Атрымаць мэтавую падрыхтоўку можна будзе па ўсіх спецыяльнасцях

- 15:41Апошнія запісы, Рознае, Суразмоўца

Кожны дзень лета нясе выпускнікам школ усё новыя і новыя падзеі. Раней бесклапотнае жыццё ў час канікул сёння змяняецца для іх нязвыклай трывогай і напружаннем. Толькі прагучаў апошні званок, заканчваюцца выпускныя экзамены, і, здавалася б, час расслабіцца, але ж не — трэба рыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання, праходзіць яго выпрабаванні, а далей, калі пашчасціць, атрымаць студэнцкі білет той установы, у якую даўно марыў паступіць. Гатовы спраўдзіць мары амаль 44 тысяч выпускнікоў школ і ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Чым будзе адрознівацца сёлетняя прыёмная кампанія ад мінулагодняй, нашым чытачам расказвае намеснік начальніка ўпраўлення прафесійнай адукацыі галіновага міністэрства Л.В.ГУЛІНА-ГАЛУБКОВА.

— Людміла Віктараўна, як праходзіла сёлета фарміраванне кантрольных лічбаў прыёму ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы?
— Ужо шмат гадоў фарміраванне кантрольных лічбаў прыёму на бюджэтную форму атрымання адукацыі ажыццяўляецца толькі пад заказ работадаўцаў, калі не менш за 80% бюджэтных месцаў пацверджаны заяўкамі ад арганізацый — заказчыкаў кадраў. Адносна патрэб вытворчасці і сацыяльнай сферы пастаянна ўдасканальваецца кваліфікацыйная структура падрыхтоўкі кадраў. Па заяўках заказчыкаў кадраў штогод уносяцца змяненні і дапаўненні ў Агульнадзяржаўны класіфікатар Рэспублікі Беларусь “Спецыяльнасці і кваліфікацыі”, а ў навучальных установах адкрываюцца новыя спецыяльнасці. Акрамя таго, улічваючы стан рынку працы, запыты эканомікі, сістэма сярэдняй спецыяльнай адукацыі штогод карэкціруе прагнозныя паказчыкі прыёму. Так, паступова павялічваецца прыём абітурыентаў на медыцынскія, педагагічныя спецыяльнасці, скарачаецца прыём на эканамічныя і юрыдычныя спецыяльнасці. Разам з тым адзначу, што некаторыя заснавальнікі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі не заўсёды рэальна рэагуюць за патрэбы рынку працы. Гэта прыводзіць да таго, што ў некаторых установах ідзе падрыхтоўка па спецыяльнасцях, папулярных сярод моладзі, але не запатрабаваных заказчыкамі кадраў.
Улічваючы ўсе рэаліі, якія сёння адбываюцца на рынку працы і з улікам інтарэсаў выпускнікоў школ, Міністэрства адукацыі і адпаведныя структуры вельмі старанна фарміравалі кантрольныя лічбы прыёму. Была праведзена вялікая работа з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў па абнаўленні структуры падрыхтоўкі спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Пры гэтым улічваўся попыт на новыя прыярытэтныя спецыяльнасці. Так, у прыватнасці, з новага навучальнага года будзе пачата навучанне па 3 новых спецыяльнасцях і аднаму кірунку спецыяльнасці, па якіх раней падрыхтоўка на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі не вялася. Усе яны ўведзены ў пералік спецыяльнасцей пад заказ работадаўцаў. Напрыклад, па заяўцы Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўводзіцца спецыяльнасць “Абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў”, спецыяльнасць “Мікра- і нанаэлектронныя тэхналогіі і сістэмы” па заяўцы Інтэграла, “Электроніка механічных транспартных сродкаў” па заяўцы Міністэрства прамысловасці, а “Мехатроніка 5 разраду (халадзільнае абсталяванне)” па заяўцы Асацыяцыі прадпрыемстваў мікраклімату і холаду. 14-ці ўстановам сярэдняй спецыяльнай адукацыі дадзены дазвол адкрыць падрыхтоўку па 13 існуючых, але запатрабаваных заказчыкамі спецыяльнасцях, па якіх у гэтых установах раней падрыхтоўка не вялася.
Калі гаварыць у цэлым, то ў гэтым годзе прыём на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі будуць ажыццяўляць 230 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія плануюць прыняць 43,9 тысячы чалавек, што адпавядае паказчыку прыёму 2013 года (43,8 тысячы чалавек).

— Як вядома, у Правілы прыёму асоб для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўнесены некаторыя змены. Па сутнасці, прыём ва ўстановы адукацыі гэтага ўзроўню будзе праходзіць па правілах у новай рэдакцыі. Таму хацелася б звярнуць увагу нашых абітурыентаў на некаторыя змяненні.
— Так, сапраўды, прыём у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы ў гэтым годзе будзе ажыццяўляцца па Правілах прыёму ў новай рэдакцыі з улікам апошніх змен згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 сакавіка 2014 года № 130. У адпаведнасці з новай рэдакцыяй правіл хачу адзначыць асноўныя змены, характэрныя для сёлетняга прыёму. Так, у прыватнасці, у адпаведнасці з пунктам 5 артыкула 3 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, пералік асоб, якія маюць права ўдзельнічаць у конкурсе на атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту або на платнай аснове, дапоўнены асобамі без грамадзянства, якія маюць статус бежанца.
Для асоб, якія маюць права паступаць на завочную, вочную (вячэрнюю) форму атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту дадзена расшыфроўка фразы “працуюць па профілі”, а менавіта працуюць у арганізацыях, профіль дзейнасці якіх адпавядае профілю дзейнасці выбранай спецыяльнасці; працуюць па профілі выбранай спецыяльнасці ў любой арганізацыі; ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць па профілі выбранай спецыяльнасці.
Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі замежных дзяржаў, грамадзяне Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі, Рэспублікі Таджыкістан маюць права ўдзельнічаць у конкурсе на атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыi ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі як грамадзяне Рэспублікі Беларусь (па выніках уступных выпрабаванняў) або як замежныя грамадзяне (па выніках субяседавання).
Зменены ўмовы прыёму абітурыентаў для атрымання адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Так, у прыватнасці, дадзена магчымасць мэтавай падрыхтоўкі па ўсіх спецыяльнасцях; выключаны абавязковыя патрабаванні да ўмоў пражывання абітурыентаў, якія паступаюць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, акрамя таго, што яны павінны пастаянна пражываць у Рэспубліцы Беларусь; павялічана колькасць месцаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі па медыцынскіх і сельскагаспадарчых спецыяльнасцях да 60 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму.
Удакладнены ўмовы прыёму замежных грамадзян. У адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі, яны могуць паступаць за кошт сродкаў бюджэту і на платнай аснове, а па выніках выніковай атэстацыі пасля падрыхтоўчых курсаў або субяседавання — на платнай аснове.
Уведзена норма, згодна з якой у выпадку немагчымасці прыбыцця абітурыента ў прыёмную камісію ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі па ўважлівай прычыне дакументы падаюць законныя прадстаўнікі непаўналетніх абітурыентаў або прадстаўнікі абітурыентаў, якія дзейнічаюць на падставе даверанасці, засведчанай натарыяльна або ўпаўнаважанай службовай асобай.
Абітурыенты, якія жадаюць атрымаць спецыяльнасці для Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў Рэспублікі Беларусь, органаў унутраных спраў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, падаюць у прыёмныя камісіі ўстаноў адукацыі дакументы аб выніках праходжання імі прафесійнага адбору (замест медыцынскай даведкі аб стане здароўя па форме, устаноўленай Міністэрствам аховы здароўя).
Тыя, хто паступае на аснове агульнай базавай адукацыі (акрамя спецыяльнасцей, па якіх неабходна здаваць уступныя іспыты па спецыяльнасці), на ўсе спецыяльнасці паступаюць па конкурсе сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыі. Пры гэтым на спецыяльнасці, на якія конкурс у папярэдні год складаў 5 і больш чалавек на месца, яны паступаюць пры наяўнасці ў пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі адзнак не ніжэй за 4 балы па рускай і беларускай мовах і вучэбным прадмеце, які адпавядае профільным выпрабаванням.
Важна адзначыць і такое новаўвядзенне, як адмена раздзельнага конкурсу для выпускнікоў сельскіх і гарадскіх устаноў адукацыі. Да катэгорыі асоб, якія маюць права на залічэнне без уступных выпрабаванняў, дададзены пераможцы і прызёры юнацкіх Алімпійскіх гульняў пры паступленні на спецыяльнасці “Фізічная культура” , “Спартыўна-педагагічная дзейнасць”; да катэгорыі асоб, якія залічваюцца па-за конкурсам, дададзены выпускнікі кадэцкіх вучылішчаў, а таксама ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія прайшлі курс факультатыўных заняткаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці і якія скончылі гэтыя ўстановы ў год паступлення ў навучальныя ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, што рыхтуюць кадры для Узброеных Сіл і транспартных войскаў Рэспублікі Беларусь, — у колькасці да 30 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму.
Тым, хто паступае па-за конкурсам, неабходна мець адзнакі ў дакуменце аб адукацыі не ніжэй за 4 балы па рускай, беларускай мовах і вучэбным прадмеце, які адпавядае профільным выпрабаванням.
Да абітурыентаў, якія маюць пераважнае права на залічэнне пры аднолькавай агульнай суме балаў у парадку пералічэння, дададзены абітурыенты, якія маюць у дакуменце аб адукацыі больш высокі бал па вучэбным прадмеце, які адпавядае профільнаму іспыту, а таксама якія маюць у дакуменце аб адукацыі больш высокі бал па вучэбных прадметах “Руская мова”, “Беларуская мова”.
У пункце 35 правіл у новай рэдакцыі гаворыцца, што на спецыяльнасці (напрамкі спецыяльнасцей), дзе конкурс у папярэдні год складаў 1,5 і менш чалавека на месца, для абітурыентаў з агульнай сярэдняй адукацыяй уведзена патрабаванне наяўнасці ў дакуменце аб адукацыі адзнакi не ніжэй за 4 балы па рускай і беларускай мовах і вучэбным прадмеце, які адпавядае профільным выпрабаванням. Гэтая норма распаўсюджваецца ў роўнай ступені і на абітурыентаў, якія паступаюць на скарочаны тэрмін атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі на аснове прафесійна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй адукацыяй.
У пункце 38 правіл прадастаўлена магчымасць установам адукацыі ажыццяўляць залічэнне на вакантныя месцы, якія ўтварыліся пасля адлічэння, напрыклад, па ўласным жаданні асоб, прынятых на навучанне з даты іх залічэння да пачатку навучальнага года і на працягу месяца пасля пачатку навучальнага года (у старой рэдакцыі — толькі месяц пасля пачатку навучальнага года).
Для забеспячэння больш гнуткага і аператыўнага рэгулявання парадку правядзення ўступнай кампаніі ў кампетэнцыю Міністэрства адукацыі перададзены пытанні вызначэння пераліку пунктаў цэнтралізаванага тэсціравання; пераліку груп спецыяльнасцей і адпаведных ім профільных выпрабаванняў; тэрмінаў прыёму дакументаў, правядзення ўступных выпрабаванняў ва ўстанове адукацыі і тэрміны залічэння; пераводнай шкалы 100-бальных адзнак па ЦТ у 10-бальныя адзнакі; парадку правядзення субяседавання замежных грамадзян у сярэдняй спецыяльнай установе, якое ўстанаўлівае ўзровень валодання імі мовай, на якой ажыццяўляецца адукацыйны працэс.

— Хацелася завастрыць увагу нашай моладзі на тэрмінах правядзення ўступнай кампаніі ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
— Міністэрства адукацыі прыняло пастанову ад 11 красавіка 2014 года № 41 “Аб тэрмінах правядзення ўступнай кампаніі для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі і пераліку груп спецыяльнасцей (спецыяльнасцей, напрамкаў спецыяльнасцей) і адпаведных ім профільных выпрабаванняў”.
Згодна з гэтай пастановай, для тых, хто паступае на вочную (дзённую) форму атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту і на платнай аснове, хто мае агульную базавую адукацыю:
прыём дакументаў — з 15 па 31 ліпеня, на платнай аснове для тых, хто вытрымаў выпрабаванні, — па 14 жніўня;
уступныя іспыты — з 1 па 5 жніўня;
залічэнне бюджэтнікаў — па 8 жніўня, на платнай аснове — па 16 жніўня.
Для тых, хто мае агульную сярэднюю адукацыю, прафесійна-тэхнічную адукацыю з агульнай сярэдняй адукацыяй і паступае на ўсе формы атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту і на платнай аснове:
прыём дакументаў — з 15 ліпеня па 6 жніўня, на платнай аснове для тых, хто вытрымаў выпрабаванні, — па 14 жніўня;
уступныя іспыты — з 7 па 9 жніўня;
залічэнне за кошт сродкаў бюджэту — па 12 жніўня, на платнай аснове — па 16 жніўня.
Для тых, хто паступае на вочную (вячэрнюю) або завочную форму атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту або на платнай аснове па спецыяльнасцях сельскай гаспадаркі і воднага транспарту:
прыём дакументаў — з 1 кастрычніка па 30 лістапада;
уступныя іспыты — з 1 па 5 снежня;
залічэнне — па 10 снежня.
Прыём дакументаў ад замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія паступаюць у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы:
за кошт сродкаў бюджэту або на платнай аснове ў адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь — па 31 ліпеня;
на платнай аснове па выніках выніковай атэстацыі пры засваенні зместу адукацыйнай праграмы падрыхтоўкі асоб да паступлення ва ўстановы адукацыі Рэспублікі Беларусь — па 31 ліпеня;
на платнай аснове па выніках субяседавання ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі — па 15 кастрычніка.
Пералік груп спецыяльнасцей (спецыяльнасцей, напрамкаў спецыяльнасцей) і адпаведных ім профільных выпрабаванняў устаноўлены ранейшы.

— Ці будуць традыцыйнымі формы ўступных выпрабаванняў?
— Як і ў папярэднія гады, для тых, хто паступае ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, уступныя іспыты праводзяцца ў выглядзе цэнтралізаванага тэсціравання. Абітурыенты, якія паступаюць на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, здаюць два ўступныя іспыты ў форме ЦТ, гэта значыць, прад’яўляюць у прыёмную камісію два сертыфікаты ЦТ: адзін — па беларускай ці рускай мове (па жаданні абітурыента) за выключэннем філалагічных спецыяльнасцей, дзе здаецца ўступны іспыт у адпаведнасці з выбранай спецыяльнасцю; другі — па вучэбным прадмеце, які адпавядае профілю выбранай спецыяльнасці.
Тыя, хто паступае на спецыяльнасці, якія патрабуюць творчага конкурсу, на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, замест прад’яўлення другога сертыфіката ЦТ па вучэбным прадмеце здаюць уступныя іспыты па спецыяльнасці (па праграме, зацверджанай заснавальнікам установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі).
Абітурыенты, якія паступаюць на скарочаны тэрмін атрымання адукацыі на аснове прафесійна-тэхнічнай адукацыі, здаюць толькі адзін уступны іспыт па спецыяльнасці. Як я адзначыла раней, абітурыенты, якія паступаюць на аснове агульнай базавай адукацыі (акрамя спецыльнасцей, па якіх неабходна здаваць уступныя іспыты па спецыяльнасці), паступаюць па конкурсе сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыі.

 

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.