Асяроддзе дабрыні

- 14:50Нам пішуць

На жаль, у апошнія гады ў нашай краіне ўсё больш дзяцей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Як правіла, яны з нядобранадзейных сем’яў, таму ў шэрагу выпадкаў адабранне малых у бацькоў — сапраўды неабходная мера.

Часта для дзяцей, якія паступілі ў прытулак, характэрна агульная рыса — парушаная сацыялізацыя, якая мае шырокі спектр праяў: ад няўмення весці сябе за сталом і няздольнасці адаптавацца да незнаёмага асяроддзя, новых абставін да розных праяў дэвіянтных паводзін. У большасці дзяцей развіта пачуццё трывогі і няўпэўненасці ў сабе, адсутнічаюць элементарныя бытавыя навыкі, навыкі асабістай гігіены. Нармальнае сямейнае жыццё для іх — таямніца за сямю пячацямі.

На базе Нараўлянскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра з аддзяленнем прытулку функцыянуе адна рознаўзроставая група, у якой знаходзяцца дзеці ад 3 да 18 гадоў. Як паказвае практыка, менавіта дашкольнікі з вялікай няўпэўненасцю ідуць на кантакт з педагогамі. Для іх тут усё новае: сама абстаноўка, калектыў, рэжым дня, правілы паводзін, самаабслугоўванне, грамадскае жыццё прытулку.

Наша задача — паказаць дзіцяці, што існуе свет, у якім яго разумеюць, прымаюць, хочуць яму дабра, спрабуюць стварыць умовы для таго, каб яно прыняло новую сістэму сацыяльных адносін, асвоілася ў гэтай сістэме і захацела жыць у адпаведнасці з ёй. Менавіта таму кожная сустрэча педагога-псіхолага і сацыяльнага педагога з дзіцем дапамагае малому вырашаць яго цяжкасці, правесці сумесны пошук новых спосабаў паводзін, вырашае ўнутраныя канфлікты.

Немалаважная роля ў паспяховай сацыяльнай адаптацыі дзяцей у сценах нашага прытулку адводзіцца выхавальніку. Штодня сутыкаючыся з нялёгкімі дзіцячымі праблемамі, выхавальнік бачыць, што малыя часта не ўмеюць гуляць і нецягнуцца да гульні, што ўяўленне пра свет у іх практычна адсутнічае. Таму выхавальнік стварае для кожнага дзіцяці рознабаковае развіццёвае асяроддзе, каб даць магчымасць праявіць сябе, развіць пазнавальныя інтарэсы, валявыя якасці, эмоцыі і пачуцці.

Гульня, зносіны — тыя віды дзейнасці, без якіх немагчыма сацыялізацыя дзіцяці, адаптацыя яго ў грамадстве. Менавіта таму работа з дзецьмі дашкольнага ўзросту вядзецца праз эмоцыі з дапамогай гульні, выяўленчай дзейнасці, для чаго ў групе сабрана нямала гульнявога матэрыялу, а таксама матэрыялу для творчай дзейнасці.

У групе ёсць куток “Кухня”: ярка аформленыя талерачкі, кубачкі, каструлі і патэльні, садавіна і гародніна, якія заўсёды выклікаюць у дашкалят непадробную цікавасць. Ёсць ў нашай групе і будаўнічы куток, які складаецца з канструктараў розных відаў, кубікаў рознай велічыні, буйнога і дробнага драўлянага і пластмасавага будаўнічага матэрыялу, з якім ахвотна гуляюць хлопчыкі і дзяўчынкі, абыгрываючы іх у сюжэтна-ролевых гульнях.

У кніжным кутку нашай групы сабраны дзіцячыя кніжкі з вершыкамі, загадкамі, сюжэтныя малюнкі і, вядома ж, казкі, якія нашы малыя так любяць слухаць на ноч.

Хочацца згадаць яшчэ адзін важны аспект развіццёвага асяроддзя — духоўна-маральнае выхаванне. Яго сутнасць — фарміраванне ў дзіцяці паняццяў аб нематэрыяльных каштоўнасцях. Гэта ўсведамленне таго, што сям’я вельмі патрэбна для кожнага чалавека, што трэба паважаць старэйшае пакаленне, выхоўваць у сабе жаданне рабіць добрыя ўчынкі, беражліва ставіцца да прыроды. Частыя госці ў аддзяленні прытулку прадстаўнікі царквы, дзякуючы якім наша група папоўніліся маляўнічымі яркімі асобнікамі дзіцячай Бібліі, кніжкамі з біблейскімі персанажамі.

Ёсць у нас і куток “Каляндар прыроды”, у якім дзеці штодня пад кіраўніцтвам выхавальніка мяняюць дні тыдня, даты, назіраюць за зменамі ў прыродзе, адзначаючы іх у кожным новым месяцы.

Такім чынам, прадметна-развіццёвае асяроддзе нашай невялікай групы выклікае ў дзяцей радасць, дае новыя ўражанні, стымулюе творчую дзейнасць. У той жа час я ўпэўнена, што развіццёвае асяроддзе не можа быць пабудавана канчаткова — яго неабходна папаўняць і абнаўляць.

Святлана СІВАК,
выхавальнік Нараўлянскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.