Астравок памяці

- 11:22Выхаванне

Чвэрць стагоддзя ў беларускамоўнай гімназіі № 2 Барысава функцыянуе музей Афганскай вайны як сімвал памяці і вернасці выканання воінскага абавязку, мужнасці і адвагі воінаў-інтэрнацыяналістаў. І сёння сюды прыходзяць шматлікія наведвальнікі, каб пакланіцца подзвігу герояў-афганцаў, нашых землякоў, таварышаў па зброі, сяброў, сыноў і каханых.

Музей адкрыты 20 лютага 1993 года і быў на той час адзіным па сваёй тэматыцы ў Беларусі. Ініцыятарамі яго стварэння сталі старшыня Барысаўскай раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Васіль Бараннік, Сяргей Трусаў (у той час намеснік старшыні гарвыканкама), а таксама многія іншыя члены арганізацыі. Матэрыяльна праект падтрымаў воін-інтэрнацыяналіст дырэктар ТАА “Полымя” Валерый Занько.

— Ствараўся музей з мэтай расказаць наведвальнікам праз сабраныя фатаграфіі, дакументы і экспанаты суровую праўду пра падзеі ў Афганістане, — дзеліцца воін-інтэрнацыяналіст, інвалід ІІ групы, маёр у адстаўцы Аляксандр Федаровіч, які з першых дзён і на працягу двух дзесяцігоддзяў з’яўляўся нязменным дырэктарам і экскурсаводам музея. — Вестка пра тое, што ў Барысаве пачалася падрыхтоўка да стварэння першага ў Беларусі афганскага музея, разляцелася далёка за межы краіны. У адрас стваральнікаў сталі прыходзіць лісты і бандэролі з фотаздымкамі, дакументамі са многіх рэспублік былога Саюза. Вялікую колькасць экспанатаў, у тым ліку трафейных, прадаставіў удзельнік вайны ў Афганістане, вядомы пісьменнік і палітык Мікалай Іванавіч Чаргінец. Пасільную дапамогу ў афармленні экспазіцыі аказаў мастак і гісторык Ігар Васільевіч Гарбуноў, дацэнт кафедры дызайну мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.

Кожны экспанат распавядае сваю гісторыю афганскай вайны, суровую праўду пра тыя падзеі. За чвэрць стагоддзя музей наведала больш за 3 тысячы чалавек. Праведзена каля 400 экскурсій для навучэнцаў і дарослых дэлегацый не толькі з Барысава, але і з розных рэгіёнаў Беларусі, Расіі, Украіны, Балгарыі, Германіі, ЗША. Асаблівую ўвагу наведвальнікаў прыцягваюць фатаграфіі ўраджэнцаў Барысаўшчыны (больш за два дзясяткі), якія загінулі, змагаючыся на горных сцежках, перавалах і цяснінах.

— Для цяперашніх гімназістаў Вялікая Айчынная вайна, баявыя дзеянні ў Афганістане — гэта далёкія старонкі мінулага. Таму вельмі важна мець такі астравок памяці, галоўнай задачай якога з’яўляецца фарміраванне ў будучых абаронцаў Айчыны патрэбы ў вывучэнні гісторыі сваёй краіны, усведамлення подзвігу іх бацькоў і дзядоў. Для кожнага вучня гімназіі ратны подзвіг воінаў-афганцаў з’яўляецца прыкладам патрыятызму, адвагі, самаахвярнасці, вернасці выкананаму абавязку, — адзначае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Кацярына Ракіцкая.

Вялікую працу па патрыятычным выхаванні гімназістаў праводзіць выкладчык гісторыі Сяргей Дакука, які па сумяшчальніцтве ўзначальвае музей афганскай вайны. Сяргей Іванавіч — настаўнік па прызванні з 30-гадовым педагагічным стажам і вялікі энтузіяст-наватар. Пад яго кіраўніцтвам навучэнцы ахоплены гуртковай працай, праводзіцца пошукавая дзейнасць па аднаўленні абставін гібелі ўсіх землякоў-афганцаў. Музей працягвае жыць і напаўняцца новымі ўнікальнымі здымкамі і дакументамі. Праводзіць карпатлівую працу па патрыятычным і духоўным выхаванні маладой змены абаронцаў Айчыны педагогам дапамагаюць вайскоўцы падшэфнай 740-й зенітнай ракетнай брыгады. Атрымаўшы ў сценах гімназіі грунтоўную патрыятычную загартоўку, некаторыя вучні выбіраюць гераічную прафесію абараняць Радзіму.

Мікалай МАКАРЭВІЧ.
Фота аўтара.