Аўтарскія сшытак і дзённік юнага фалькларыста: чаму яны становяцца для дзяцей важнай каштоўнасцю

- 10:21Образование

Аўтарскія сшытак і дзённік юнага фалькларыста: чым яны адметныя і чаму становяцца для дзяцей важнай каштоўнасцю расказалі карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» ў гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава.

З першых імгненняў знаёмства адчуваецца: ёсць у асобе бібліятэкара і педагога дадатковай адукацыі Марыі Ерашэнка штосьці магічнае. Не проста дасканалае веданне прадмета выкладання і ўзроставай псіхалогіі, памножанае на моцную метадычную падрыхтоўку, шчырае захапленне сваёй справай — хутчэй тое няўлоўнае, што напаўняе ўсе складнікі энергіяй жыцця і нязменна прываблівае вучняў. Натхнёныя настаўніцай, яны раз за разам спяшаюцца на заняткі, прыводзяць сяброў, уключаюць у работу бацькоў, разам ладзяць адметныя майстар-класы і фестывалі… Ціхае, але па-вясноваму наравістае педагагічнае чарадзейства нястрымна выйшла за межы адведзенай на правядзенне вучэбных гадзін бібліятэчнай прасторы. Між тым яе гаспадыня не выпус­кае з рук нябачную дырыжорскую палачку, на кожны рух якой чуйна адгукаюцца дзіцячыя сэрцы. Калегі ў гімназіі напаўжартам пераконваюць: “Калі б наша Марыя Валер’еўна ўзялася выкладаць фінансавую дасведчанасць або лацінаамерыканскія танцы, то эфект быў бы вельмі падобны. Сакрэт такой вучнёўскай захопленасці найперш у самой настаўніцы”. Полем дзейнасці таленавітая маладая педагог выбрала родную мову і традыцыйную беларускую культуру.

У мяне пакуль даволі сціплы стаж педагога дадатковай адукацыі, — адзначае мая суразмоўніца. — Я вяду гурткі “Юныя фалькларысты”: другі год у гімназіі і крыху больш у абласным палацы дзяцей і моладзі. З гэтага навучальнага года з’явілася цудоўная магчымасць адкрыць новы гурток ад палаца на базе гімназіі. Прыемна, што колькасць жадаючых далучыцца павялічваецца. Усяго ў гуртках зараз займаецца 56 навучэнцаў 1—6 класаў. Мне падабаецца працаваць з вучнямі гэтага ўзросту, калі яны актыўна даследу­юць сябе і навакольны свет. Радасна бачыць, як дзеці прыходзяць у гурток разрозненыя, а неўзабаве адчува­юць сябе адзінай камандай, нацэленай на твор­часць і даследаванні. Некаторыя пачаткоўцы ў верасні, здараецца, саромеюцца ў групе гаварыць па-беларуску, аднак праз лічаныя тыдні ўсе размаўляюць на занятках і перапынках выключна на роднай мове. Прычым па ўласным жаданні: іх ужо не трэба пераконваць, яны свядома беларускамоўныя. Характэрна, што ў іх паляпшаецца паспяховасць па беларускай мове і літаратуры. З’яўляюцца і дасягненні ў конкурсных мерапрыемствах па прадмеце — напрыклад, наш гуртковец нядаўна заняў 1-е месца ў гімназічным інтэлектуальным марафоне па беларускай мове. Маем у скарбонцы гуртка і перамогі на сур’ёзных абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Сярод самых важкіх варта ўзгадаць 3-е месца ў намінацыі “Спадчына продкаў” на рэспуб­ліканскім конкурсе “Юны натураліст”. Або ўзяць персанальную выставу калекцыі лялек яшчэ адной маёй вучаніцы — па-мойму, выдатны поспех для шасцікласніцы! З першых крокаў пачынаюцца слаўныя шляхі. Менавіта ў малодшым школьным узросце закладваецца аснова, на якой фарміруецца светапогляд грамадзяніна і патрыёта. Мы, дарослыя, павінны не ўпусціць час, прывіць цікавасць і навучыць шанаваць народныя традыцыі, родную мову, гісторыю Радзімы, каб нашы дзеці выраслі добрымі людзьмі і сапраўднымі беларусамі.

Чытайце матэрыял Таццяны БОНДАРАВАЙ у нумары ад 14 сакавіка 2023 года.