Аўтарскі падыход

- 14:37Спартыўныя падзеі

Фізкультура — гэта пра бег, скачкі і падцягванні. Пра “ў здаровым целе здаровы дух”. Увогуле, пра карысць, якую важна атрымаць нават праз не хачу і не магу. А ці можна ўсё гэта ператварыць у цікавае захапленне, якое прыносіць не толькі выгаду, але і задавальненне? Так. Галоўнае — думаць шырэй.

Крос? Кросфіт!

Прасторная светлая зала, вакол люстэркі, з калонак гучыць несмяротны хіт Big City Life дуэта Mattafix. Па ўсім перыметры раскладзены гімнастычныя кілімкі, фітболы і гантэлі. Усё гэта не для прыгажосці: юныя першакурснікі з Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта па чарзе мяняюць снарады і энергічна выконваюць незвычайныя практыкаванні. Кіруе працэсам Дзмітрый Аляксандравіч Якубоўскі — дацэнт кафедры фізічнай культуры БНТУ.

— Кожныя заняткі ўяўляюць сабой паўнавартасны трэніровачны комплекс. Пачынаем з аэробікі, а затым ідзе асноўная частка трэнінгу з элементамі кросфіта. Гэта шматсустаўныя рухі, якія маюць бытавое прымяненне.

Напрыклад, ёсць элементарныя згінанні рук з гантэллю на біцэпс. Такім чынам чалавек прапрацоўвае толькі адну мышцу. А ёсць бёрпі — шматсустаўнае практыкаванне, якое складаецца з чатырох фаз: упор лежачы, адцісканне, прысяданне і выскокванне. Яно развівае грудныя мышцы, пярэднюю паверхню ягадзічнай мышцы, трыцэпс, плечавыя дэльты і мышцы жывата. Або “пуш ап” — адцісканні з воплескамі. Гэта парны элемент, дзе пасля адціскання трэба закрануць далоні чалавека насупраць. Дзякуючы такім тэхнікам працуюць амаль усе мускулы нашага цела, а таксама актывізуецца сардэчна-сасудзістая сістэма.

Як у фітнес-клубе

Збоку гэта выглядае незвычайна: уся група дзейнічае як адзіны механізм, які выконвае пастаўленую задачу. Прычым рухі пастаянна мяняюцца — на тое, каб адцягнуцца, проста няма часу. Нягледзячы на даволі хуткі  тэмп, ніхто не халтурыць.

— У мяне ёсць выразная пазіцыя: трэніроўка павінна пры­но­сіць максімальны эфект, — адзна­чае Дзмітрый Аляксандравіч. — Студэнты ў гэтым па-сапраўднаму зацікаўлены, бо ў іх узросце хочацца выглядаць здаровым і прыгожым, а кросфіт-методыкі, якія я выкладаю, якраз накіраваны на фарміраванне мускулатуры.

Акрамя таго, яны прахо­дзяць у цікавым фармаце. З часам маладыя людзі страчваюць ціка­васць да традыцыйнай фізкультуры, асабліва калі бачаць кантраст паміж звычайнымі практыкаваннямі і дынамічнымі трэніроўкамі ў фітнес-клубах. Тым, хто ўжо паспеў апрабаваць такія заняткі, становіцца крыху сумна. Бо пачынаючы з першага класа фізічнае выхаванне вучняў ідзе па звыклай праграме. Гэта дакучае і, каб абудзіць ціка­васць у студэнтаў, я ўводжу элементы фітнесу. Напрыклад, музычны фон — нават звычайныя рухі рабіць пад гукавое суправаджэнне куды весялей. Такі займальны фармат знаходзіць водгук нават у самых абыякавых. Таму стараюся яго развіваць, а дапамагае ў гэтым кіраўніцтва Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, за што яму вялікі дзякуй.

Быццам зноў нарадзіўся!

У любой справе можна знайс­ці месца творчаму падыходу — было б жаданне. У Дзмітрыя Аляксандравіча з гэтым усё ў парадку: ён не толькі ўвасабляе сплаў маладосці і вопыту, але і мае цудоўнае пачуццё гумару.

— У вучэбным комплексе па фізічным выхаванні студэнтаў прысутнічае абавязковы кампанент і крэатыўны. Усе выкладчыкі нашай кафедры паважаюць асновы, але ў той жа час імкнуцца прыдумаць нешта новае. Напрыклад, прыўнесці розныя элементы фітнесу ў традыцыйнае фізічнае выхаванне. Гэта значыць да лёгкай атлетыкі, плавання і камандных гульняў дабаўляем трэніровачныя комплексы з кросфіта, зумбы (танцавальнай фітнес-праграмы), аэро­бікі, пілатэсу. Усё гэта ўзаемазвязана.

На пералічаныя дысцыпліны студэнты рэагуюць, як на ўсё незнаёмае. Спачатку ідзе здзіўленне — усмешкі і збянтэжанасць — асабліва ў хлопцаў. Але потым ствараецца пазітыўны эмацыянальны фон, пачынаюцца жарты. Вядома, выкладчыку трэба трымаць такую весялосць пад кантролем, хоць і спыняць яе не варта. Мне больш камфортна працаваць у разняволенай абстаноўцы, але тут неабходна адштурхоўвацца ад паводзін навучэнцаў. З кімсьці неабходна быць больш строгім, іншыя схоп­ліваюць на ляту і атрымліваюць задавальненне ад працэсу. Сам чуў, як нехта са студэнтаў пасля трэніроўкі з элементамі кросфіта заўважыў: “Такое пачуццё, быццам зноў нарадзіўся!”.

Чым больш, тым лепш

Заняткі скончыліся, студэнты паціху разыходзіліся. Настрой ва ўсіх быў прыўзняты: нягледзячы на гадзінную трэніроўку, яны выглядалі бадзёрымі і зараджанымі энергіяй. Хтосьці дзякаваў, хтосьці ўдакладняў, як выконваць практыкаванне, хтосьці цікавіўся наконт дадатковых вучэбных га­дзін. Дзмітрый Аляксандравіч адкрыў сакрэт такой папулярнасці:

— Да ўсіх навучэнцаў стаўлюся паважліва і добразычліва. Ра­зам з тым неабходна заставацца патрабавальным і да аўдыторыі, і да самога сябе, не даваць усумніцца ў сваёй кампетэнтнасці.

Для мяне вельмі важна распаліць у студэнтаў цікавасць да прадмета. Чым больш маладых людзей пачнуць займацца спортам пасля маіх заняткаў, тым лепшы будзе вынік працы. Галоўнае паказаць, што фізкультура — гэта не толькі карысна, але і займальна. Яна дазваляе ўмацаваць арганізм і адчуць сябе больш упэўнена. Пры гэтым трэба разумець, што падчас студэнцтва ў навучэнцаў хапае іншых клопатаў: шмат дысцыплін, высокі ўзровень адказнасці, у ка­госьці першае каханне. Тут нікуды без індывідуальнага падыходу, таму я стараюся кожнага настроіць на працоўны лад.

“Апошнім часам у многіх панізілася рухальная актыўнасць. Тэхналогіі, гаджэты — усё гэта палягчае нам жыццё і дазваляе не ўставаць з канапы. На мой погляд, рух раўнасільны сну ці ежы. Гэта абавязковая патрэба арганізма, пазбавіўшыся якой чалавек не можа адчуваць сябе добра”.

Думаць на перспектыву

Акрамя сваёй спецыяльнасці Дзмітрый Аляксандравіч цікавіцца і іншымі сферамі: літаратурай, музыкай, кінематографам. Дзякуючы гэтаму яму ўдаецца пастаянна пашыраць кругагляд і быць са студэнтамі на адной хвалі.

— Сучаснаму педагогу неабходна цягнуцца да новых ведаў, павышаць свой узровень кампетэнтнасці, бо цяпер усё вельмі хутка мяняецца, і трэба паспець за ўсім усачыць. Яшчэ вылучу пачуццё гумару. Навучэнцам павінна быць цікава праводзіць час з выкладчыкам, а добрыя жарты дапамагаюць злавіць з аўдыторыяй агульную хвалю.

Дзякуючы такому падыходу заняткі фізкультурай фарміруюць паўнавартасную суполь­насць, дзе ва ўсіх удзельнікаў падобныя інтарэсы. Праз спорт можна не толькі прывесці ў парадак цела і дух, але і добра правесці час і знайсці новых сяброў. Такія фішкі студэнты схопліва­юць на ляту.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.