Аўтагарадок у школе

У сярэдняй школе № 208 сталіцы адбылося адкрыццё аўтагарадка. Нагадаем, што тут з 2015 года дзейнічае Цэнтр бяспекі дарожнага руху Мінска па фарміраванні культуры бяспечных паводзін і прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму.

— Сучасная школа — гэта шматфункцыянальны комплекс, дзе навучэнцы праводзяць большую частку дня: вучацца, развіваюцца, займаюцца фізічнай культурай, наведваюць аб’яднанні па інтарэсах, а падчас канікул — аздараўліваюцца, — гаворыць дырэктар установы Людміла Георгіеўна Філімонава. — Адкрыццё аўтагарадка, дзе дзеці атрымліваюць навыкі бяспечных паводзін, цалкам упісваецца ў гэтую канцэпцыю. Менавіта таму да планіроўкі і абсталявання школы, прылеглай тэрыторыі сёння прад’яўляюцца высокія патрабаванні экалагічнасці, эрганамічнасці, эстэтычнасці і бяспечнасці.

Усё гэта тычыцца і аўтагарадка, які ўяўляе сабой спецыялізаваную гульнявую прастору, дзе праходзяць практычныя заняткі па правілах дарожнага руху і адпрацоўваюцца навыкі бяспечных паводзін на вуліцах і дарогах горада. Заняткі будуць праводзіцца як для навучэнцаў школы № 208, так і для ўсіх школьнікаў Маскоўскага раёна сталіцы.

Аўтагарадок дазволіць не толькі стварыць развіццёвае і здароўезберагальнае асяроддзе на прышкольнай тэрыторыі, але і паспрыяе папулярызацыі актыўнага адпачынку сярод навучэнцаў, удасканаленню прафілактыкі дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, развіццю ў школьнікаў навыкаў бяспечных паводзін. Адкрыццё такога аб’екта стала магчымым дзякуючы падтрымцы ДАІ Маскоўскага раёна Мінска, Белаграпрамбанка, дэпутацкага корпуса.

Падрыхтавала Марына Хідджаз.
Фота з архіва сярэдняй школы № 208 Мінска.