Атэставаны будуць усе

- 10:51Актуально, Апошнія запісы

У аўторак 5 мая намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай наведаў сярэднюю школу № 159 і гімназію № 13 Мінска, дзе пазнаёміўся з арганізацыяй вучэбнана працэсу, пагутарыў з педагагічнымі калектывамі і вучнямі.

І ў школе, і ў гімназіі намеснік міністра пабыў на ўроках працоўнага навучання, матэматыкі, біялогіі, пацікавіўся, як навучальныя ўстановы арганізуюць заняткі ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, як выконваюцца неабходныя рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя. І школа, і гімназія забяспечаны неабходнымі дэзынфіцыруючымі сродкамі. Педагогі, вучні, тэхнічны персанал строга прытрымліваюцца ўсіх рэкамендацый. Як заўважылі ў навучальных установах, усе разумеюць рызыкі, таму ніякіх пытанняў не ўзнікае.

Эпідэміялагічная сітуацыя паўплывала на прысутнасць вучняў у класах. Яна вагалася ў межах 30 працэнтаў. Настаўнікі расказалі, як яны арганізуюць вучэбны працэс для тых, хто ў класе, і для тых, хто застаўся дома. У педагагічным арсенале самыя розныя вучэбныя платформы і сацыяльныя сеткі. “У новых умовах даводзіцца быць мабільнымі. Мы імкнёмся выкарыстоў­ваць максімум магчымасцей інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, працуем з Google Дыскам, зваротная сувязь нала­джана з дапамогай вайбера, электроннай пошты”, — заўважылі педагогі.

На сайце сярэдняй школы № 159 размешчана спецыяльная папка з тэмамі па вучэбных прадметах, вучэбнымі заданнямі для самастойнага выканання, ёсць графік падтрымліваючых заняткаў і інфармацыя па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі. Акрамя таго, настаўнікі школы для тых дзяцей, якія вучацца дома, распрацоў­ваюць спецыяльныя заняткі, ро­бяць відэаўрокі. 

Увогуле гэтая навучальная ўстанова — першапрахо­дзец у многіх напрамках: і першы камп’ютарны клас Фрунзенскага раёна сталіцы атрымаў прапіску ў школе № 159, і першая сацыяльна-псіхалагічная служба таксама была адкрыта тут. У школе два ўзорныя калектывы: узорны хор “Мінскія зоры” і ўзорны ансамбль цымбалістаў “Калейдаскоп”.

У гімназіі № 13 дзейнасць педагогаў і навучэнцаў шырока прадстаўлена ў афіцыйным блогу рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій установы. Яшчэ ў  2011 годзе на базе гімназіі быў адкрыты і дзейнічае па сённяшні дзень рэсурсны цэнтр інфармацыйных тэхналогій, таму матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу пастаянна абнаўляецца.

У гімназіі ёсць 4 універсальныя прадметныя лабараторыі: IT-лабараторыя па хіміі, IT-лабараторыя па біялогіі, IT-лабараторыя па фізіцы, IT-лабараторыя па матэматыцы, серверная, лабараторыя моўнага апускання, метадычны кабінет, медыятэка, лабараторыя робататэхнікі. На базе рэсурснага цэнтра праводзяцца метадычныя і інтэлектуальныя мерапрыемствы і конкурсы, канферэнцыі і дні навукі.

У гімназіі імкнуцца забяспечваць індывідуальны падыход да кожнага навучэнца. Работа з тымі, хто знаходзіцца дома, выбудавана з выкарыстаннем самых розных адукацыйных інтэрнэт-пляцовак. А навучэнцы, якія штодня наведваюць заняткі, у гутарцы з намеснікам міністра адзначылі, што жывыя зносіны з настаўнікам дыстанцыйнае навучанне не заменіць. Акрамя таго, вучыцца разам з аднакласнікамі куды цікавей, чым самастойна дома.

Адным з вострых пытанняў, якія хвалююць бацькоў і вучняў, з’яўляецца атэстацыя. Намеснік міністра запэўніў, што з атэстацыяй школьнікаў пытанняў не павінна ўзнікнуць. “Па-першае, гэта чацвёртая чвэрць. Па-другое, усе педагогі ведаюць, патэнцыял сваіх навучэнцаў і як нала­дзіць з кожным з іх адукацыйны працэс. З атэстацыяй школьнікаў пытанняў не павінна ўзнік­нуць. У любым выпадку ўсе будуць атэставаны і мы будзем падыходзіць да гэтага індывідуальна”, — сказаў Аляксандр Кадлубай.

Паводле яго слоў, у немалой ступені тут усё залежыць і ад самога вучня. “Калі дзіця з-за эпідсітуацыі не наведвае школу, то гэта не значыць, што мы не павінны яго ацаніць. Калі ў яго ёсць жаданне, ініцыятыва выйсці на педагога, атрымаць заданне, выканаць яго, то гэта павінна быць ацэнена. Акрамя таго, можна займацца ў шосты школьны дзень — гэта добрая магчымасць прыйсці і вочна нешта ў педагога спытаць, адказаць на яго пытанні, выканаць заданні”, — адзначыў намеснік міністра.

З 11 па 14 мая 2020 года пройдзе заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па 18 вучэбных прадметах.

З мэтай мінімізацыі рызык для здароўя навучэнцаў з улікам эпідэміялагічнай абстаноўкі і захавання льгот для пераможцаў рэспублікан­скай алімпіяды пры залічэнні ва ўстановы вышэйшай адукацыі ў адпаведнасці з Указам Прэзідэн­та Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2006 года № 80 “Аб правілах прыёму асоб для атрымання вышэйшай адукацыі I ступені і сярэдняй спецыяльнай адукацыі” заключны этап рэспублікан­скай алімпіяды па вучэбных прадметах право­дзіцца толькі для навучэнцаў 11 класаў.

Міністэрства адукацыі ў цяперашні час разглядае магчымасць уключэння ў склад абласных каманд, каманд горада Мінска і Ліцэя БДУ па кожным вучэбным прадмеце для ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды ў 2021 годзе навучэнцаў 8, 9, 10 класаў з ліку кандыдатаў для ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды 2019/2020 навучальнага года.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.