Аўтарызацыя наведвальнікаў форумаў дазволіць зняць адказнасць з уладальнікаў рэсурсаў за змест каментарыяў

Пра гэта заявіў намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі на пасяджэнні рабочай групы па дапрацоўцы праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь”.

“Такім чынам мы хочам зняць адказнасць з саміх уладальнікаў рэсурсаў за каментарыі. Калі ўводзім аўтарызацыю, то ва ўладальнікаў больш магчымасцей указаць праваахоўнікам напрамак работы”, — сказаў Павел Лёгкі.

Канкрэтная методыка аўтарызацыі яшчэ ў распрацоўцы, падкрэсліў намеснік міністра. Як варыянт прапануецца ўвесці СМС-ідэнтыфікацыю. Калі ёсць іншыя прапановы, Павел Лёгкі звярнуўся да СМІ з просьбай агучваць іх для абмеркавання. Ён акцэнтаваў увагу, што сёння каментатара можна вызначыць па IP-адрасе.

Прадстаўнікі інтэрнэт-рэсурсаў выказаліся на карысць таго, што ідэнтыфікацыя павінна быць зручнай і разнастайнай, каб быў выбар найбольш простага спосабу для карыстальніка.

“Мы не чакалі, што такая навацыя ў Закон аб СМІ будзе ключавой. З аднаго боку, ёсць меркаванне, што адбудзецца зніжэнне трафіка, падзенне даходаў ад рэкламы. Але ніхто не ведае, ці будзе сапраўды гэты адток. Мы аналізуем колькасць праглядаў і каментарыяў і супастаўляем. Можа, ёсць іншы метадычны падыход”, — дадаў Павел Лёгкі.

Таксама ён звярнуў увагу на тое, у якіх выпадках каментатары баяцца раскрывацца. Запаўняючы анкеты пры афармленні дысконтных картак, напрыклад, людзі ахвотна раскрываюць свае персанальныя даныя і не баяцца за іх захаванасць. Уся справа ў тым, што за хамства і абразлівыя выразы на форуме пад сваім імем каментатар будзе несці адказнасць. “Сёння форум — гэта высокая загарода ананімнасці, з-за якой можна высунуцца, плюнуць на чалавека і схавацца. Шмат зваротаў грамадзян і наконт хамства. Ніводны ўладальнік рэсурсу не гарантуе паўнацэнную прамадэрацыю. Акрамя таго, на форумы іншым часам пралазяць махляры, размяшчаюцца спасылкі аб мікрапазыках, прадаюцца спайсы”, — сказаў Павел Лёгкі.

19 красавіка праект змяненняў у Закон аб СМІ быў прыняты ў першым чытанні і цяпер рыхтуецца да разгляду ў другім. Прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, дэпутаты, грамадскасць унеслі прапановы па дапрацоўцы. Іх абмеркаванне прайшло на пашыраным пасяджэнні рабочай групы з удзелам прадстаўнікоў найбуйнейшых СМІ і электронных медыя Беларусі.