Асвятляючы заўтрашні дзень

Light Up Tomorrow — “асвятлі заўтрашні дзень”.Так можна перакласці дэвіз XXVIIІ Сусветнай летняй універсіяды-2015, якая праходзіць у Кванджу (Паўднёвая Карэя). Нездарма яе сімвалам карэйцы абралі крылы свету, якія перадаюць дух, што ўздымаецца з запалам і марамі на крылах усіх 5 акіянаў і 6 кантынентаў. Талісманам жа стаў сімпатычны анёл свету Nuribi, імя якога з’яўляецца камбінацыяй карэйскіх слоў nuri — “у імя свету” і bi — “тое, што лётае”. Nuribi — пасланец усяго добрага і аснова для камунікацыі моладзі ўсяго свету.

На момант падрыхтоўкі нумару да друку беларуская каманда ўнесла сваю частку святла ў гісторыю сусветных універсіяд, заваяваўшы 6 медалёў: адзін залаты, два сярэбраныя і тры бронзавыя. Узнагароды прынеслі такія віды спорту, як лёгкая атлетыка, плаванне і акадэмічнае веславанне. Пакуль Беларусь займае 25-е месца сярод амаль 170 краін свету.
Як вядома, цырымонія адкрыцця сёлетняй летняй універсіяды прайшла на галоўным стадыёне Gwangju World Cup Stadium, які быў пабудаваны да чэмпіянату свету па футболе 2002 года. Сцяг Беларусі падчас цырымоніі адкрыцця нёс бронзавы прызёр папярэдняй Сусветнай летняй універсіяды (Казань, Расія) тэнісіст Андрэй Васілеўскі, які прадстаўляе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Старт студэнцкаму спартыўнаму форуму дала Прэзідэнт Паўднёвай Карэі Пак Кын Хе!
Другі дзень спаборніцтваў прынёс першую ўзнагароду нашай камандзе — уладальнікам сярэбранага медаля стаў вядомы плывец Яўген Цуркін (БДУФК). На дыстанцыі 50 м батэрфляем ён паказаў вынік 23,44 сек., усяго крыху саступіўшы бразільцу Хенрыку дэ Соуза Марцінсу.
Ён жа крыху пазней парадаваў аматараў плавання нашай краіны бронзавым медалём на дыстанцыі 100 м батэрфляем. Першае месца ў гэтай дысцыпліне дасталася расіяніну Яўгену Капцелаву, другое — італьянцу Пьера Кодзіа. А нядаўна Яўген стаў уладальнікам “золата” на дыстанцыі 50 м вольным стылем.
Паказаўшы ў паўфінальным заездзе сярод жаночых двоек другі вынік, спадзяваліся на прызавое месца і нашы вясляркі Хрысціна Стараселец (БДУФК) і Таццяна Клімовіч (ГДУ імя Ф.Скарыны). Яны прапусцілі наперад толькі літоўскі экіпаж Данату Вістартайтэ — Мілду Валчукайтэ, якія маюць тытул чэмпіёнак свету 2013 года ў гэтым класе. Аднак у фінальным заездзе беларускі былі трэцімі. У лідарах, натуральна, літоўскі экіпаж, а на другім месцы ўкраінскі экіпаж Дарына Верхагляд — Яўгенія Німчанка.
Таксама Сусветная летняя ўніверсіяда ў Паўднёвай Карэі аказалася паспяховай для беларускіх лёгкаатлетаў. Кідальнік молата Павел Барэйша з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы заваяваў “серабро” з вынікам 75.75 м. На 74.68 м кінуў молат яго таварыш па камандзе Сяргей Каламоец з Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. А лідарам гэтых спаборніцтваў стаў паляк Павел Файдэк, які кінуў снарад на 80.05 м.
Пакуль што лідарам турнірнай табліцы з’яўляецца каманда гаспадароў. Прадстаўнікі Паўднёвай Карэі лідзіруюць з 73 медалямі (31 залаты, 23 сярэбраныя, 19 бронзавых). На другім месцы каманда Кітая з 56 медалямі (27 залатых, 16 сярэбраных, 13 бронзавых). Замыкае тройку лідараў каманда Расіі з 85 медалямі (22 залатыя, 29 сярэбраных, 34 бронзавыя).
У дзясятку лепшых трапілі такія краіны, як Японія, ЗША, Францыя, Італія, Украіна, Іран і Літва.

Наталля АЛЁХІНА.