Атамная энергія ў цэнтры Мінска

- 14:07Навука і інавацыі, Рознае

На базе Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці адбылося тэхнічнае адкрыццё інфармацыйнага цэнтра па атамнай энергіі, які быў створаны ў рамках мемарандума, падпісанага ў чэрвені 2014 года паміж дзяржкарпарацыяй “Расатам” і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Новы цэнтр, адкрыты пры падтрымцы расійскай аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыі “Інфармацыйны цэнтр атамнай галіны”, з’яўляецца першым беларускім і пятым замежным праектам расійскіх партнёраў. Сёння ў Расіі 17 падобных цэнтраў, першы адкрыўся шэсць гадоў назад у Томску. З 2012 года інфармацыйныя цэнтры пачалі з’яўляцца ў краінах, якія выкарыстоўваюць расійскія тэхналогіі для будаўніцтва прадпрыемстваў атамнай галіны. У 2012 годзе інфармацыйныя цэнтры былі адкрыты ў Ханоі (В’етнам) і Мерсіне (Турцыя), у 2013 — у горадзе Дака (Бангладэш), сёлета — у Мінску, а ў 2015 годзе адкрыццё запланавана ў Астане (Казахстан).
“Нам важна расказваць падрастаючаму пакаленню пра тое, што ўяўляе сабой атамная энергія, — адзначыла дырэктар інфармацыйнага цэнтра атамнай галіны Марыя Паўлаўна Уварава. — Важна, каб людзі, якія заўтра будуць дарослымі, разумелі прыроду радыяцыі. Упэўнена, што мінскі цэнтр стане тым месцам, куды не проста прывозяць дзяцей са школы, а куды сапраўды хочацца прыйсці”.
Намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Алена Васільеўна Галаўнёва падкрэсліла актуальнасць стварэння цэнтра. На яе думку, сёння прыйшоў час пераасэнсавання негатыўнай рэпутацыі атамнай энергіі і правядзення шырокай інфармацыйнай кампаніі.
Задачамі новага інфармацыйнага цэнтра па атамнай энергіі вызначаны як інфармацыйна-асветніцкая дзейнасць, так і павышэнне прэстыжу тэхнічных спецыяльнасцей сярод студэнтаў, а таксама актывізацыя пазнавальнай і творчай дзейнасці школьнікаў. Стваральнікі цэнтра ўпэўнены, што сучасны высокатэхналагічны кінатэатр, які спалучае панарамную 3D-праекцыю, камп’ютарную графіку, анімацыю, стэрэагук і інтэрактыўныя кансолі, з задачамі справіцца.
Падчас тэхнічнага адкрыцця цэнтра яго першыя госці маглі не толькі пазнаёміцца з відэапраграмай “Свет атамнай энергіі”, але і сабраць “атамны рэактар” сваімі рукамі.
“Цэнтр адкрыты для наведвання, у ім запланаваны шэраг мерапрыемстваў рэгіянальнага і рэспубліканскага маштабу, — адзначыла яго дырэктар Таццяна Анатольеўна Шлык. — У студзені педагогаў чакае семінар “Будучыня атамнай энергетыкі”. Таксама запланавана канферэнцыя “Выкарыстанне атамнай энергіі ў галінах народнай гаспадаркі, навукі і тэхнікі”. Цікавым будзе форум “Радыяцыйная і экалагічная бяспека. Эфектыўнасць атамнай энергетыкі”. Спадзяёмся, што шырокае распаўсюджанне набудзе праект “Інфармацыйная школа атамшчыкаў”, а таксама рэспубліканская выстава творчых работ “АЭС будучага”.
Асобную секцыю атамная энергія набудзе ў рамках Рэспубліканскага конкурсу інавацыйных творчых ідэй “Мая ініцыятыва”. Аматары прыгожага змогуць прыняць удзел у рэспубліканскіх конкурсах фотаработ “Атамная энергія ў аб’ектыве” і Рэспубліканскім конкурсе малюнкаў “Горад будучыні”.
Акрамя кінатэатра, інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі абсталяваны макетамі ўніверсальнага радыяметра і сістэмы бяспекі АЭС, сэнсарным кіёскам са спецыяльнымі праграмамі і асветніцкімі банерамі. У самы бліжэйшы час з’явіцца інтэрактыўны макет беларускай АЭС, зроблены па метадзе дапоўненай рэальнасці. Плануецца, што цэнтр будуць наведваць больш за 1,5 тысячы гасцей штомесяц.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Канстанціна НЕТЫЛЁВА.