Астравок бяспекі

Вучэбна-трэніровачная пляцоўка па правілах дарожнага руху “Астравок бяспекі” створана ў гімназіі Смаргоні.

— Самую вялікую небяспеку для нашых дзяцей сёння ўяўляюць дарогі з вялікай інтэнсіўнасцю руху. Менавіта для стварэння бяспечных умоў жыцця, навучання дзяцей правілам паводзін на дарогах у 2016 годзе гімназія прыняла ўд зел у конкурсе ініцыятыў у рамках праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, — расказвае дырэктар гімназіі Смаргоні Ірына Дурэйка. — Ініцыятыва была дапрацавана і пашырана да стварэння на базе гімназіі акадэміі “Святлафор Святлафорыч”, а пры падтрымцы раённага Савета дэпутатаў, Смаргонскага райвыканкама мы атрымалі грант у памеры 10 тысяч еўра. Асноўным каардынатарам праекта ў гімназіі з’яўляецца педагог-арганізатар Ганна Піталенка.

Сёлета акадэмію “Святлафор Святлафорыч” скончылі першыя навучэнцы — 26 чалавек, якія ў рамках шостага школьнага дня на працягу 64 вучэбных гадзін атрымлівалі веды па бяспецы дарожнага руху. Дыпломы ім уручылі падчас урачыстасці з нагоды адкрыцця вучэбна-трэніровачнай пляцоўкі. Гасцямі свята сталі педагогі і вучні гімназіі, жыхары мікрараёна, начальнік упраўлення адукацыі Смаргонскага райвыканкама Ігар Счастны, каардынатар праекта ПРААН Сяргей Салей.

На сродкі праекта ў гімназіі быў абсталяваны кабінет па вывучэнні правіл дарожнага руху, набыты веласіпеды і самакаты, якія будуць выкарыстоўвацца на занятках на вучэбна-трэніровачнай пляцоўцы.

Як адзначыла дырэктар гімназіі, пляцоўка, адкрыццё якой было прымеркавана да 515-годдзя Смаргоні, ужо стала папулярнай сярод дзяцей мікрараёна.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Алы КУРЫЛЕНКА.