Атланта па дарозе на WorldSkills

Па-сапраўднаму знакавай падзеяй для прафесійнай адукацыі нашай краіны можна лічыць запрашэнне Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў Адкрытым чэмпіянаце ЗША маладых зваршчыкаў, які прайшоў у горадзе Атланце, штат Джорджыя. Вялікага гонару прадстаўляць нашу краіну ўдастоіўся Аляксандр Варакса, навучэнец Індустрыяльна-педагагічнага каледжа РІПА, які вучыцца па спецыяльнасці “Абсталяванне і тэхналогія зварачнай вытворчасці”. Суправаджаў Аляксандра ў далёкай паездцы і выступіў у ролі яго настаўніка загадчык кафедры “Метралогія і энергетыка” Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БНТУ, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт В.У.Саранцаў.

Адкрыты чэмпіянат ЗША стаў, па сутнасці, трэніровачнай пляцоўкай для яго ўдзельнікаў напярэдадні спаборніцтва WorldSkills, якое будзе праведзена ў наступным годзе. На сённяшні дзень гэта вядомае і найбуйнейшае ў свеце спаборніцтва, мэта якога — павышэнне прэстыжу рабочых прафесій і далейшае развіццё прафесійнай адукацыі. У якасці канкурсантаў у ім прымаюць удзел як маладыя кваліфікаваныя рабочыя, студэнты ўніверсітэтаў і навучэнцы каледжаў, так і вядомыя прафесіяналы, спецыялісты, выкладчыкі і майстры вытворчага навучання, якія выступаюць у якасці экспертаў у ацэньванні выкананых заданняў.
Гісторыя спаборніцтва WorldSkills пачынаецца з далёкага 1950 года, калі ў Іспаніі прайшоў першы конкурс. Сёння на сусветным першынстве, якое праходзіць адзін раз у два гады, збіраюцца дзясяткі ўдзельнікаў, якія выконваюць заданні па 50-ці розных дысцыплінах. Узровень іх выступлення на гэтым прэстыжным спаборніцтве адлюстроўвае не толькі іх асабістыя прафесійныя якасці, але і ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі ў той краіне, якую яны прадстаўляюць.
Акрамя нашага Аляксандра Вараксы з Індустрыяльна-педагагічнага каледжа РІПА, у Адкрытым чэмпіянаце ЗША ў Атланце ўдзельнічалі канкурсанты з Вялікабрытаніі і Кітая. 6 удзельнікаў з ЗША былі адабраны на папярэднім конкурсе. На працягу 6 дзён 9 канкурсантаў выконвалі заданні з выкарыстаннем розных відаў зваркі, пачынаючы ад ручной і заканчваючы механізаванай. Аналіз якасці зварачнага шва праводзіўся з дапамогай камп’ютарнай тэхнікі.
Амерыканскі горад Атланта большасць з нас асацыіруюць з правядзеннем летніх Алімпійскіх гульняў-1996, дзе беларуская каманда выступіла даволі ўдала. Акрамя таго, Атланта — адзін з найбуйнейшых дзелавых і культурных цэнтраў ЗША. У рамках Адкрытага чэмпіянату ЗША па зварцы была праведзена найбуйнейшая выстава, прысвечаная апрацоўцы і зварцы металу. На ёй былі прадстаўлены металаапрацоўчыя станкі, інструмент, аўтаматычныя лініі, зварачнае абсталяванне, лазерныя тэхналогіі, вымяральныя прыборы, праграмнае забеспячэнне, інжынерынг і кансалтынг. На выставачнай экспазіцыі было прадстаўлена зварачнае абсталяванне знакамітых вытворцаў, у тым ліку кампаніі LincolnElectric, якая прадставіла віртуальны трэнажор, што імітуе дугавую зварку. Гэтая кампанія выдаткоўвае немалыя сродкі на праграмы навучання і з’яўляецца генеральным партнёрам WorldSkills.
Аляксандр Варакса нам ужо добра знаёмы. Пры правядзенні гарадскога этапу спаборніцтваў WorldSkills у Рэспубліцы Беларусь у кампетэнцыі “Зварачныя работы” ён стаў пераможцам, а на рэспубліканскім этапе стаў уладальнікам дыплома III ступені. Калі спытацца ў Аляксандра, чаму менавіта зварка стала для яго галоўнай справай жыцця, то наўрад ці можна атрымаць дакладны адказ. Прафесійны выбар, як правіла, вызначае як характар чалавека, так і позыў душы. Такое перапляценне рыс характару і душэўных памкненняў у Аляксандра праяўляецца найбольш яскрава. Па характары ён цярплівы, дакладны, акуратны, адказны, з душэўным імкненнем да творчасці, палёту фантазіі ў той жа зварачнай справе, дзе філіграннасць рухаў выступае на мяжы не проста дакладнага шва, але нават мастацтва. Пасля заканчэння Мінскага прафесійнага ліцэя № 10, дзе яму была прысвоена кваліфікацыя электрагазазваршчыка 4 разраду, сёлета Аляксандр паступіў у Індустрыяльна-педагагічны каледж РІПА па спецыяльнасці “Абсталяванне і тэхналогія зварачнай вытворчасці” і такім чынам прадоўжыў удасканальваць свае прафесійныя навыкі па зварцы на больш высокім узроўні. Навучэнец каледжа адказна падыходзіць да вывучэння новага матэрыялу па вучэбных дысцыплінах. Найбольшую цікавасць ён праяўляе да вывучэння інжынернай графікі, тэхнічнай механікі, электратэхнікі, матэрыялазнаўства і тэхналогіі матэрыялаў, што дазваляе яму павышаць узровень ведаў і асвойваць новыя ўменні і навыкі для выканання зварачных работ.
Вадзім Уладзіміравіч Саранцаў расказаў пра конкурсныя заданні чэмпіянату, якія, дарэчы, былі даволі складаныя і патрабавалі высокіх практычных навыкаў і ўменняў у розных відах зваркі. Так, у прыватнасці, у першым заданні неабходна было зварыць стык трубы, які знаходзіўся пад вуглом 45 градусаў, выкарыстоўваючы пры гэтым ручную дугавую і аргонна-дугавую зварку. Наступныя заданні падразумявалі зварку пласцін з прымяненнем ручной дугавой і механізаванай зваркі. Усе работы былі ацэнены экспертамі па распрацаваных правілах WordSkills, якія ўключалі візуальны кантроль, вымярэнне геаметрычных памераў, механічныя выпрабаванні над зваркай (расцяжка, выгіб). Яшчэ адно заданне заключалася ў зварцы сасуда, які складаўся з мноства дэталяў. Для таго каб яны былі спалучаны ў адной канструкцыі, неабходна было прымяніць усе віды зваркі: аргонна-дугавую, ручную дугавую, механізаваную суцэльным дротам, механізаваную парашковым дротам. Пасля выканання задання, акрамя візуальнага кантролю з вымярэннямі, эксперты выпрабоўвалі сасуд на герметычнасць пад ціскам вады.
Зварка канструкцый з алюмінію і нержавеючай сталі была апошнім заданнем спаборніцтва. Эксперты выстаўлялі адзнаку кожнаму вырабу згодна з геаметрычнымі памерамі зварачных швоў. Пасля заканчэння спаборніцтва адзнакі за ўсе заданні былі падсумаваны і быў падведзены канчатковы вынік. Пры ўсім тым, што Аляксандр выступіў дастойна і атрымаў станоўчую адзнаку, былі зроблены высновы аб больш эфектыўных шляхах падрыхтоўкі канкурсантаў на спаборніцтва WordSkills, што адбудзецца ў наступным годзе.
Па меркаванні В.У.Саранцава, конкурс такога высокага міжнароднага ўзроўню патрэбны не толькі для таго, каб перамагаць. Ён дазваляе даведацца, на якім узроўні знаходзяцца нашы навучэнцы, ці адпавядае іх падрыхтоўка сусветным стандартам, чаго не хапае ў змесце прафесійнай падрыхтоўкі па той ці іншай прафесіі, наколькі асвоены нашымі навучэнцамі практычныя навыкі. Як паказаў гэты конкурс, удзельніку з Беларусі не хапіла практычных навыкаў, многія віды зваркі яму былі не знаёмы, а чарчэнне ён ведае недастаткова.
Таму неабходна ўнесці ў праграмы навучання зваршчыкаў такі прадмет, як чарчэнне, міжнародныя абазначэнні зваркі. У практычным курсе падрыхтоўкі неабходна вывучаць усе віды зваркі, атрымліваць навыкі выкарыстання зварачнай аснасткі і інструменту; навыкі зваркі ва ўсіх прасторавых становішчах, зваркі сталей і каляровых металаў, а таксама вывучаць асаблівасці падрыхтоўкі металу пад зварку (выстаўленне зазору, апрацоўка кантаў, зачыстка).
Дырэктар Індустрыяльна-педагагічнага каледжа Н.І.Дзядкова заявіла, што каледж, як правіла, спецыялізуецца на адным відзе зваркі, а па іншых відах у навучэнцаў не хапае практыкі. Таму відавочна, што для тых навучэнцаў, якія збіраюцца выступаць на міжнародным узроўні, неабходна прадаставіць магчымасць практыкавацца непасрэдна на вытворчасці. Дарэчы, практыка-арыентаванае навучанне не пашкодзіла б прафесійнай падрыхтоўцы ўсіх рабочых, а не толькі канкурсантаў. А ў гэтым не абысціся без прадпрыемстваў. Як адзначалася, такія прадпрыемствы, як “Белэнергарамналадка”, “Мінгаз”, зацікаўлены ў супрацоўніцтве з навучальнымі ўстановамі ў падрыхтоўцы не толькі канкурсантаў, але і рабочых-зваршчыкаў для сваіх жа прадпрыемстваў.
Згодна з вынікамі спаборніцтва ў ЗША, рэктар РІПА А.Х.Шкляр адзначыў, што, магчыма, на базе Індустрыяльна-педагагічнага каледжа будзе адкрыты міжнародны цэнтр па зварцы. Неабходна папрацаваць і над зместам прафесійнага навучання будучых зваршчыкаў з улікам міжнародных стандартаў. Менавіта гэтыя захады дазволяць дастойна выступіць нашым канкурсантам на спаборніцтве WordSkills-2015.

Ала КЛЮЙКО.