Атмасферу “Дажынак” стварыла і адукацыя

На Гомельшчыне абласное свята “Дажынкі” прайшло ў Мазыры. Горад над Прыпяццю, дарэчы, да яго рыхтаваўся загадзя і заўважна папрыгажэў. Тут было адрамантавана, рэканструявана, мадэрнізавана, пабудавана больш за 220 аб’ектаў. У маштабныя пераўтварэнні ўкладзены сродкі рэспубліканскага, абласнога і раённага бюджэтаў. У тым ліку ў Мазыры праведзены рамонт 22 устаноў адукацыі. Удзячныя кіраўнікі, педагогі, навучэнцы і выхаванцы для гараджан і гасцей у святочны дзень арганізавалі работу велізарнай пляцоўкі.  

Месца пад яе было выдзелена ў самым цэнтры, вакол фантана, дзе тры бронзавыя дзяўчыны адвечна водзяць карагод. Пакуль галоўныя героі ўрачыстасцей атрымлівалі шчырыя словы падзякі за дасягненні на палетках і сабраны ўраджай, педагогі Мазыршчыны на працягу ўсяго дня ладзілі неафіцыйную частку праграмы, якая была насычанай і разнастайнай. Між тым начальнік аддзела адукацыі Мазырскага райвыканкама Любоў Клепчукова пазнаёміла з галоўнымі дасягненнямі сваёй галіны. Інфармацыя пра кожную з 80 устаноў адукацыі Мазырскага раёна прадстаўлена ў выглядзе кубоў.

— Нам даводзіцца часта браць удзел у розных выставах. Таму для кожнай установы створаны свой куб, на кожнай з шасці граней якога ёсць кароткі і змястоўны аповед пра самае галоўнае: адукацыйны працэс, матэрыяльна-тэхнічную базу, інавацыйныя тэхналогіі, спорт… Выстава выглядае сучасна і арыгінальна.

Любоў Сцяпанаўна з гонарам паказвае спартыўны інвентар. Яго тут жа асвойваюць малыя. Расказвае, што ў школы Мазыршчыны сёння закупілі тэнісныя сталы:

— Калі раней мы бачылі, што дзеці на перапынках стаяць ля сценкі і гуляюць у мабільным тэлефоне, то зараз яны увесь час перапынку гуляюць у тэніс. У нас ужо з’явіліся першыя чэмпіёны. Дзеці рухаюцца і эмацыянальна разгружаюцца. Падчас перапынку педагогі выкарыстоўваць мячыкі, скакалкі, кеглі… Працуем з дзецьмі ў рэжыме аздараўлення. Дарэчы, паступова падышлі да мадэрнізацыі нашых школьных стадыёнаў. Кожны год Мазырскі райвыканкам падтрымлівае нас, і на сённяшні дзень у чатырох школах ужо ёсць выдатныя ўмовы для заняткаў на вуліцы: новыя валейбольныя сеткі і стойкі, шчыты для баскетбола, бегавыя дарожкі, ямы для скачкоў і г.д. Гэта вельмі важна: чэмпіёнаў мы можам атрымаць, калі будзем займацца школьным спортам. У сістэме дашкольнай адукацыі працуе 11 басейнаў. Калі ў нас з’явіўся спартыўны інвентар, да нас пацягнуліся бацькі, і цяпер дзейнічае праект “Тата-зала”. Добра ў гэтым кірунку нас падтрымлівае Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Яны арганізоўваюць турніры па футболе, а камандам-пераможцам дораць набор спартыўнай формы і вялізную сетку з мячамі для розных гульняў. За апошніх пяць гадоў многія школы Мазыршчыны набылі добры спартыўны інвентар і форму.

Дарэчы, кожны імкнецца расказаць пра сваю пляцоўку і здзейсненыя справы. Вучаніца 8 класа сярэдняй школы № 12 Віялета Еўдакавец прадстаўляе дзейнасць “зялёнай школы”. Гаворыць, што разам з сябрамі супрацоўнічае з лясгасам:

— Мы прыбіраем тэрыторыі і садзім дрэвы, рыхтуем прэзентацыі і выступаем перад сваімі равеснікамі. Нам важна, каб лясы захаваліся і людзі ведалі, як імі правільна карыстацца.

Павел Лукашэвіч вучыцца ў кадэцкім класе сярэдняй школы № 15. Хлопец расказвае пра розныя патрыятычныя акцыі, а побач малады настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 16 Яўген Есіс прапануе праект “Чытацкая кампетэнтнасць”:

— Людзей трэба наноў вучыць чытаць у XXI стагоддзі. Іх трэба адрываць ад гаджэтаў і прывучаць да работы з мастацкім тэкстам. Калі вучні бачаць, што настаўнік сам любіць традыцыйную кнігу, яны таксама імкнуцца быць да яго падобнымі. Калі ты цікава падаеш матэрыял, то і дзеці атрымаюць ад гэтага асалоду. Мы тут, на пляцоўцы, чытаем творы класікаў рускай і беларускай літаратуры. Імкнёмся паказаць прыгажосць роднага слова Купалы, Коласа, Мележа, Багдановіча, Брыля…

Кіраўнік маладзёжнага парламента пры Мазырскім раённым Савеце дэпутатаў Дзіяна Мішура на пляцоўцы разам з усёй камандай. Юнакі і дзяўчаты ўспамінаюць, што чатыры гады назад, калі маладзёжны парламент толькі ствараўся, іх сур’ёзна не ўспрымалі:

— А цяпер мы ўдзельнічаем ва ўсіх мерапрыемствах, ва ўсіх акцыях, форумах, якія адбываюцца ў горадзе… Па нашай ініцыятыве ў Мазыры з’явіўся гэты вялізны хэштэг “Я люблю Мазыр”. Ля яго цяпер усе імкнуцца сфатаграфавацца. Калі сёлета дазволяць умовы надвор’я, хочам правесці ў горадзе сямейнае свята — снежны фестываль. Таксама мы выступілі з прапановай пра мадэрнізацыю набярэжнай ракі Прыпяць. Старшыня раённага камітэта Алена Паўлечка паведаміла, што ўжо распрацоўваецца праект. Цяпер мы выступілі з прапановай уладкаваць скейт-пляцоўку. На ёй школьнікі змогуць трэніравацца на веласіпедах BMX, скейтбордах і роліках. Хутка на Замкавай гары правядзём караоке-батл для моладзі нашага горада.

Інсталяцыя, створаная са 177 падручнікаў, якія вучні павінны паглыблена прачытаць за час вучобы ў школе, уражвае ўсіх. Асабліва аб’ём інфармацыі здзіўляе бацькоў, дзеці якіх на гэты момант з’яўляюцца школьнікамі.

Установы сярэдняй адукацыі Мазыра да “Дажынак” часова “ахвяравалі” школьныя металічныя званочкі. Яны такія розныя, і кожны мае свой непаўторны гук-голас, які школьнікі чуюць звычайна толькі два разы на год — падчас цырымоній першага і апошняга школьнага званка.

“Музей у чамадане” — гэта асобны праект школ Мазыршчыны. І тут, на адкрытай пляцоўцы, ён выклікае асаблівую ўвагу тых дзяцей і бацькоў, хто цікавіцца мінулым. Падлеткі распытваюць пра старадаўнія рэчы, якія ўжо сталі экспанатамі, і такім чынам даведваюцца пра лёсы славутых людзей, якія жылі на гэтай зямлі.

Між тым ёсць час і павесяліцца. Пляцоўка “Дзеці — кветкі нашага жыцця” нагадвае пра герояў розных казак, добра знаёмых дзецям. У карагод выходзяць разам дарослыя і дзеці. Тут можна пасядзець у чароўным крэсле выканання жаданняў, скарыстацца дзівосным пяром і нават сустрэцца з Золушкай, Мальвінай, мудрай Пчалой і феямі.

Калі стаміліся — самы час наведаць майстар-класы. Дзеці з радасцю імкнуцца зрабіць нешта сваімі рукамі. Настаўнікі толькі накіроўваюць іх — і вось ужо гатовыя шэдэўры перадаюцца ў рукі бацькоў, якія здзіўляюцца такой неабмежаванай фантазіі сваіх дзетак. Не выключана, што пасля гэтага дарослыя павядуць дзіця ва ўстановы дадатковай адукацыі, напрыклад, у Мазырскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, які якраз да “Дажынак” набыў новы ўласны будынак. А калі дзіця больш цікавіцца паходамі — яму шлях у Мазырскі цэнтр турызму і краязнаўства. А яшчэ ёсць цэнтры тэхнічнай творчасці і эколага-біялагічны…

Выхавальнікі дашкольных устаноў Мазыршчыны добра ведаюць, як заняць дзетак. На пляцоўцы іх не адарваць ад тэматычных прылад, якія незаўважна вучаць дзяцей бяспечным паводзінам. Напрыклад, каб адчуць сябе ратавальнікам, можна апрануцца ў адпаведную форму. Што з задавальненнем і робяць бацькі разам з малымі. А ўжо для сур’ёзных дарослых ёсць магчымасць вывучыць метадычныя распрацоўкі прадстаўнікоў дашкольнай адукацыі, якія таксама прадстаўлены на “Дажынках”. Пра ўсё расказаць не хопіць часу і месца. Варта толькі дадаць, што сярод васьмі прадпрыемстваў Мазыршчыны, якія ўслаўляюць раён на Дошцы гонару Гомельскай вобласці, ёсць Мазырская дзіцячая школа мастацтваў і Козенскі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.