Атмасферны спектакль — новая форма тэатральных пастановак

- 14:29Спецыяльная адукацыя

У Беларусі ўпершыню пастаўлены атмасферны спектакль для дзяцей па п’есе Рагіма Мусаева “Снежная каралева” (па матывах казкі Ханса Крысціяна Андэрсена). Асноўныя сюжэтныя лініі былі захаваны аўтарам, аднак публіка пазнаёмілася і з новымі героямі казкі. На прэм’еру былі запрошаны сем’і, у якіх выхоўваюцца дзеці з праблемамі зроку, а таксама ўсе жадаючыя далучыцца да незвычайнай ініцыятывы.

Атмасферны спектакль адкрывае ў Беларусі новую форму тэатральных пастановак. Перад спектаклем публіцы прапанавалі завязаць вочы. Пастаноўку яны ўспрымалі з дапамогай слыху, нюху і дотыку. Трупа вырашыла стварыць спектакль, які звычайныя гледачы ўспрымалі б нароўні з тымі, хто слаба бачыць. Канечне, пры жаданні спектакль дазвалялася проста паглядзець. Гэты цікавы творчы праект падрыхтаваў у знак салідарнасці з невідушчымі людзьмі калектыў “Цім тэатр” з Гомеля пры генеральнай падтрымцы тэлекам-аператара Velcom.

“Часта людзі, у якіх ёсць праблемы са зрокам, не могуць у поўнай меры атрымаць асалоду ад звычайнага спектакля. Ім даводзіцца дадумваць тое, што адбываецца на сцэне, — расказаў дырэктар “Цім тэатра” Андрэй Бардухаеў-Арол. — У дадзеным выпадку адсутнасць зрокавага ўспрымання дапамагла публіцы ў поўнай меры адчуць спектакль, стаць яго часткай. З завязанымі вачыма ўсё, што адбывалася на сцэне, успрымалася па-асабліваму. Падчас спектакля аўдыторыя па максімуме задзейнічала ўяўленне, прыслухоўвалася да гукаў, пахаў, шуму вентыляцыі і г.д. Спецыяльна для гэтай пастаноўкі мы набылі тактыльныя касцюмы, да якіх можна было дакрануцца, яны ж сталі і асноўнымі дэкарацыямі. Акрамя таго, мы купілі сучаснае гукавое, светлавое абсталяванне і араматызатары, з дапамогай якіх стварылі на паказе ўнікальную атмасферу. За мяжой атмасферныя спектаклі цікавяць самых розных людзей хаця б таму, што яны дораць незабыўныя адчуванні, вучаць успрымаць свет з новага ракурсу”.

“Падтрымка праектаў з удзелам дзяцей — частка сацыяльнай палітыкі нашай кампаніі, — адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый Velcom Вячаслаў Смірноў. — Атмасферныя спектаклі — новы фармат тэатральнага мастацтва, які дапамагае аб’яднаць звычайных людзей з тымі, у каго слабы зрок. Праект мае інклюзіўны кірунак. Для першай атмасфернай пастаноўкі невыпадкова абрана казка, бо вельмі важна з дзяцінства фарміраваць у грамадстве талерантнасць і інклюзіўную свядомасць.

Velcom ініцыіруе і пастаянна падтрымлівае падобныя сацыяльныя праекты. У мінулым годзе ў рамках праекта “Я бачу” кампанія дапамагла абследаваць зрок у больш чым 12 тысяч дзяцей з сельскай мясцовасці Гомельскай вобласці. Праект “Атмасферныя спектаклі” — гэта гісторыя аб тым, як мастацтва можа аб’яднаць зусім розных людзей і дапамагчы ім лепш зразумець адно аднаго. Доўгі час тэатр быў недаступным для людзей са слабым зрокам і невідушчых. Нездарма тэатральная публіка называецца гледачамі, ад слова “глядзець”, г.зн. бачыць, а менавіта такой магчымасці пазбаўлены людзі з інваліднасцю па зроку”.

Атмасферны спектакль прайшоў у Гомелі і Мінску і стаў першай такой пастаноўкай у СНД.

Падрыхтавала Надзея ЦЕРАХАВА.