Учора ў Палацы Рэспублікі прайшло рэспубліканскае свята, прысвечанае Дню настаўніка. У вялікай зале сабралася 2500 педагагічных работнікаў з усіх рэгіёнаў краіны. У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі шматлікіх міністэрстваў і ведамстваў.
Віншавальны адрас прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі зачытала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава:
“Дарагія сябры, сардэчна віншую вас з Днём настаўніка! Ваша вялікая праца патрабуе поўнай самааддачы, высакароднасці душы, цярпення і бязмежнай любові да дзяцей.
Мы жывём у дынамічны час: развіваецца навука, удасканальваюцца методыкі, абнаўляецца змест адукацыі. Аднак нават самыя сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі ніколі не заменяць жывых зносін з настаўнікам.
Абапіраючыся на традыцыі і духоўныя каштоўнасці народа, вы вызначаеце заўтрашні дзень краіны, ведзяце сваіх вучняў да вяршынь ведаў, фарміруеце асобы, выхоўваеце сапраўдных патрыётаў, грамадзян Айчыны.
Упэўнены, што аўтарытэт і высокі статус настаўніка ў грамадстве — аснова паспяховай будучыні дзяржавы. Дзякую вам за высокі прафесіяналізм, вернасць доўгу і прызванню. Жадаю моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту вам і вашым сем’ям”.
У Палацы Рэспублікі ўшанавалі лепшых педагогаў з усёй краіны. З рук Наталлі Качанавай яны атрымалі ганаровыя граматы Адміністрацыі прэзідэнта. Група настаўнікаў адзначана падзякамі прэм’ер-міністра, граматамі Нацыянальнага сходу, узнагароджана нагруднымі знакамі “Выдатнік адукацыі”.
“Канфуцый адзначаў, што настаўнік і вучань растуць разам, таму такая садружнасць павінна быць непарушнай. Толькі ў супрацоўніцтве педагогаў, дзяцей і бацькоў можна дасягнуць такіх вынікаў, якія дапамогуць развіваць нашу краіну і рухацца наперад. Мы ўсе разумеем значнасць педагагічнай прафесіі. Выдатна, што прадстаўнікі банкаўскай структуры, бізнесмены падтрымліваюць праекты, якія рэалізоўваюцца ў сістэме адукацыі. Гэта азначае, што ўсе яны зацікаўлены ў адукаваных, прафесійна падкаваных спецыялістах.
Педагог — прафесія творчая. Тут нельга ўсё разлічыць і прадугледзець. Адукацыйны працэс — гэта ўзаемадзеянне настаўніка і вучня. Як ён будзе наладжаны, залежыць і ад педагога, і ад школьніка. Выхаваць творчага, адданага прафесіі настаўніка дапамагаюць створаныя па ўсёй краіне педагагічныя класы. Гэтая ідэя апраўдала сябе: на педагагічныя спецыяльнасці ва ўніверсітэты прыходзяць больш матываваныя і падрыхтаваныя абітурыенты. Напярэдадні прафесійнага свята ўсім педагогам хачу пажадаць творчага і духоўнага задавальнення ад сваёй прафесійнай дзейнасці. Сапраўднае настаўніцкае шчасце — у паразуменні з вучнямі, таму жадаю толькі пазітыўных эмоцый ад работы”, — адзначыў міністр адукацыі Ігар Карпенка.
Напярэдадні прафесійнага свята для педагогаў з розных рэгіёнаў Беларусі была арганізавана экскурсія па Палацы Незалежнасці. У ёй прынялі ўдзел 60 педагогаў, сярод якіх былі прадстаўнікі як старэйшага пакалення, так і маладыя спецыялісты, якія нядаўна пачалі прафесійную кар’еру. Яны азнаёміліся з інтэр’ерамі аднаго з сімвалаў беларускай дзяржаўнасці — Палаца Незалежнасці, пабывалі ў залах, дзе ўручаюцца дзяржаўныя ўзнагароды, праходзяць нарады кіраўніка дзяржавы і прымаюцца найважнейшыя для развіцця краіны рашэнні.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Уладзіміра ФАЛАЛЕЕВА.