“Атамныя класы” і новы светапогляд

- 11:29Якасць адукацыі
Год назад, восенню 2012 года, беларускі горад Астравец і расійскі Сасновы Бор (Ленінградская вобласць) сталі гарадамі-пабрацімамі. Тады ж намеціліся асноўныя напрамкі ўзаемадзеяння: эканоміка, адукацыя, культура, маладзёжная палітыка і спорт, а таксама інфармацыйнае супрацоўніцтва ў галіне развіцця ядзернай энергетыкі і сацыяльнай інфраструктуры, абумоўленай будаўніцтвам атамных станцый. Справа ў тым, што ў Сасновым Бары, як і ў Астраўцы, вядзецца будаўніцтва АЭС. Праўда, для расійскага горада гэта будзе ўжо другая станцыя, першая была ўзведзена яшчэ ў 1973 годзе, і ўжо 40 гадоў Сасновы Бор мае статус “атамнага горада”.

Ідэя аб тым, што двум гарадам трэба парадніцца, належала спецыялізаванаму фонду расійска-беларускага супрацоўніцтва “Белыя росы”, галоўнай мэтай якога з’яўляецца аб’яднанне намаганняў грамадскіх арганізацый Санкт-Пецярбурга і Паўночна-Заходняга рэгіёна па ўмацаванні сувязей з Беларуссю. Гэтую ідэю ахвотна падтрымалі ў двух гарадах, і ў выніку Астравец і Сасновы Бор сталі актыўна ўзаемадзейнічаць. За год, што прайшоў з дня падпісання Пагаднення аб устанаўленні пабрацімскіх адносін, прайшло ўжо некалькі сустрэч прадстаўнікоў двух гарадоў, і ў выніку загучалі канкрэтныя прапановы аб супрацоўніцтве.
Больш за тое, фонд “Белыя росы” арганізаваў летам візіт у Беларусь дэлегацыі мэраў гарадоў Расіі, дзе ёсць АЭС і іншыя аб’екты атамнай галіны. Яны прадстаўлялі 21 горад атамшчыкаў і ў свой круг ахвотна прынялі і наш Астравец (а, між тым, многія з гэтых гарадоў дагэтуль з’яўляюцца закрытымі). Вядома, такая падтрымка гарадоў, чыя “атамная гісторыя” налічвае дзясяткі гадоў, будзе вельмі дарэчы маладому ў гэтым сэнсе Астраўцу: яму яшчэ трэба навучыцца жыць з новым статусам “атамнага горада”.
А днямі Беларусь наведала яшчэ адна дэлегацыя, куды ўвайшлі прадстаўнікі Ленінградскай вобласці, у тым ліку старшыня фонду “Белыя росы” Ірына Рогава і старшыня камітэта адукацыі адміністрацыі Сасноваборскай гарадской акругі Марына Механошына. Яны азнаёміліся з сістэмай адукацыі Астравеччыны, пабывалі ў мінскай гімназіі № 12, а напрыканцы свайго знаходжання ў Беларусі сустрэліся з міністрам адукацыі Сяргеем Маскевічам.
— Мы зачараваныя тым, як працуюць беларускія педагогі, — заўважыла Марына Механошына. — Гэта працаўнікі, якія робяць сваю справу з вялікім энтузіязмам. Асабліва нас уразіла тое, як ва ўстановах адукацыі арганізаваны шосты школьны дзень, мы нават самі паўдзельнічалі ў розных мерапрыемствах: гулялі, спявалі, танцавалі. Нам трэба многаму павучыцца ў вашых педагогаў.
Трэба сказаць, што праграма ў гасцей была вельмі насычаная. Яны пабывалі ў гімназіі № 1 Астраўца, а таксама ў шэрагу ўстаноў адукацыі раёна, дзе азнаёміліся з асноўнымі напрамкамі работы ў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі і вопытам выхаваўчай работы. Свае цікавыя распрацоўкі прадставілі Гудагайская і Гервяцкая сярэднія школы, Варнянскі яслі-сад — сярэдняя школа, Мальскі дзіцячы сад — пачатковая школа, а таксама Рымдзюнская сярэдняя школа, дзе пад адным дахам працуюць школа з літоўскай мовай навучання і школа з беларускай мовай. Пазней у Міхалішкаўскай сярэдняй школе адбыўся круглы стол, дзе госці маглі задаць беларускім калегам усе пытанні, якія ў іх ўзніклі.

Што да культурнай праграмы, то расіян вельмі ўразілі цудоўныя касцёлы Астравеччыны. Таксама яны змаглі паглядзець самабытны спектакль “Калядны вечар” на беларускай мове ў выкананні мясцовых артыстаў. Пазней госці прызналіся: яны былі так захоплены дзействам, што разумелі абсалютна ўсё і не адчувалі ніякага ні моўнага, ні культурнага бар’ера.
У выніку такога падрабязнага знаёмства з сістэмай адукацыі Астравеччыны і зносін з нашымі педагогамі, прадстаўнікі дэлегацыі Ленінградскай вобласці вынеслі на разгляд беларускіх калег цэлы шэраг цікавых прапаноў. У прыватнасці, гаворка ішла пра тое, што Астравец — ужо “атамны горад”, а значыць, ён павінен прэтэндаваць на тыя ж прэферэнцыі, што ёсць у расійскіх гарадоў — размяшчэння аб’ектаў атамнай галіны.
— Напрыклад, вельмі перспектыўны праект, які ўжо трэці год рэалізуе карпарацыя “Расатам” і да якога мог бы далучыцца Астравец, — “Школы Расатама”, — сказала Марына Механошына. — У рамках праекта ва ўстановах адукацыі ствараюцца так званыя “Атамныя класы” — гэта спецыялізаваныя профільныя класы, у якіх забяспечваецца больш высокі ўзровень фізіка-матэматычнай падрыхтоўкі школьнікаў. Важнай часткай праекта з’яўляецца закупка сучаснага лабараторнага абсталявання, на якім педагогі змогуць ажыццяўляць фізічныя дэманстрацыі, а навучэнцы — выконваць школьныя лабараторныя практыкумы і весці праектна-даследчыя работы.

У праект “Атамны клас” ужо ўліліся многія школы з тых расійскіх гарадоў, дзе ёсць атамныя аб’екты. Гэта дазваляе таленавітым дзецям не толькі вырашаць складаныя фізічныя задачы, але і ставіць эксперыменты, вучыцца даследчай дзейнасці і паспяхова выступаць на алімпіядах і конкурсах навуковых дасягненняў.
— Сёння вельмі важна развіваць у школах фізіка-матэматычную адукацыю, каб выпускнікі змаглі вывучыцца і працаваць на высокатэхналагічных горадаўтваральных прадпрыемствах, — адзначыла Марына Механошына. — Акрамя таго, “Атамныя класы” служаць папулярызацыі мірнага атама. Напрыклад, у нашым горадзе многа атамных аб’ектаў, і з гэтым трэба ўмець жыць. (Тым больш гэта актуальна для Беларусі, якая памятае Чарнобыль). Мы навучыліся жыць побач з атамнымі аб’ектамі, паглядзіце на нас: мы бадзёрыя і аптымістычныя, мы вельмі любім свой горад. Спадзяёмся, гэтак жа будзе і ў вас.
— Стварэнне “Атамных класаў” — гэта вельмі добрая ідэя для адраджэння таго, што раней мы называлі фізіка-матэматычнымі класамі, — заўважыў Андрэй Цімошчанка, загадчык кафедры ядзернай і радыяцыйнай бяспекі МДЭУ імя А.Д.Сахарава. — І калі “Атамныя класы” з’явяцца ў Беларусі, мы гатовы ўдзельнічаць у іх рабоце: аказваць навукова-метадычную падтрымку, дапамагаць у правядзенні даследаванняў, расказваць дзецям пра актуальныя напрамкі навукі і тэхнікі. Наш вопыт работы са студэнтамі паказвае, што лепшыя вынікі дэманструюць менавіта тыя, хто пачаў даследаванні яшчэ ў школьным узросце.
Вельмі важна, што калі Астраўцу ўдасца далучыцца да праекта “Школы Расатама”, то ён атрымае ў сваё распараджэнне не толькі “Атамныя класы”, але і доступ да шматлікіх конкурсаў і іншых мерапрыемстваў, якія “Расатам” праводзіць для таленавітых дзяцей і настаўнікаў. Напрыклад, у мінулым годзе ў іх змаглі паўдзельнічаць больш як 50 тысяч чалавек.

Спецыялісты адзначаюць, што на тэрыторыі ўсіх “атамных гарадоў” традыцыйна склаліся ўнікальныя сістэмы адукацыі. Гэтаму спрыяла і высокая канцэнтрацыя навуковай інтэлектуальнай эліты, прыцягнутай для будаўніцтва і эксплуатацыі аб’ектаў атамнай галіны, і высокая навукаёмістасць вытворчасцей, якія патрабуюць адпаведнай падрыхтоўкі кадраў, і высокі ўзровень узаемадзеяння паміж “атамнымі гарадамі”. Ці будзе так у Астраўцы? Гэта пакажа час. Але ўжо сёння “атамныя гарады” дэманструюць карпаратыўныя адносіны да гэтага маладога горада і прапаноўваюць падтрымку.
У прыватнасці, гаворка ідзе аб падрыхтоўцы кадраў для беларускай АЭС. Зразумела, універсітэты вельмі зацікаўлены ў тым, каб студэнты праходзілі вытворчую і пераддыпломную практыку, а таксама выконвалі дыпломныя праекты на добрай базе. І расійскі вопыт тут вельмі дарэчы.
Сёння прыняць беларускіх студэнтаў на практыку гатовы Інстытут ядзернай энергетыкі (філіял) Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага політэхнічнага ўніверсітэта ў Сасновым Бары. Прыярытэтнай задачай гэтай установы з’яўляецца падрыхтоўка высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія глыбока разумеюць фізічныя працэсы ў ядзерных энергетычных устаноўках, шляхам набліжэння падрыхтоўкі да асноўнай вытворчасці. Адметна, што ўзначальвае інстытут былы дырэктар Ленінградскай АЭС, а навуковыя і інжынерныя кадры працуюць (або працавалi) на прадпрыемствах атамнай галіны.
Акрамя таго, ёсць ідэя стварыць сумесны будаўнічы атрад для работы на будоўлі ЛАЭС-2, куды б увайшлі студэнты з Беларусі і Сасновага Бору. Гэтае пытанне зараз знаходзіцца на стадыі прапрацоўкі, і да лета хутчэй за ўсё будзе канчаткова вырашана.
— На такой будоўлі студэнты змогуць ацаніць маштаб аб’екта і тэхналогіі, якія там выкарыстоўваюцца, — а гэта вельмі карысна. — гаворыць Андрэй Цімошчанка. — Справа ў тым, што ядзерная і радыяцыйная бяспека пачынаюцца на ўзроўні праекта. І калі нашы выпускнікі прыйдуць працаваць на ядзерны аб’ект, то ім трэба ведаць, як і што там наладжана.
Марына Механошына таксама прапанавала беларускім калегам практыкаваць абмены педагогамі і вучнямі, што дазволіла б эфектыўна пераймаць станоўчы вопыт, які ёсць і з аднаго, і з другога боку. І ўбачыўшы, як шчыруюць беларускія педагогі ў сваіх школах, яна запрасіла іх папрацаваць важатымі ў лагерах Сасновага Бору. І хоць гэтыя летнікі гарадскія, абяцала знайсці магчымасць забяспечыць пражыванне педагогаў.
Вялася размова і пра адпачынак дзяцей з Сасновага Бору ў лагерах Беларусі, прычым маецца на ўвазе не проста аздараўленне, а насычаныя прадуманыя змены для дзяцей з дзвюх краін. Расійскія спецыялісты прапаноўваюць свой кантэнт для напаўнення лагерных змен цікавым зместам. Гэта праекты — пераможцы розных конкурсаў, якія даюць магчымасць дзецям развівацца ў сучаснай навуцы і творчасці.
У выніку абодва бакі дамовіліся, што хуткім часам адбудзецца візіт беларускіх спецыялістаў у Сасновы Бор, дзе ўсе агучаныя прапановы павінны набыць дакументальнае афармленне.

Галіна СІДАРОВІЧ.