Астудзіць адчайных і нястрыманых

- 12:22Сацыяльны ракурс

Як пазбегнуць правапарушэнняў і іх рэцыдываў сярод падлеткаў?

Прафілактыка правапарушэнняў сярод падлеткаў, іх рэсацыялізацыя — справа настолькі ж няпростая, наколькі важная. Шмат пра гэта пішу і даўно пераканалася: такая работа прыносіць плён, калі вядзецца паслядоўна, комплексна, з наладжваннем супрацоўніцтва ўсіх зацікаўленых бакоў. А яшчэ — праз індывідуальны падыход да кожнага падлетка, які так або інакш уступіў у  канфлікт з законам. Пры гэтым стандартныя, тыповыя метады, якія даўно выкарыстоўваюцца, не заўсёды даюць належны эфект: час ідзе і патрабуе новых падыходаў.

Навучанне педагогаў.

Новыя тэхналогіі

Мінскі гарадскі конкурс на лепшы сацыяльны праект, накіраваны на прафілактыку правапарушэнняў у мала­дзёжным асяроддзі, мае на мэце якраз пошук сучасных падыходаў да вырашэння праблемы. Сацыяльна-педагагічны цэнтр з прытулкам Ленінскага раёна сталіцы ўдзельнічаў у конкурсе (5-м па ліку) упершыню і адразу паспяхова — праект, прадстаўлены СПЦ, стаў адным з лепшых у намінацыі для ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і сацыяльна-педагагічных устаноў.

Рэалізацыя праекта “Укараненне  ва ўстановах Ленінскага раёна г.Мінска мадэлі тэхналогіі кейс-мене­джменту ў рабоце з падлеткамі ў канфлікце з законам”, была запланавана на 2019—2021 гады, зараз прахо­дзіць яго абагульняючы этап. У рэалізацыі праекта СПЦ не адзінокі, у яго нямала партнёраў: камісія па справах непаўналетніх Ленінскага раёна Мінска, Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі, дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “Свет без меж”, установы адукацыі раёна. 

Ідэя ў свой час нарадзілася пасля ўдзелу цэнтра ў праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Сацыяльныя паслугі для падлеткаў у канфлікце з законам”, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у 2019 годзе. Спецыялісты СПЦ прайшлі навучанне кейс-менеджменту: арганізацыі індывідуальнага падыходу ў кожным канкрэтным выпадку, комплекснаму, сістэмнаму механізму збору інфармацыі, ацэнцы і планаванню работы з канкрэтным падлеткам. Свой праект на аснове новых ведаў стварыў аўтарскі калектыў, які ўзначаліла дырэктар СПЦ Аксана Васільеўна Говен і ў які ўвайшлі загадчык аддзела прафілактыкі і комплекснай рэабілітацыі Юлія Ула­дзіміраўна Русаковіч, педагогі-псіхолагі аддзела Ганна Леанідаўна Іванова і Леанід Міхайлавіч Пракаповіч. 

— Калі мы навучаліся кейс-менеджменту, працавалі з падлеткамі (было ахоп­лена 89 непаўналетніх), то ўбачылі, што выкарыстанне яго тэхналогій дазваляе максімальна ўлічваць патэнцыял рэабілітацыйнай прасторы дзіцяці, яго асобасныя асаблівасці, жыццёвую сітуацыю, сацыяльнае акружэнне і наяўнасць рэабілітацыйных рэсурсаў, — дзеліцца Ю.У.Русаковіч. — Аднак відавочнай была не толькі станоўчая дынаміка ў рабоце з падлеткамі, але і неабходнасць укаранення кейс-метаду ў практыку выхаваўча-прафілактычнай работы. А для гэтага трэба было навучыць педагогаў сучасным метадам і сродкам прафілактыкі, дыягностыкі і карэкцыі паво­дзін падлеткаў.

Новыя магчымасці

У пачатку мінулага навучальнага года на базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра пачала працаваць педагагічная майстэрня для спецыялістаў СППС “Прымяненне ў рабоце з падлеткамі ў канфлікце з законам тэхналогій кейс-менеджменту”. 

Першае, што зрабілі ў майстэрні, — правялі апытанне педагогаў раёна. Высветлілася, што такія тэхналогіі ў рабоце з падлеткамі ў канфлікце з законам вядомы толькі 10,9% спецыялістаў, 67,2% чулі пра іх, але не задумваліся аб іх выкарыстанні, 21% даведаліся пра гэтыя тэхналогіі ўпершыню. 

Заслужаны дыплом.

— Занепакоіў нас і той факт, што толькі 3% рэспандэнтаў заявілі аб перавагах кейс-метаду ў параўнанні з іншымі, — расказвае Ю.У.Русаковіч. — Аднак стымулам для нас паслужыла жаданне 68% спецыялістаў прайсці навучанне. Мы распрацавалі цыкл заняткаў для педагогаў раёна па выкарыстанні тэхналогій кейс-менеджменту ў рабоце з падлеткамі ў канфлікце з законам. Падчас інтэрактыўнага навучання спецыялісты набывалі навыкі дыягностыкі па структураваным метадзе ацэнкі рызык і магчымасцей, пастаноўкі мэт па прынцыпах SMART, планавання дапамогі падлетку пры непасрэдным удзеле яго самога, маніторынгу выканання плана дапамогі.

Вынікі анкетавання педагогаў парадавалі спецыялістаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Калі ў верасні 2019 года толькі 3% педагогаў адзначалі перавагі кейс-метадалогіі ў параўнанні з іншымі методыкамі, то пасля навучання дыягностыцы па структураваным метадзе ацэнкі рызык і магчымасцей 96% спецыялістаў палічылі мэтазгодным выкарыстанне гэтай тэхналогіі і выказалі гатоўнасць працягнуць навучанне. 32% рэспандэнтаў на момант апытання ўпэўнена выкарыстоўвалі на практыцы дыягностыку АРМ.

Якія магчымасці кейс-метаду адзначаюць педагогі? 86% рэспандэнтаў заўважалі яго практычную накіраванасць і лічаць, што гэты метад дазваляе кампенсаваць выключна традыцыйныя формы работы і дае большую выніковасць у рэсацыялізацыі падлеткаў. 77% тых, хто прайшоў анкетаванне, адзначылі інтэрактыўны фармат кейс-метаду, што забяспечвае матывацыю падлетка на пазітыўныя змены за кошт высокай эмацыянальнай уключанасці і актыўнага ­ўдзелу най­бліжэйшага акружэння дзіцяці. Удзельнікі паглыбляюцца ў сітуацыю: у кейса ёсць галоўны герой (падлетак), на месца якога каманда сябе ставіць і вырашае праблему ад яго імя. Акцэнт пры рабоце з непаўналетнім робіцца не на гатовых ведах, а на іх выпрацоўцы. 

Для 82% апытаных важныя канкрэтныя навыкі. Кейс-метад дазваляе ўдасканальваць “мяккія навыкі” (soft skills, уніфікаваныя навыкі і асабістыя якасці, што павышаюць эфектыў­насць работы і ўзаемадзеяння з іншымі лю­дзьмі), неабходныя ў рэальным працэсе станоўчых змен асобы. 

Кейс-тэхналогія — гэта метад актыўнага праблемна-сітуацыйнага аналізу, заснаваны на навучанні шляхам вырашэння канкрэтных задач-сітуацый (кейсаў). Саsus (лат.) — заблытаны, незвычайны выпадак; case (англ.) — партфель, чамаданчык. Тыпы кейсаў: трэніровачны і навучальны.

Новае асяроддзе

Юлія Уладзіміраўна  расказвае, што зараз у раёне ў сацыяльна небяспечным становішчы знаходзяцца 194 дзіцяці з 111 сем’яў. Работа з гэтымі непаўналетнімі накіравана на ліквідацыю прычын і ўмоў, што прывялі да ўзнікнення дрэннай для дзяцей сітуацыі. З 97 навучэнцамі вядзецца індывідуальная прафілактычная работа, і практычна ва ўсіх установах адукацыі праграмы такой работы распрацаваны на аснове тэхналогій кейс-менеджменту.  

На думку аўтараў праекта, яго ўстойлівасць і далейшае развіццё прадвызначаюцца стратэгіяй развіцця і выкарыстання тэхналогіі кейс-менеджменту ў рабоце з падлеткам, а менавіта ў пашырэнні ва ўстановах адукацыі раёна спектра паслуг па аказанні сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай дапамогі падлеткам. А гэта забеспячэнне правоў дзяцей на атрыманне кваліфікаванай сацыяльна-педагагічнай, псіхалагічнай і іншай дапамогі з боку дзяржаўных устаноў з прыцягненнем рэсурсаў грамадства і іншых суб’ектаў прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх; дыягностыка падлеткаў па ацэнцы рызык далейшай крыміналізацыі і магчымасцей для рэабілітацыі і рэсацыялізацыі; распрацоўка плана работы з канкрэтным выпадкам разам з падлеткам і яго найбліжэйшым акружэннем і мультымедыйнай камандай спецыялістаў; выкарыстанне інавацыйных форм работы з падлеткамі.

— Для вывучэння таго, як спецыялісты ўстаноў адукацыі ўкараняюць кейс-метад у практыку, мы распрацавалі паказчыкі і крытэрыі эфектыўнасці яго выкарыстання, праводзім маніторынгі, — расказвае мая суразмоўніца. — Яны сведчаць пра зацікаўленасць педагогаў у выкарыстанні новых форм і метадаў работы: па выніках мая 2021 года ўзровень засваення кейс-метаду склаў 80%. Важна і тое, што мы бачым, як выкарыстанне кейс-тэхналогіі матывуе падлеткаў на пазітыўныя змяненні, дазваляе ім пазбегнуць здзяйснення паўторных правапарушэнняў. 

Такім чынам, праект даволі вынікова рэалізоўваецца ў раёне, дае магчымасць вызначэння адзінага падыходу да прафілактычнай работы з падлеткамі на аснове тэхналогіі кейс-мене­джменту. Акрамя таго, у выніку рэалізацыі праекта ў раёне ствараецца якасна новае канкурэнтнае асяроддзе, якое забяспеч­вае фарміраванне ў педагогаў патрэбы ў прафесійным самаўдасканаленні, самарэалізацыі і асабістым удзеле ў выкарыстанні кейс-метаду. 

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва СПЦ з прытулкам Ленінскага раёна Мінска.