У поспехах любога чалавека ёсць частка заслуг яго настаўніка, таму настаўніцкая праца ніколі не застаецца незаўважанай. За дасягненне высокіх вынікаў у сваёй дзейнасці педагагічныя калектывы заўсёды атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды. Такімі ўзнагародамі было адзначана настаўніцтва Магілёўшчыны. У рэгіёне падвялі вынікі штогадовага спаборніцтва на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці ў 2020 годзе.
Нягледзячы на пэўныя складаныя моманты, летась навучальныя ўстановы рэгіёна паслядоўна ажыццяўлялі работу па павышэнні якасці адукацыі і развіцці адукацыйнай сферы. Лепшыя педагагічныя калектывы адпаведна ўзнагародзілі.
Так, сярод гарадскіх упраўленняў па адукацыі дыплом І ступені атрымала ўпраўленне па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама. У групе сярод раённых аддзелаў па адукацыі дыпломы ўручылі аддзелу па адукацыі Асіповіцкага райвыканкама і аддзелу па адукацыі, спорце і турызме Клічаўскага райвыканкама.
Лепшымі ў ажыццяўленні дашкольнай адукацыі сталі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 1 Магілёва і дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці аграгарадка Александрыя Шклоўскага раёна. Найбольш эфектыўна сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі спрацавалі гімназія № 3 Магілёва і Кадзінская сярэдняя школа Магілёўскага раёна. А самыя высокія паказчыкі работы ў спецыяльнай адукацыі за мінулы год прадэманстравалі Шклоўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку і Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Горак.
На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі лепшай была прызнана работа Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа і дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 9 Магілёва імя А.П.Старавойтава. Сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі перамога дасталася Магілёўскаму дзяржаўнаму політэхнічнаму каледжу, у профілі дадатковай адукацыі — калектыву Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска, а сярод СПЦ — Клічаўскаму раённаму сацыяльна-педагагічнаму цэнтру.
Падчас урачыстай цырымоніі заслужаныя ўзнагароды знайшлі і лідараў абласных круглагадовых спартакіяд навучэнцаў. Пераможцамі ў сваіх намінацыях былі прызнаны ўпраўленне па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама, аддзел па адукацыі, спорце і турызме Кіраўскага райвыканкама, Магілёўскі прафесійны электратэхнічны каледж, Бабруйскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж, Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны каледж.
Акрамя таго, шэраг педагагічных работнікаў атрымалі высокія дзяржаўныя ўзнагароды: граматы Міністэрства адукацыі, ганаровыя граматы Нацыянальнага сходу, галоўнага ўпраўлення па адукцыі Магілёўскага аблвыканкама. Былі і тыя, каго адзначылі нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”. Гэта настаўніца працоўнага навучання Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Алена Эдуардаўна Заблоцкая, майстар вытворчага навучання Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага Валянцін Віктаравіч Зайцаў, загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 8 Магілёва Алена Іванаўна Крукоўская.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.