Асяроддзе Scratch дазваляе зазірнуць у будучыню

Папулярызаваць сучасныя інфармацыйна-тэхнічныя кірункі творчасці прызваны абласны конкурс “Погляд у будучыню”, які пачаўся з намінацыі “Scratch-праграмаванне”. Першы этап прайшоў на базе тэхнапарка “Карал”.

Як расказалі ў Гомельскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі, конкурс праводзіцца ў тры этапы — з красавіка па кастрычнік. Першы — “Scratch-пра­грамаванне” — прайшоў у форме хакатону. Для ўдзелу ў праекце “Вялікае вандраванне ў будучыню” прыехалі 19 каманд з розных раёнаў Гомельскай вобласці.

Дзеці на працягу трох гадзін каманднай работы дэманстравалі ўменні і навыкі ў напісанні праектаў. У кагосьці гэта была гісторыя пра вандраванне касманаўтаў на далёкую планету, у некага — гульня пра выратаванне на Марсе… Галоўнае, лічаць арганізатары, ва ўсіх было жаданне зрабіць праект цікавым і неардынарным.

Зместавая частка заданняў адпавядала тэматыцы конкурсу і давала магчымасць праявіць сябе ў галіне праграмавання і алгарытмізацыі. Разнастайнасць рашэнняў, прапанаваных удзельнікамі, паказала не толькі ўпэўненае валоданне імі асяроддзем Scratch, але і высокі патэнцыял, вынаходлівасць і творчыя здольнасці.

Першае месца заваявалі Аляксандр Маслякоў і Уладзіслаў Бяспалы з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Навабеліцкага раёна Гомеля. Другое месца занялі Уладзіслаў Масленка з Гомельскай Ірынінскай гімназіі і Іван Лук’яненка з сярэдняй школы № 60 Гомеля. Трэцяе месца — у Ганны Юсціновіч і Ягора Яўсеенкі з сярэдняй школы № 12 Светлагорска, а таксама ў Генадзя Марцінкевіча з сярэдняй школы № 11 Гомеля.

У чэрвені адбудзецца другі этап конкурсу — “Мультыплікацыя”. Удзельнікам трэба будзе стварыць анімацыйны мультфільм па тэме “Прафесія будучыні”. У кастрычніку на этапе “Трохмернае мадэляванне” ў якасці задання будзе творчы праект “Сацыяльны аб’ект будучыні”.

Заснавальнікі конкурсу — галоўнае ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама і тэхнапарк “Карал”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.