Асвечаныя імем Ефрасінні

ХІІІ Свята-Ефрасіннеўскія педагагічныя чытанні “Духоўна-маральная аснова патрыятычнага выхавання” адбыліся ў Полацку. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Беларуская Праваслаўная Царква Маскоўскага Патрыярхату, Полацкае епархіяльнае ўпраўленне, Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Бацькі і настаўнікі за адраджэнне праваслаўнай адукацыі” і аргкамітэт Міжнароднага дабрачыннага фонду “Сям’я — Яднанне — Айчына”.

— У сучасных умовах усё больш актуальнай праблемай грамадства і дзяржавы становяцца тэарэтычныя асновы, змест і практычныя тэхналогіі выхаваўчай работы, якая забяспечвае фарміраванне высокіх патрыятычных якасцей у падрастаючага пакалення. Неад’емнай часткай выхавання патрыятызму, грамадзянскай адказнасці моладзі з’яўляецца духоўна-маральны кампанент, — падкрэсліла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Ірына Драздова. — Падрыхтоўка моладзі да ўдзелу ў жыцці грамадства мае прынцыповае палітычнае і сацыяльнае значэнне. Сёння жыццё прад’яўляе высокія патрабаванні да чалавека, зместу яго інтэлектуальнага і маральнага патэнцыялу. А ўстановы адукацыі набываюць функцыю аб’яднальных цэнтраў сумеснай выхаваўчай дзейнасці.
У рамках педагагічных чытанняў на Полаччыне былі праведзены тэматычныя выставы “Прападобнай Ефрасінні Полацкай прысвячаецца” ў бібліятэках устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, прэзентацыя кабінета духоўна-маральнага выхавання і кабінета-экспазіцыі “Полацк духоўны” ў сярэдняй школе № 1. Галоўныя падзеі разгарнуліся ў сярэдняй школе № 18 імя Ефрасінні Полацкай. Акрамя пленарных пасяджэнняў форуму і абмеркавання праблемнага кола чытанняў за круглым сталом тут прайшлі дзень адкрытых дзвярэй у духоўна-асветніцкім цэнтры, раённая выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці грамадзянска-патрыятычнага і духоўна-маральнага напрамкаў, фотавыстава “Патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне на Полацкай зямлі”, раённая канферэнцыя навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і рэгіянальная канферэнцыя педагагічных работнікаў. Па традыцыі чытанні мелі выразную практычную скіраванасць. Выступоўцы на прыкладах расказвалі, як выхоўваюцца дзеці на праваслаўных духоўных і маральных каштоўнасцях і якія вынікі гэта дае, абмяркоўвалі вопыт супрацоўніцтва органаў кіравання адукацыяй, устаноў адукацыі, грамадскіх аб’яднанняў і Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Стаць свядомым патрыётам

— У наш нялёгкі час асабліва важным з’яўляецца глыбокае разуменне паняцця “патрыятызм”, пазнанне датычнасці да таго, што адбываецца навокал, імкненне ўсімі сіламі захаваць крохкі мір, — адзначыла навучэнка 10 класа сярэдняй школы № 15 Полацка Яніна Аўтух. — Аднак да таго моманту, пакуль мы блізка не сутыкнуліся з практычнай дзейнасцю па патрыятычным выхаванні, мы гэта разумелі толькі на ўзроўні ўсведамлення. Гэта пацвярджае даследаванне “Патрыятызм сёння”, праведзенае старшакласнікамі школы ў 2013 годзе. Мы выявілі мноства праблем — ад негатыўнага стаўлення да вайсковай службы, таго, што большасць з нас саромеюцца спяваць гімн сваёй краіны, свайго горада да вельмі трывожных змен у маральных арыенцірах, калі пры размеркаванні па ступені важнасці паняццяў “любоў да радзімы, багацце, адукацыя, прэстыжная праца, дарагая кватэра, новы аўтамабіль, верныя сябры” большасць навучэнцаў аддала перавагу матэрыяльным выгодам. Статыстыка канстатуе рост падлеткавай злачыннасці, наркаманіі, таксікаманіі. Адной з асноўных прычын такіх вынікаў з’яўляецца неадпаведнасць слова і справы. Перад намі паўстала пытанне: што мы можам зрабіць, каб змяніць сітуацыю?
Так юная ўдзельніца чытанняў ахарактарызавала перадумовы стварэння ў роднай школе ваенна-патрыятычнага клуба. Трэба сказаць, што традыцыйна ў ліку прыярытэтных напрамкаў выхаваўчай работы ўстановы адукацыі было грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. На працягу многіх гадоў школа актыўна супрацоўнічала з вайсковымі часцямі Полацкага гарнізона, на яе базе дзейнічаў клуб “Патрыёт”. Але пасля расфарміравання вайсковай часці № 49510 работа спынілася. У 2013 годзе на базе профільнага фізіка-матэматычнага класа быў арганізаваны клуб “Святагор”. Зараз паміж установай адукацыі і Інстытутам пагранічных войск падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве і зацверджаны праграма работы клуба, Статут і механізм рэалізацыі вучэбных і трэніровачных заняткаў. Куратарамі аб’яднання з’яўляюцца ветэран пагранічных войск Рэспублікі Беларусь, удзельнік ваенных дзеянняў у Афганістане, галоўны спецыяліст па абаронна-мабілізацыйных пытаннях праваахоўнай дзейнасці Полацкага райвыканкама Андрэй Даўгіх і намеснік камандзіра Полацкага пагранічнага атрада па ідэалагічнай рабоце Аляксей Буйніч. Асноўнымі задачамі ўдзельнікі клуба абралі выхаванне патрыятызму, маральных і духоўных каштоўнасцей, вывучэнне ваеннай справы, фізічную загартоўку, падрыхтоўку да паступлення ў ваенныя ВНУ краіны. Работа вядзецца па 4 прыярытэтных кірунках: героіка-гістарычным, турысцка-краязнаўчым, ваенна-патрыятычным, духоўна-маральным. Непасрэдны ўдзел у масавых мерапрыемствах клуба прымаюць і бацькі навучэнцаў. Хаця “Святагор” толькі пачаў сваю дзейнасць, яго сябры ўжо праявілі сябе як актыўныя ўдзельнікі ўсіх школьных і раённых, шэрага абласных і рэспубліканскіх акцый і конкурсаў. Ёсць пэўныя дасягненні, але ўдзельнікі аб’яднання перакананыя: гэта толькі пачатак, самае значнае, цікавае і карыснае — яшчэ наперадзе.

Пра веру і вернасць

Неабыякавасць да негатыўных працэсаў у грамадскім жыцці, імкненне не проста разважаць, як змяніць сітуацыю, а сумесна і мэтанакіравана дзейнічаць, прычым імкненне, якое ўжо знайшло рэалізацыю ў канкрэтных справах, — вось, напэўна, галоўнае, што аб’ядноўвала выступленні ўдзельнікаў чытанняў. Дзесяцікласнік сярэдняй школы № 18 імя Ефрасінні Полацкай Валянцін Юлдашаў прапанаваў разгорнуты аналіз уплыву грамадства і сям’і на станаўленне асобы будучага абаронцы Радзімы:
— Нават у нашы дні ніхто не палічыць састарэлым кодэкс гонару афіцэра. Ён па-ранейшаму моцны маральнасцю, здольны заахвоціць любога да разважання аб сутнасці воінскай службы, асаблівасцях жыццёвага выбару. На жаль, мала ў наш час хлопцаў, якія імкнуцца адпавядаць званню абаронцы. Па выніках анкетавання сярод старшакласнікаў на пытанне “Ці лічыце вы, што армія робіць з юнакоў сапраўдных мужчын?” палова апытаных адказала станоўча. Аднак, калі б служба ў арміі была добраахвотнай, 70 працэнтаў апытаных хлопцаў ад яе адмовіліся б! Хацелі б стаць афіцэрам або несці службу па кантракце толькі 7 з 50 рэспандэнтаў. Разам з тым у выпадку небяспекі для Радзімы гатоўнасць пайсці добраахвотнікам выявілі 48 чалавек з 50. Што тычыцца маёй сям’і, то заўсёдным прыкладам для мяне былі мае родныя, асабліва дзядулі — таджык Мурат Юлдашаў і ўкраінец Васіль Краўчанка. Яны, дарэчы, разам ваявалі ў Афганістане ў 1980-х і аднымі з першых удзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Я таксама рыхтуюся служыць Радзіме. Мая сям’я будзе мной ганарыцца!
Адзін з самых хвалюючых момантаў форуму наступіў незадоўга да яго завяршэння: Архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Полацкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы Феадосій урачыста ўручыў медалі Беларускай Праваслаўнай Царквы Святой Прападобнай Ефрасінні Полацкай метадысту АПА Марыне Паўлавай, начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Ірыне Драздовай і метадысту вучэбна-метадычнага кабінета Яўгеніі Мурутковай. Граматамі Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла былі адзначаны намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 10 імя Уладзіміра Азіна Вольга Лабанава і Валянціна Трашчанок.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.