Асяроддзе поспеху для кожнага дзіцяці

- 10:52Людзі адукацыі

Прыемна час ад часу вяртацца ў тыя месцы, дзе ўжо бываў, і ўбачыць іх яшчэ лепшымі, прыгажэйшымі. Менавіта такое адчуванне было ў мяне падчас наведвання Любушанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, што ў Бярэзінскім раёне.

У гэтай установе я ўпершыню пабывала ў далёкім ужо 1995 годзе, калі дзевяцігадовая школа толькі што набыла статус сярэдняй і пераязджала са старога пасляваеннага ў новы сучасны будынак. Гэта было радаснае наваселле: дзеці атрымалі ў сваё распараджэнне вялікія светлыя класы, спартыўную залу, стадыён. І, забягаючы наперад, хачу сказаць, што ўсё гэта з цягам часу будзе напаўняцца ўсё большай актыўнасцю, зместам і дасягненнямі.

Другі раз я пабывала ў Любушанах 11 гадоў назад. Вёска тады адной з першых на Міншчыне набыла статус аграгарадка, і школа зноў атрымала новае дыханне. Памятаю, мы гутарылі з дырэктарам Аляксандрам Пятровічам Цыбулькам, і ён расказваў, як умацавалася матэрыяльная база школы. Тут з’явілася трэнажорная зала, была набыта вялікая колькасць спартыўнага інвентару, што ў многім спрыяла спартыўным поспехам любушанскіх дзяцей у наступныя гады. Адметнасцю было і тое, што ў школе зусім не было падвазных дзяцей. Усе настаўнікі і навучэнцы былі амаль што суседзямі, усе сем’і адно ў аднаго навідавоку — і выхаваўчыя пытанні вырашаліся проста, амаль што мімаходзь.

Зараз сітуацыя змянілася. Пасля закрыцця дзвюх суседніх школ ранішні падвоз дзяцей у Любушанскую школу ажыццяўляецца двума аўтобусамі з трох напрамкаў. Да самай аддаленай вёскі — 11 кіламетраў. І школа зноў працуе над тым, каб кожнае дзіця атрымала належную ўвагу. І не толькі ў плане дастаўкі, работы з сям’ёй, навучання і выхавання — кожнае дзіця Любушанскай школы павінна мець максімальныя магчымасці для раскрыцця свайго асобаснага патэнцыялу. Такая пазіцыя дырэктара Аляксандра Пятровіча Цыбулькі.

Убачыць дзяцей яшчэ з садка і стварыць для іх сітуацыю поспеху (у вучэбнай, даследчай дзейнасці, у спорце, у творчасці) на ўсе гады навучання ў школе — гэта задача педагагічнага калектыву. І нават калі дзіця, як кажуць, зорак з неба не хапае, але выйдзе са сцен школы дарослым самастойным чалавекам, падрыхтаваным да жыцця, адказным за свае дзеянні, за сваю сям’ю, — гэта ўжо вялікая справа.

“Мне вельмі пашанцавала з калектывам”, — падкрэслівае Аляксандр Пятровіч. Хаця зразумела, што за 14 гадоў дырэктарства гэты калектыў — актыўны, зацікаўлены, творчы — сфарміраваў менавіта ён.

Аляксандр Пятровіч з тых кіраўнікоў, хто заўважае і вялікія, і маленькія поспехі, а таму стараецца заўсёды адзначыць настаўнікаў не толькі матэрыяльна, але і добрым словам (пра што многія, на жаль, забываюць). І ў нашай размове сціплы дырэктар гаворыць пераважна не пра сябе, а пра настаўнікаў і дзяцей.

Трэба сказаць, што для маленькай установы (87 навучэнцаў школы і 35 выхаванцаў садка) тут ёсць значныя дасягненні. Напрыклад, сёлета з 8 выпускнікоў школы — дзве медалісткі. Дзяўчаты пацвердзілі свае медалі высокімі баламі і на цэнтралізаваным тэсціраванні — звыш 90 балаў па біялогіі, беларускай мове і інш. Дзіяна Раткевіч атрымала 100 балаў па нямецкай мове (настаўніца — яе ж бабуля Людміла Аляксееўна Раткевіч). Цэнтралізаванае тэсціраванне сёлета здавалі 7 выпускнікоў, і ўсе яны нацэлены на ўніверсітэты.

Ёсць у Любушанскай школы добрыя поспехі на прадметных алімпіядах, у даследчых конкурсах і спорце. Я прывяду толькі адзін прыклад таго, як настаўнікі індывідуальна працуюць з кожным дзіцем. Калі ў школе з’явіўся хлопчык з відавочнымі футбольнымі здольнасцямі, то настаўнік фізкультуры Віктар Паўлавіч Несцяровіч зрабіў усё, каб гэтыя здольнасці развіць. У пэўны момант хлопчыка запрасілі ў юнацкую групу футбольнага клуба “Тарпеда — БелАЗ”, і здаралася, што настаўнік на ўласнай машыне вазіў свайго падапечнага за 100 км на спаборніцтвы ў Жодзіна. Зараз любушанскі футбаліст ужо скончыў 9 класаў і паступае ў Жодзінскі прафесійны ліцэй, каб стала гуляць у футбол. А каманда Любушанскай школы, дарэчы, сёлета заняла 2-е месца ў раённых футбольных спаборніцтвах.

Аляксандр Пятровіч прасіў асобна адзначыць прафесіяналізм сваіх намеснікаў — Галіны Мікалаеўны Атрошчанка і Алены Яўгенаўны Абазовік. Увогуле ў школе вельмі вопытны і кваліфікаваны калектыў: 8 настаўнікаў з 20 маюць вышэйшую, а астатнія — першую катэгорыю (без катэгорыі застаюцца толькі маладыя спецыялісты).

Усе гады побач з Аляксандрам Цыбулькам працуе яго жонка, настаўніца біялогіі Іна Уладзіміраўна. На рахунку яе навучэнцаў — 2-е і 3-е месцы на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды, спецыяльны прыз міністра адукацыі на заключным, рэспубліканскім, этапе.

Сёлета школу закончыла дачка Аляксандра Пятровіча і Іны Уладзіміраўны. Дар’я Цыбулька вырашыла пайсці па шляху сваіх таленавітых бацькоў і будзе паступаць ва ўніверсітэт фізкультуры на спецыяльнасць, звязаную са спартыўна-педагагічнай дзейнасцю.

А ў верасні Аляксандр Пятровіч разам са сваім калектывам будзе сустракаць ужо новых вучняў, каб падхапіць іх і дапамагаць ім. І любушанскія дзеці будуць ісці праз школьнае жыццё, здабываючы свае маленькія і вялікія перамогі, усведамляючы, што калі захочаш, то ўсё атрымаецца. Бо ў школьным асяроддзі, створаным намаганнямі дырэктара Аляксандра Цыбулькі, ёсць адчуванне магчымасці поспеху. І гэта тое, што натхняе і дзяцей, і настаўнікаў.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота аўтара.