Атрымаць жаданы вынік

- 12:00Планёрка ў рэгіёне

У сістэме адукацыі Ельскага раёна Гомельскай вобласці, ва ўсіх яе ўстановах працуюць творчыя, неабыякавыя людзі. Каманда аднадумцаў — так можна сказаць пра большасць яе педагагічных калектываў. А дзе ёсць згуртаванасць і ўзаемаразуменне, там заўсёды і жаданы вынік. Па выніках абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы аддзелаў адукацыі райвыканкамаў у 2013/2014 навучальным годзе раённы аддзел заняў 1 месца сярод тых раёнаў Гомельскай вобласці, у якіх вучыцца і выхоўваецца не больш за 4 тысячы навучэнцаў. Нашы пытанні сёння адрасаваны начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму Ельскага райвыканкама Віктару Пятровічу АМЕЛЬЧУКУ.

— Віктар Пятровіч, раскажыце падрабязней, якія самыя значныя дасягненні сістэмы адукацыі Ельскага раёна ў апошнія гады? Спыніцеся, у прыватнасці, на рабоце з адоранымі вучнямі і на дасягненнях педагогаў.
— Работа з адоранымі вучнямі ў раёне мае сістэмны характар. Аб гэтым сведчаць лічбы: за апошнія 5 гадоў нашы педагогі падрыхтавалі 59 пераможцаў трэцяга і 9 пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, а таксама 30 пераможцаў трэцяга этапу абласной алімпіяды па вучэбных прадметах сярод навучэнцаў 4—9 класаў. Толькі ў 2014 годзе па выніках абласной алімпіяды, а таксама трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах навучэнцы 4—9 класаў атрымалі 18 дыпломаў. У 2013/2014 навучальным годзе школьнікі Ельшчыны 22 разы займалі прызавыя месцы ў абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсах.
Спартыўныя дасягненні нашых вучняў таксама штогод адзначаюцца высокімі ўзнагародамі на абласным і рэспубліканскім узроўні. Знакавым для раёна быў 2012/2013 навучальны год: нашы юныя спартсмены занялі на абласной спартакіядзе ў агульнакамандным заліку першае месца, а ў 2013/2014 — трэцяе. З IX Рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне, лыжных гонках і стральбе з пнеўматычнай зброі “Снежны снайпер” на прызы прэзідэнцкага клуба нашы навучэнцы, якія былі ў складзе каманды Гомельскай вобласці, прывезлі 9 медалёў. У бягучым навучальным годзе Ельская дапаможная школа-інтэрнат атрымала дыплом II ступені на заключным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі” ў намінацыі “Дапаможная школа-інтэрнат”.
Неаднаразова навучэнцы і педагогі раёна адзначаліся прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, а таксама прэміямі абласнога выканаўчага камітэта.
У 2014 годзе 64 педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўдзельнічалі ў міжнародных, рэспубліканскіх, абласных навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах педагагічных ідэй і майстэрства, конкурсах метадычных распрацовак. 19 педагогаў па выніках удзелу ў гэтых мерапрыемствах былі ўзнагароджаны дыпломамі розных ступеней, сертыфікатамі лаўрэатаў, адзначаны пахвальнымі водзывамі, лістамі падзякі і каштоўнымі падарункамі.

— Магчыма, менавіта дзякуючы выкарыстанню сучасных тэхналогій і методык навучання педагогі і іх вучні становяцца пераможцамі розных конкурсаў…
— Жаданага выніку пры навучанні дзяцей дапамагаюць дасягнуць інфармацыйныя і мультымедыйныя тэхналогіі. Настаўнікі актыўна выкарыстоўваюць камп’ютарныя прэзентацыі, відэа- і аўдыяфрагменты, інтэрактыўную дошку, сетку інтэрнэт, гатовыя праграмныя прадукты. З мэтай развіцця пазнавальнай цікавасці і актыўнасці школьнікаў на ўроках педагогі першай ступені навучання ўкараняюць адукацыйную мадэль “Крок за крокам”, ТРВЗ-тэхналогію, мадэль школьна-сямейнага выхавання “Арыенцір”. Найбольш распаўсюджаныя ў адукацыйным працэсе тэхналогіі даследчай і праектнай дзейнасці, развіцця крытычнага мыслення, асобасна арыентаванага навучання, гульнявыя тэхналогіі, тэхналогія педагагічных майстэрань. Педагагічны калектыў Зашырскай сярэдняй школы Ельскага раёна з’яўляецца ўдзельнікам рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкі па тэме “Укараненне мадэлі рэалізацыі міжведамасных сувязей у навучанне дысцыплінам гуманітарнага цыкла”.
Укараняюцца таксама новыя формы арганізацыі дашкольнай адукацыі, якія больш мэтазгодныя і эканамічныя, мабільныя з пункту погляду працягласці знаходжання дзяцей у дзіцячых установах, больш сучасныя і прагрэсіўныя па змесце дашкольнага выхавання і навучання. Так, у 2014 годзе функцыянавала 10 груп кароткачасовага знаходжання: 4 з іх — адаптацыйныя, на платнай аснове, 3 мацярынскія школы і 3 групы — сезонныя і гульнявыя пляцоўкі. Гэтыя 10 груп наведвалі 86 дзяцей (64 з іх — на платнай аснове).
Асабліва запатрабаваны ў бацькоў выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі паслугі адаптацыйных груп і школ будучага першакласніка.

— Хацелася б спыніцца на праблемах, з якімі ўстановам адукацыі даводзіцца сутыкацца ў апошні час. Што вас сёння хвалюе?
— Хвалюе перш за ўсё дэмаграфічная сітуацыя. Кіраўнікі многіх устаноў адукацыі інфармуюць супрацоўнікаў раённага аддзела аб малой колькасці навучэнцаў у школах. Гэтае пытанне іх клапоціць нават больш, чым матэрыяльная база ўстановы. У 2012/2013 навучальным годзе колькасць навучэнцаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Ельшчыны складала 2083 чалавекі, у 2013/2014 — 2008, а ў бягучым 2014/2015 навучальным годзе школы наведваюць толькі 1983 вучні. Ва ўстановах дашкольнай адукацыі раёна колькасць выхаванцаў крыху павялічылася. У 2012 годзе яна складала 664, у 2015 годзе — 672 дзіцяці.
З 2012 па 2014 год рэарганізавана 2 установы і закрыта 5 неперспектыўных устаноў адукацыі. У ліку закрытых — адна сярэдняя школа, адна базавая школа, адзін вучэбна-педагагічны комплекс “яслі-сад — сярэдняя школа”, адзін яслі-сад і адзін міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі. Прычым 4 установы закрыты ў 2014 годзе. Для 6 выхаванцаў і 39 навучэнцаў гэтых устаноў мы арганізавалі падвоз у іншыя ўстановы адукацыі раёна. Усе работнікі, якія выказалі жаданне працягнуць дзейнасць у адукацыйнай сістэме, таксама былі працаўладкаваны ў іншых раённых установах адукацыі. Да верасня 2015 года плануецца рэарганізацыя адной сярэдняй школы ў базавую. Спадзяюся, гэты працэс пройдзе лёгка як для вучняў, так і для педагогаў установы. У далейшым аптымізацыя закране ў асноўным класы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі горада. Мэта пераўтварэнняў — прывядзенне іх напаўняльнасці ў адпаведнасць з патрабаваннямі дзеючага заканадаўства.
Існуюць і іншыя праблемы. Яны ў зніжэнні прэстыжнасці прафесіі педагога. Узровень падрыхтоўкі выпускнікоў УВА іншы раз бывае невысокім, да таго ж маладыя спецыялісты, адпрацаваўшы пэўны тэрмін, пакідаюць раён, не замацоўваюцца ў нашых установах адукацыі.

— Гомельская вобласць знаходзіцца на асаблівым рахунку з-за аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Наколькі вы гэта адчуваеце?
— Усе ўстановы адукацыі Ельскага раёна размешчаны ў зоне радыеактыўнага забруджвання: 8 з іх — на тэрыторыі са шчыльнасцю забруджвання 5—15 Кі/км2 (у зоне з правам на адсяленне), усе астатнія — на тэрыторыі са шчыльнасцю забруджвання 1—5 Кі/км2 (у зоне з перыядычным радыяцыйным кантролем). У залежнасці ад месца знаходжання ўстановы, ад напаўняльнасці груп прадоўжанага дня навучэнцы забяспечваюцца аднаразовым (956 дзяцей), двухразовым (912 дзяцей) і трохразовым (115 дзяцей) бясплатным харчаваннем. Для бацькоў выхаванцаў дашкольных устаноў, у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 307 ад 29 лютага 2006 года, плата за харчаванне дзяцей зніжана на 50%. Акрамя гэтага, усе навучэнцы маюць права адзін раз у год скарыстацца льготай на бясплатнае аздараўленне (на санаторна-курортнае лячэнне). Праезд да месца аздараўлення і назад таксама за кошт дзяржавы.
Штогод з рэспубліканскага бюджэту выдзяляюцца сродкі на набыццё халадзільнага і тэхналагічнага абсталявання для харчаблокаў адукацыйных устаноў, размешчаных у зоне з правам на адсяленне. У 2013 годзе было выдаткавана на гэтыя мэты 17 млн беларускіх рублёў, у 2014 годзе — 17 млн 175 тысяч беларускіх рублёў.

Надзея ЦЕРАХАВА.