Таццянай Аляксандраўнай Кузьміч робіць усё магчымае, каб дзеці на тэрыторыі сада адчувалі сябе ў бяспецы, каб ім было камфортна і ўтульна.

Візітная картка

Да 2007 года ўстанова належала Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Потым была перададзена на баланс упраўлення адукацыі Мінгарвыканкама. Пасля капітальнага рамонту і мадэрнізацыі ў 2010-м ужо абноўленая ўстанова зноў адчыніла свае дзверы для малышоў. Не прымусілі сябе чакаць і поспехі. У 2011 годзе работа калектыву сада па добраўпарадкаванні тэрыторыі была адзначана як лепшая ў намінацыі “Візітная картка” на конкурсе “Формула сада”.
“Мы ўпрыгожвалі тэрыторыю такім чынам, каб не парушыць, а падкрэсліць арыгінальнасць і непаўторнасць ужо існуючых пасадак. Захавалі “іскрынкі”, якія былі ва ўстанове раней, — расказвае Таццяна Аляксандраўна. — Многія сёння адзначаюць, што наш сад, які атрымаў назву “Сонечны горад”, хоць і знаходзіцца ў цэнтры Мінска, з’яўляецца ціхім “астраўком бяспекі”. Ён нагадвае райскі куточак, дзе можна пачуць спевы птушак і адпачыць сярод зялёных насаджэнняў, якія растуць яшчэ з той пары, калі ўстанова супрацоўнічала з Батанічным садам. Тут можна ўбачыць, напрыклад, дрэвападобную акацыю, нечаканы сімбіёз сасны з дзявочым вінаградам. У першы год пасля “новага” адкрыцця сада мы высадзілі свой ружоўнік. Каля ўваходу ва ўстанову з’явіўся россып бягоній. А наша стылізаваная лавачка і ліхтар падкрэслілі гарадскі стыль. Мы стварылі куточак летняга саду і лясны куток, экалагічную сцяжынку і ўласны агарод. Самых маленькіх дзяцей, якія ўпершыню прыходзяць у сад, чакае сюрпрыз — “арка пераўтварэнняў”, якая служыць не толькі ўпрыгажэннем. Праходзячы праз яе, дзеці нібы перасякаюць сімвалічную мяжу паміж домам і новым, неспазнаным, больш самастойным светам, які чакае іх наперадзе”.

Клопат дарослых

Падчас капітальнага рамонту сада Таццяна Аляксандраўна ўнесла больш за 40 змяненняў у праектна-каштарысную дакументацыю. Узнікалі розныя нюансы падчас будаўнічых і мантажных работ, пры падборы матэрыялаў і абсталявання. Трэба было хутка рэагаваць на сітуацыю. Напрыклад, замест драўляных рашотак на радыятарах вырашылі паставіць металічныя. А ўздоўж лесвіц былі ўстаноўлены дзіцячыя поручні, прычым з двух бакоў, паколькі ёсць дзеці ляўшы. Неабходна было прасачыць, каб агароджа вакол сада была зроблена будаўнікамі належным чынам, каб дзеці не змаглі зрабіць пад ёй падкоп і пралезці за тэрыторыю.
Шмат пытанняў узнікала з мэбляй і надворным абсталяваннем. Усё гэта павінна было быць без шчылін і механізмаў, якія могуць траўміраваць малышоў.
“Калі вы зойдзеце ў сады-новабудоўлі, якія былі ўзведзены ў апошнія некалькі гадоў, то не ўбачыце арэляў, — заўважае Таццяна Аляксандраўна. — Сёння яны не ўстанаўліваюцца. Але ў нас арэлі былі прадугледжаны. Мы пастараліся зрабіць іх бяспечнымі. У ясельнай групе на арэлях на ўзроўні пояса дзіцяці ёсць перакладзінка. У нас няма арэляў на ланцугах, у якія дзеці могуць “закручвацца” і нават куляцца з іх. Калі выбіралі горкі — самы любімы атрыбут дзіцячай пляцоўкі, то вагаліся — з пластыку браць або з дрэва. Пластык на марозе лопаецца, часам і вострыя вуглы ў такіх горак, і іх ужо ніяк не адрамантуеш. Драўляныя — зусім іншая справа. Выбралі горкі і з вышынёй мінімальнай, а на месцы схілаў будаўнікі па нашай просьбе зрабілі мяккае пакрыццё, закупілі і любімыя дзецьмі качалкі-спружынкі (толькі ўмацавалі іх пры дапамозе ланцуга і перакладзіны), і многае іншае, што дорыць сёння незабыўную радасць нашым малышам. Пляцоўка для дзяцей ранняга ўзросту, а таксама спартыўная пляцоўка былі абсталяваны пакрыццём з гумавай крошкі, што таксама папярэджвае дзіцячы траўматызм”.
Калі бацькі ўпершыню прыводзяць дзяцей у сад, Таццяна Аляксандраўна актыўна ўключае іх у сумесную дзейнасць: праводзіць з імі сходы, раздае памяткі з правіламі знаходжання ва ўстанове, абмяркоўвае самыя розныя пытанні. Адно з іх — як належыць прыводзіць і забіраць дзіця. Усім бацькам зрабілі пропускі, у якіх пазначана прозвішча дзіцяці і ўстанова. У дзяжурных на вахце абавязкова ёсць спісы ўсіх выхаванцаў сада. Забіраць дзяцей могуць толькі дарослыя (бацькі, бабулі і дзядулі, нянькі). Братам і сёстрам, якім не споўнілася 16 гадоў, гэтага не дазваляецца. Пры ўладкаванні малыша ў сад бацькі пішуць заяву, дзе пазначаюць, хто будзе яго забіраць, і пакідаюць нумары іх мабільных тэлефонаў. Бацькі павінны прыводзіць дзіця менавіта ў групу, ці, інакш кажучы, непасрэдна перадаваць яго выхавальніку.
Вельмі важным у плане бяспекі з’яўляецца пост дзяжурнага вахцёра. Дзякуючы ўстаноўленым відэакамерам ён мае магчымасць праглядваць усю тэрыторыю сада на спецыяльным маніторы. А на ёй і на прылеглай да ўстановы тэрыторыі ёсць транспартная і пешаходная зоны. І ёсць тыя, хто можа прыпаркаваць машыну ў забароненым месцы. Такім парушальнікам супрацоўнікі сада смела вывешваюць на шкло спасылкі на Правілы дарожнага руху.
“Немалаважнае пытанне — сумеснае з дзецьмі знаходжанне бацькоў на тэрыторыі сада, — гаворыць Таццяна Аляксандраўна. — Ёсць дзеці, якія не хочуць адразу ісці дадому, калі за імі прыходзяць бацькі. Яны яшчэ жадаюць пагуляць на садаўскіх пляцоўках, прадэманстраваць бацькам, якія яны спрытныя і ўмелыя. А тут ёсць вельмі важны момант. З выхавальнікам днём дзеці займаюцца на пляцоўках, адаптаваных да іх узросту і толькі ў сваёй групе. На другіх пляцоўках, абсталяваных па-іншаму, іх можа падсцерагаць небяспека. Таму і я, і ўсе выхавальнікі патрабуем, каб бацькі не дазвалялі дзецям бегаць па ўсёй тэрыторыі сада і кантралявалі ўсе іх перамяшчэнні. Аднойчы давялося назіраць, як тата, забраўшы дзіця, уладкаваўся на лавачцы з ноўтбукам, а хлопчык тым часам залез на пажарную лесвіцу. Іншы раз і саміх бацькоў “знімаем” з дзіцячых качалак і напамінаем, што трэба весці дзіця дадому”.

Што? Навошта? І чаму?

На сайце ясляў-сада № 239 Мінска інфармацыя абнаўляецца кожны тыдзень. Тут размяшчаюцца цікавыя відэаролікі пра дзяцей. Пачаў працаваць метадычны партал. У раздзеле “Бацькам” ёсць асобная старонка “Бяспечнае дзяцінства”, на ёй розныя закладкі па карысных тэмах, з рознымі фактамі надзвычайных сітуацый, якія могуць здарыцца ў побыце, а таксама кансультацыі для бацькоў і пазнавальныя прэзентацыі для дзяцей, якія бацькі могуць праглядаць разам з дзецьмі дома.
Асаблівай увагай карыстаюцца матэрыялы, узятыя з сайта Міністэрства па НС Рэспублікі Беларусь. А менавіта з раздзела “Жывы эфір”, дзе ў рэжыме жывога запісу бацькі могуць праслухаць ролік, даведацца, напрыклад, аб выкліку ратавальнікаў да 5-гадовай дзяўчынкі ў Слоніме (яна сядзела на поручнях балкона, а ў кватэры заставаліся зачыненымі двое маленькіх дзяцей). Сітуацыя магла завяршыцца нават трагічна, калі б выпадковыя прахожыя не звярнулі на гэта ўвагу і не адрэагавалі правільна. Бацькі могуць праслухаць інфармацыю аб ўзнікненні пажару і выратаванні людзей у Пружанскім раёне. Па статыстыцы наведванняў сайта ўстановы (у дзень больш за 1000 праглядаў) можна зрабіць выснову, што размешчаная тут інфармацыя запатрабаваная. Пры выкарыстанні надзвычайных звестак на сайце даюцца прамыя спасылкі на афіцыйны сайт МНС. Такім чынам, дашкольная ўстанова стала своеасаблівым пасрэднікам паміж бацькамі і службамі ратавання.
На сёння ў кожнай групе сада аформлены куток пажарнай бяспекі. Да яго стварэння і дзеці, і выхавальнікі падыходзілі творча. У адной групе, напрыклад, ён уяўляе “пажарную часць” у мініяцюры, у другой — дзеці перайначвалі вядомыя казкі на новы “пажарны” лад, а самыя маленькія стварылі “пажарную каманду”. Былі абсталяваны таксама два рэсурсныя цэнтры па АБЖ: гульнявы цэнтр “Юны пажарны” (для дзяцей першай і другой малодшых груп) для арганізацыі тэматычных сюжэтных гульняў і рэсурсны цэнтр “Астравок пажарнай бяспекі” (для выхаванцаў сярэдняга і старэйшага ўзросту). У яго дзейнасці акцэнт зроблены на дыдактычных гульнях. У рэсурсных цэнтрах сабраны разнастайныя метадычныя распрацоўкі і наглядна-дэманстрацыйны матэрыял па тэме, адпаведныя вырабы, роставыя лялькі.
Дзеці засвойваюць карысныя веды, калі рыхтуюць праекты, якія афармляюць у выглядзе кніжачкі або газет ці часопісаў. Спрыяюць засваенню і практычныя заняткі, мэта якіх — навучыць хуткасці і паслядоўнасці дзеянняў у надзвычайнай сітуацыі, калі трэба ратавацца ад агню і дыму. На заняткі па запрашэнні Таццяны Аляксандраўны прыходзяць супрацоўнікі МНС. З якім энтузіязмам выхаванцы прымаюць удзел у гульнях-драматызацыях, сюжэтна-ролевых гульнях, падчас якіх яны “трапляюць” у самыя нечаканыя сітуацыі і знаёмяцца з прафесіяй ратавальніка! Для дзяцей выхавальнікі ладзяць экскурсіі па пакоях розных груп з мэтай пазнаёміць іх з куткамі пажарнай бяспекі, сістэмай апавяшчэння, сродкамі тушэння пажару, эвакуацыйнымі шляхамі.
Адной з намінацый конкурсу “Бяспечнае дзяцінства” з’яўляецца “Дыдактычная гульня”. Калектыў 239-га ясляў-сада прадставіў на конкурс уласную настольна-друкаваную гульню “Што? Навошта? І чаму?”. Гульня зроблена з лёгкага матэрыялу з выкарыстаннем у афармленні яркіх дэталяў. Яна фактычна спалучае ў сабе 8 асобных гульняў і ўяўляе гульнявое поле, у цэнтры якога стрэлка, што круціцца. Поле падзелена на 8 сектараў, у кожным з якіх размешчаны канверты з заданнямі. Ёсць сектар з заданнямі пра ўласцівасці прадметаў і хуткасць іх узгарання, а таксама сектары “Што спатрэбіцца пры пажары”, “Каму што трэба”, “Складзі карцінку”, “Дапоўні прыказку” (пры дапамозе бліц-апытання), “Даведайся па апісанні” (што, напрыклад, у “Чорнай скрыні”), “Разумны камп’ютар” (які дазваляе правільна выканаць заданні), “Скрыпічны ключ”. Для таго, каб наладзіць гульню, патрэбны чорная скрыня, табло, пясочны гадзіннік, самаробны камп’ютар і… музычнае суправаджэнне. Да гульні прыкладаецца падрабязнае апісанне з усімі яе спосабамі, а таксама задачамі і магчымымі варыянтамі рашэнняў. Ёсць і электронны варыянт гульні.

Лета ў “Сонечным горадзе”

Уся тэрыторыя ўстановы штодня, асабліва летам, кантралюецца супрацоўнікамі: на ёй не павінна быць калдобін, камянёў, вострых прадметаў, непажаданых раслін і грыбоў. Не адзін раз за лета скошваецца трава, па ўсім двары — ідэальна дагледжаныя газоны. Гэта абараняе дзяцей ад кляшчоў і дапамагае выхавальнікам хутка заўважаць на зямлі небяспечныя прадметы.
“Летам, як правіла, усе заняткі аздараўленчай і эстэтычнай накіраванасці з дзецьмі праходзяць на тэрыторыі, — гаворыць Таццяна Аляксандраўна. — Выносіцца на двор гульнявое і спартыўнае абсталяванне, на кожнай пляцоўцы пад навесамі ўстанаўліваюцца сталы. Мы просім бацькоў дапамагчы нам у тым, каб у дзяцей у летні перыяд было ўсё самае неабходнае. І бацькі набываюць, напрыклад, палаткі, каб дзеці ў спякотнае надвор’е не хаваліся ўвесь час ад сонца ў альтанках, а маглі наладзіць цікавую гульню на палянцы каля палаткі, адправіцца, скажам, у “захапляльны турпаход”.
Асаблівасць лета ў тым, што колькасць дзяцей, якія наведваюць дзіцячы сад, змяншаецца амаль удвая. Таму групы аб’ядноўваюцца, і з дзецьмі часта знаходзяцца педагогі, якія многіх з іх ведаюць не вельмі добра. Каб папярэдзіць надзвычайныя сітуацыі, усім выхавальнікам у летні перыяд даводзіцца быць асабліва пільнымі, каб і ў дзяцей, і ў іх бацькоў засталіся толькі прыемныя ўспаміны і пра лета, і пра сад.
Пра свае летнія прыгоды малышы
239-га сада могуць расказаць дарослым і дзецям у незвычайнай форме. Адзін з раздзелаў сайта ўстановы называецца “Старонка поспеху”. На ёй дзеці ў кароткіх відэароліках дзеляцца цікавымі гісторыямі са свайго жыцця, змястоўна выказваюцца па пэўных тэмах, расказваюць пра сваё хобі. Раскрываць таленты будучых зорак дапамагаюць журналісты і карэспандэнты праграмы сталічнага тэлебачання “Раніца. Студыя добрага настрою”.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.