Атамклас для школьнікаў горада атамшчыкаў

- 11:59Навіны рэгіёнаў

Першы ў краіне атамклас адкрыўся ў сярэдняй школе № 3 Астраўца

Па ініцыятыве і пры падтрымцы АТ “Канцэрн “Расэнергаатам” школа з Астраўца стала ўдзельніцай праграмы “Атамкласы”, якая рэалізуецца ў рамках праекта “Школа Расатама”. Такія класы існуюць у дзясятках навучальных устаноў Расіі. Аднак для нашай краіны гэта першы такі клас. І невыпадкова ў горадзе атамшчыкаў. Класы адкрываюцца менавіта там, дзе развіваецца атамная энергетыка. Цяпер у астравецкіх школьнікаў ёсць магчымасць дакрануцца да высокіх тэхналогій, паглыблена вывучаць шэраг школьных прадметаў, а таксама заняцца праектнай і даследчай дзейнасцю па-за базавым школьным курсам фізікі, матэматыкі і інфарматыкі.

Абсталяванне, што прадаставіла для першага ў Беларусі атам­кла­са АТ “Канцэрн “Расэнерга­атам”, дазваляе школьнікам праводзіць самыя розныя даследаванні. Так, лічбавая лабараторыя для пачатковай школы дазваляе вучням набываць навыкі даследавання і выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій для пазнавальных мэт. Сабраныя з канструктара LEGO робаты запраграмаваны для вучэбнага дапаможніка “Месячная адысея” з дапамогай мовы праграмавання Scratch.  Гэта дазваляе пазнаёміцца ў школе з магчымасцямі робататэхнікі, космасам у гульнявой форме, а таксама лепш засвоіць матэрыял урокаў фізікі, матэматыкі і інфарматыкі.

У атамкласе ёсць лічбавая лабараторыя па фізіцы, якая дазваляе праводзіць лабараторныя работы базавага і профільнага ўзроўню, якія ахопліваюць увесь курс фізікі асноўнай школы. А пры дапамозе пераноснай лабараторыі SenseDisc вучні могуць арганізаваць даследчыя і праектныя работы па біялогіі, хіміі, фізіцы. Ёсць і неабходнае абсталяванне для 3D-мадэлявання. Ва ўстанове адукацыі створаны школьны медыяцэнтр.

— У праекце “Атамклас” задзейнічаны не адзін клас, а ўся школа, — расказала дырэктар сярэдняй школы № 3 Астраўца Людміла Сасноўская. —  Мы таксама плануем далучыць да гэтага ўсіх дзяцей раёна. Адзін з напрамкаў праекта — прафарыентацыя. Але гэта не толькі прафарыентацыя на прафесіі, неабходныя на атамнай станцыі. Яна накіравана на сацыялізацыю школьніка, на вызначэнне свайго “Я”, каб ён мог паспрабаваць сябе ў розных галінах. Гэта значыць, удзел у праекце садзейнічае працэсу станаўлення дзіцяці, выбару прафесіі, і не так важна, кім ён захоча стаць: урачом, настаўнікам, выхавальнікам альбо знайсці сябе ў сферы абслугоўвання. Вучні павінны паспрабаваць сябе ў розных галінах, і не толькі звязаных з атамнай станцыяй.

Праектам ахоплены больш за сто вучняў школы, якія задзейнічаны непасрэдна ў аб’яднаннях па інтарэсах, займаюцца вывучэннем прадметаў на павышаным узроўні.

На базе пэўных класаў у школе адкрылі аб’яднанні па інтарэсах. Напрыклад, на базе чацвёртага класа — “Юны даследчык”. Дзеці працуюць з лабараторным абсталяваннем, праводзяць розныя доследы, пішуць свае праекты. І атрымліваюць вынік. Што важна, самастойна, з дапамогай дэманстрацыйнага абсталявання, якое ёсць у школе.

На базе 7 класа працуе аб’яднанне па інтарэсах “Робататэхніка”. Дзеці з дапамогай праграмы Scratch ствара­юць робатаў і пішуць праграмы. Для васьмікласнікаў, дзякуючы таму, што ёсць лічбавая лабараторыя, дэманстрацыйны матэрыял, арганізавана вывучэнне фізікі на павышаным узроўні.

На базе 11 класа створана аб’яднанне па інтарэсах “3D-мадэляванне”. Старшакласнікі ствараюць свае 3D-мадэлі і затым пераносяць іх на 3D-прынтар. Апошняе, што яны зрабілі, — флікер у выглядзе атама. З дроту, які свеціцца ў цем­ры, раздрукавалі мадэль атама, і цяпер яе можна выкарыстоўваць як флікер.

— Пад эгідай “Расатама” летам мы прымалі ўдзел у праекце “Разумныя канікулы”, які тычыўся кіно. Нашы вучні працавалі з вядомымі рэжысёрамі і відэа­аператарамі, спрабавалі ствараць свае відэаролікі і ў выніку занялі 3-е месца сярод 23 школ з розных краін, — расказала кіраўнік школы. — Літаральна днямі нам зноў прапанавалі прыняць удзел у адным з праектаў школы “Расатама”. Да яго могуць далучыцца не толькі класы, якія задзейнічаны ў аб’яднаннях па інтарэсах, але і кожны жадаючы. Гэта творчы праект з удзелам драматургаў, рэжысёраў, акцёраў, музыкантаў і тэлевядучых Масквы, якія навучаць дзяцей мастацтву стварэння відэаролікаў, відэафільмаў. Дзеці будуць здымаць свае невялікія відэаролікі і адпраўляць ім. Праект накіраваны на развіццё камунікацыі дзяцей, каб яны не баяліся рэалізаваць сябе ў грамадстве, паспрабавалі свае сілы ў розных сферах.

 Для куратара праекта школы “Рас­атама” настаўніка матэматыкі Вольгі Алейнікавай атамклас у Астраўцы не першы. Ёй давялося працаваць у школах Расіі, дзе такія класы дзейнічаюць ужо не адзін год. 

— Я працавала ў многіх гарадах атамшчыкаў. Для Расіі гэта не навіна, дзеці ведаюць, што могуць сябе праявіць у пэўнай сферы. Цяпер такія магчымасці адкрываюцца і для Беларусі, пакуль толькі для нашай школы. Але думаю, гэтым не абмяжуецца. Мы толькі пачынаем, адкрываем новыя магчымасці для сваіх вучняў, але ўжо плануем супрацоўніцтва з іншымі школамі, і не толькі Астраўца. Мне падабаецца, што ў праекце школьнікі развіваюцца не толькі ў матэматычнай галіне, але і ў іншых. Добрыя перспектывы адкрываюцца перад пераможцамі алімпіяд, якія праводзіць “Расатам”: у іх ёсць магчымасць паступіць без экзаменаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі Расіі, — адзначыла Вольга Алейнікава.

Школьнікі таксама  могуць выбрац­ь любую сферу, напрыклад музыку альбо мастацтва, і напісаць праект. Хоча нехта стаць музыкантам, але не ведае, як гэта зрабіць, піша праект. “Расатам” разглядае яго і можа прыняць рашэнне спансіраваць. Арганізоўваюцца цікавыя экскурсіі. На жаль, у цяперашні час з-за пандэміі яны прыпынены, аднак астравецкія школьнікі ўпэўнены, што наперадзе іх чакае шмат цікавага і пазнавальнага.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 3 Астраўца.