Атрады на маршы

- 11:22Актуально, Апошнія запісы

Трэці працоўны семестр адкрыты. Урачыстая цырымонія адкрыцця прайшла 2 мая на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў Мінску. Удзел у ёй прынялі больш за 1000 байцоў студэнцкіх атрадаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама кіраўнікі профільных міністэрстваў, ветэраны студатрадаўскага руху, іншыя ганаровыя госці.

…На плошчы было асабліва святочна і ад яркай формы многіх студатрадаўцаў, і ад іх усмешак, і ад чырвона-зялёных стужачак з яблыневымі кветкамі, якія маладыя людзі прышпілілі да лацканаў сваіх куртак, тым самым падкрэсліваючы, што далучаюцца да патрыятычнай акцыі “Кветкі Вялікай Перамогі”. І прамовы на плошчы гучалі ўрачыстыя і святочныя. Першы сакратар ЦК Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Андрэй Белякоў прыняў рапарт аб адкрыцці юбілейнага працоўнага семестра, а камандзіры атрадаў атрымалі пуцёўкі. Дзве з іх — педагагічнаму і экалагічнаму зводным атрадам уручыў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка.

— Студэнцкія атрады — гэта наймацнейшая сацыяльная пляцоўка, дзе моладзь адточвае свае навыкі ў будучай прафесіі, — лічыць Ігар Васільевіч. — Гэта пляцоўка, дзе адточваюцца розныя грамадскія і сацыяльныя ролі, якія будуць выконваць маладыя спецыялісты. Сёння спектр студэнцкіх атрадаў вельмі шырокі — ад медыцынскіх да валанцёрскіх. Нездарма прэзідэнт нашай краіны, уручаючы прэмію “За духоўнае адраджэнне” Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту, падкрэсліў важнасць валанцёрскага руху. Рух, які сёлета адзначае сваё 55-годдзе, набывае сілу, сучасныя рысы. Гэтаму спрыяе і дзейнасць Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, і тых міністэрстваў і ведамстваў, якія з’яўляюцца партнёрамі ў гэтай дзейнасці. І, канечне, беларуская дзяржава, якая стварае ўмовы для работы студэнцкіх атрадаў, пачынаючы ад нарматыўна-прававой базы, і заканчваючы падтрымкай канкрэтных кіраўнікоў, якія прымаюць атрады ў сябе на вытворчасці.

Міністр адукацыі з задавальненнем узгадаў, як сам, калі быў студэнтам, працаваў у такіх атрадах, напрыклад, на будаўніцтве гарадской бальніцы Крупак, па іншых адрасах студэнцкіх будоўляў Савецкага Саюза. І зараз, як лічыць І.В.Карпенка, работа ў студатрадах, у тым ліку міжнародных, спрыяе аб’яднанню моладзі.

— Невыпадкова Міністэрства адукацыі падтрымала ініцыятыву моладзі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта аб устанаўленні ў гэтым годзе памятнага знака ў гонар першых студэнцкіх атрадаў Беларусі, — сказаў І.В.Карпенка, звяртаючыся да студатрадаўцаў. — Студатрадаўскі рух уяўляе сабой моцную стваральную сілу, уносіць свой уклад у эканоміку краіны. Больш за 1,5 тысячы студэнцкіх атрадаў летась працавалі на розных працоўных аб’ектах. Упэўнены, што і цяперашні працоўны семестр не стане выключэннем, а тысячы юнакоў і дзяўчат адкрыюць новыя гарызонты для прыкладання сваіх сіл і здольнасцей.

Ігар Васільевіч пажадаў студэнтам удачы, поспехаў, перамогі ва ўсіх пачынаннях.

Словы на добрую дарогу прагучалі, канечне, і асобна для ўдзельнікаў студатрадаў — будаўнічых, сельскагаспадарчых, сэрвісных, іншых. Так, студатрадаўцаў павіншавала старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына Анатольеўна Старавойтава.

А потым свята працягнулася ў гісторыка-культурным комплексе “Лінія Сталіна”. Тут прайшла рэспубліканская маладзёжная працоўная акцыя “Маладосць. Традыцыі. Будучыня”. Студатрадаўцы заклалі яблыневы сад “Кветкі Вялікай Перамогі” на 55 саджанцаў гатунку “Слава пераможцам”. Хлопцы і дзяўчаты таксама добраўпарадкавалі пешаходныя сцежкі па перыметры комплексу, працавалі на аднаўленні траншэй, выконвалі іншыя работы. А ля помніка маршалу Георгію Жукаву было вырашана пасадзіць конусападобныя туі. Дарэчы, у Год малой радзімы у ходзе акцыі “Маладосць. Традыцыі. Будучыня” ў кожным рэгіёне будзе добраўпарадкаваны пэўны аб’ект.

Увесь жа трэці працоўны семестр пройдзе пад знакам юбілею беларускіх студэнцкіх атрадаў, гісторыя якіх пачынаецца з ліпеня 1963 года, калі першыя беларускія будатрады з 16 ВНУ ў складзе 2,5 тысячы байцоў працавалі ў Казахстане.

Сёлета запіс у студэнцкія атрады пачаты ў сакавіку ў штабах працоўных спраў устаноў адукацыі і тэрытарыяльных штабах студатрадаў. На цяперашні момант жадаючых папрацаваць набралася больш за 20 тысяч, актыўная работа пачнецца ўжо напрыканцы мая, але зразумела, што масава студатрады ўключацца ў летні працоўны семестр пасля сесіі. Працаваць маладыя беларусы будуць як у нашай краіне, так і за мяжой — у Польшчы, Расіі, магчыма, у Казахстане і Малдове.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.