Астравок навукі, творчасці і матывацыі

- 13:09Адукацыйная прастора

У гімназіі № 1 Баранавіч адкрыўся STEM-клас, які стаў чацвёртым па ліку ў гэтым горадзе. У святочным мерапрыемстве ўдзельнічалі начальнік упраўлення па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама Таццяна Шастак, дырэктар асацыяцыі па садзейнічанні развіццю адукацыйных ініцыятыў у галіне дакладных навук і высокіх тэхналогій “Адукацыя для будучыні” Валянціна Чэкан, намеснік дэкана інжынернага факультэта БарДУ Наталля Вадап’ян і спонсар праекта выпускнік гімназіі Віталь Сапешка.

Педагогі, вучні і іх бацькі рыхтаваліся да адкрыцця STEM-класа некалькі месяцаў. Член папячыцельскага савета гімназіі Міхаіл Шлякаў прызнаўся, што калі б 10 гадоў назад бацькам сказалі, што іх дзеці будуць займацца ў STEM-класе 3D-мадэляваннем, праграмаваннем і робататэхнікай, ніхто не паверыў бы. Дзякуючы сумесным намаганням калектыву ўстановы і бацькоў, з’явіўся астравок навукі, творчасці і матывацыі.

— Цікаўныя і таленавітыя вучні змогуць авалодваць у STEM-класе важнымі прыкладнымі навыкамі, без якіх цяжка ўявіць жыццё ў сучасным свеце, — адзначыў дырэктар гімназіі Мікалай Шырко. — Задача педагогаў — дапамагчы рэалізаваць выхаванцам інтэлектуальны і творчы патэнцыял. Гэтаму паспрыяе добрая ІТ-база, прадастаўленая спонсарамі: 10 ноўтбукаў, 5 базавых і 5 рэсурсных камплектаў канструктараў, 3D-прынтар. Мы спадзяёмся, што педагогі і дзеці скарыстаюцца магчымасцямі, якія адкрывае перад імі STEM-клас.

У планах — падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве з БарДУ, якая прадугледжвае актыўнае ўзаемадзеянне з выкладчыкамі і студэнтамі інжынернага факультэта на базе STEM-класа, закупка Lego-канструктараў для малодшых школьнікаў, распрацоўка STEM-урокаў і стварэнне STEM-інкубатара для настаўнікаў.

— STEM-клас павінен падштурхоўваць да самаразвіцця і самаўдасканалення, — лічыць Мікалай Шырко. — Задача гімназіі — не проста ісці ў нагу з часам, а нават апярэджваць яго.

Урачыстае мерапрыемства ўяўляла сабой сувязь мінулага, сённяшняга і будучыні. Госці азнаёміліся з дасягненнямі педкалектыву за 30 гадоў і вынікамі работы па стварэнні інфармацыйнай прасторы, якая садзейнічае ўсебаковаму развіццю дзяцей.

Спонсарам STEM-класа выступіў выпускнік гімназіі Віталь Сапешка, які пасля вучобы ў БДУІР доўгі час працаваў у ІТ-сферы. Ён прыняў удзел у сеансе адначасовай гульні ў шахматы, арганізаванай кіраўніком шахматнага клуба Юрыем Крулікоўскім. Гімназісты ўбачылі, якіх прафесійных вышынь можна дасягнуць дзякуючы настойлівай рабоце, сістэматычным заняткам матэматыкай, замежнымі мовамі і нават шахматамі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.