Аўтацягнік набірае хуткасць

- 12:52Рознае, Якасць адукацыі

У Смалявіцкім аграрна-тэхнічным прафесійным ліцэі прайшло пасяджэнне круглага стала па тэме далейшага ўдасканалення падрыхтоўкі вадзіцеляў-міжнароднікаў ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі з удзелам прадстаўнікоў сістэмы адукацыі, Асацыяцыі “БАМАП”, кіраўнікоў навучальных устаноў, дзе вядзецца падрыхтоўка кадраў для міжнародных перавозак, дэпутатаў. Круглы стол прайшоў у рамках правядзення адборачнага этапу IX конкурсу прафесійнага майстэрства вадзіцеляў магістральных аўтацягнікоў.

Ужо тры гады ў каледжах і ліцэях прафесійна-тэхнічнай адукацыі нашай краіны вядзецца падрыхтоўка вадзіцеляў-міжнароднікаў на бюджэтнай аснове. Гэтаму папярэднічала вялікая сумесная работа Міністэрства адукацыі, Асацыяцыі “БАМАП” і навучальных устаноў, якая была высока ацэнена на нядаўнім пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі і стала прыкладам для іншых галін эканомікі і сацыяльнай сферы.
Апошнія гады сталі найбольш прадукцыйнымі ў супрацоўніцтве аўтамабільнай галіны з сістэмай адукацыі. Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі пры непасрэдным удзеле Асацыяцыі “БАМАП” і вучэбнага цэнтра “БАМАП-Веды” ў 2011 годзе былі распрацаваны, а ў 2013 годзе ўдасканалены вучэбныя планы і праграмы па падрыхтоўцы вадзіцеляў-міжнароднікаў з улікам запатрабаванняў рынку працы.
Вучэбным цэнтрам “БАМАП-Веды” ўпершыню на прасторы СНД быў выдадзены вучэбны дапаможнік з грыфам Міністэрства адукацыі “Міжнародныя аўтамабільныя перавозкі грузаў”. Асацыяцыяй “БАМАП” быў створаны відэаролік аб працы вадзіцеля-міжнародніка, які сёння служыць прафарыентацыйным матэрыялам для папулярызацыі гэтай прафесіі сярод моладзі. Адметна, што відэаролік быў раздадзены асацыяцыяй у якасці падарунка кожнай навучальнай установе, дзе рыхтуюць вадзіцеляў-міжнароднікаў. І, што самае адметнае, некаторыя з гэтых устаноў выкарыстоўваюць відэаматэрыял у якасці сваёй рэкламы, якая, безумоўна, прываблівае абітурыентаў у час прыёмнай кампаніі. Акрамя таго, асацыяцыя выдала метадычны дапаможнік, у які ўвайшлі лепшыя метадычныя распрацоўкі выкладчыкаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі і педагагічных работнікаў вучэбных арганізацый, якія ажыццяўляюць дадатковую адукацыю дарослага насельніцтва па прафесіі вадзіцеля міжнародных аўтамабільных перавозак. У гэтым дапаможніку знаходзіцца CD-дыск з прэзентацыямі ўрокаў педагогаў, што дазваляе ім абменьвацца здабытым вопытам. І зноў жа бязвыплатна гэты змястоўны метадычны дапаможнік быў перададзены ва ўсе навучальныя ўстановы, якія рыхтуюць вадзіцеляў-міжнароднікаў. Цяпер праводзіцца экспертыза банка тэстаў для праверкі ведаў навучэнцаў на прафесійную кампетэнтнасць, і ўстановы адукацыі ў хуткім часе атрымаюць яго ў новай рэдакцыі для правядзення выніковай атэстацыі навучэнцаў.

Колькасць устаноў, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку вадзіцеляў-міжнароднікаў, за тры гады вырасла да 10 устаноў прафесійнай адукацыі. У гэтым годзе прафесію вадзіцеля-міжнародніка пачалі асвойваць больш за 300 чалавек, з іх амаль 80 — на базе дзевяці класаў. Сёлета была распачата падрыхтоўка вадзіцеляў-міжнароднікаў у Пастаўскім прафесійна-тэхнічным каледжы сельскагаспадарчай вытворчасці, куды было прынята 25 чалавек. Акрамя таго, практычна ў два разы павялічаны прыём навучэнцаў на гэтую прафесію ў Пінскім прафесійна-тэхнічным каледжы машынабудавання. У цэлым за тры гады падрыхтавана 670 вадзіцеляў-міжнароднікаў. Каля 30% выпускнікоў накіраваны ў арганізацыі, якія ажыццяўляюць міжнародныя перавозкі, 70% — у іншыя транспартныя арганізацыі. Прыток гэтых маладых кадраў у транспартную галіну, безумоўна, паспрыяе эфектыўнасці работы айчынных міжнародных перавозчыкаў.
— Улічваючы тое, што сёння наша краіна імкнецца больш эфектыўна развіваць экспарт паслуг і тавараў на міжнародным рынку, транспартнай галіне краіны ставіцца задача дакладнай арганізацыі міжнародных перавозак, — адзначыў Мікалай Іванавіч Баравой, старшыня Асацыяцыі “БАМАП”. — І ад таго, якіх вадзіцеляў-міжнароднікаў мы падрыхтуем, залежыць выкананне гэтай дзяржаўнай задачы. Таму транспартнікі павінны і надалей цесна ўзаемадзейнічаць з Міністэрствам адукацыі, непасрэдна з навучальнымі ўстановамі, каб падрыхтаваць кадры самай высокай якасці.
Сапраўды, супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і транспартнай галіной умацоўваецца з кожным годам, расце выніковасць гэтага ўзаемадзеяння, аб чым сведчыць паспяховая рэалізацыя шэрага мерапрыемстваў, закладзеных у сумесны План дзеянняў, падпісаны паміж асацыяцыяй і Міністэрствам адукацыі. Але, згодна з патрабаваннямі сённяшняй эканомікі, гэтага недастаткова і трэба зрабіць яшчэ больш. Асноўная нагрузка ў гэтым належыць заказчыкам кадраў — транспартным арганізацыям. Яны павінны больш актыўна ўзаемадзейнічаць з навучальнымі ўстановамі, удзельнічаць у нарадах, пасяджэннях педсаветаў, у выхаваўчых мерапрыемствах, у прафарыентацыйнай рабоце, каб папулярызаваць сярод моладзі прафесію вадзіцеля міжнародных перавозак. Акрамя таго, транспартнікі павінны актыўней прымаць удзел у рабоце атэстацыйных і экзаменацыйных камісій, якія створаны ў навучальных установах, каб найбольш аб’ектыўна ацэньваць веды навучэнцаў пры атрыманні прафесіі ва-дзіцеля-міжнародніка. Істотным напрамкам у супрацоўніцтве можа стаць садзейнічанне ўстановам адукацыі ў арганізацыі педагагічнай дзейнасці, калі можна было б накіроўваць вопытных работнікаў транспартнай галіны для правядзення заняткаў у вучэбных групах, дзе навучаюцца будучыя вадзіцелі-міжнароднікі.
Для аказання дапамогі ў вырашэнні пытанняў падрыхтоўкі кадраў у Асацыяцыі “БАМАП” працуе камісія па прафесiйным навучанні пад кіраўніцтвам В.П.Ложачніка, работа якой скіравана на выпрацоўку падыходаў у павышэнні якасці адукацыі тых навучэнцаў, якія абралі прафесію вадзіцеля-міжнародніка. Сёння работу камісіі неабходна актывізаваць і выбудаваць сістэму разгляду праблемных пытанняў такім чынам, каб можна было арганізаваць дзейсную дапамогу навучальным установам, накіраваную на якасць адукацыі.

Галоўны спецыяліст Асацыяцыі “БАМАП” Таццяна Аркадзьеўна Ястраб адзначыла, што асноўнымі напрамкамі сумесных дзеянняў паміж асацыяцыяй і Міністэрствам адукацыі з’яўляюцца ўдасканаленне прагнозных паказчыкаў патрэбнасці транспартнай галіны ў кадрах, павышэнне якасці падрыхтоўкі будучых вадзіцеляў-міжнароднікаў, пытанні іх працаўладкавання і замацавання, паляпшэнне прафарыентацыйнай работы сярод навучальных устаноў. Таццяна Аркадзьеўна адзначыла, што Асацыяцыя “БАМАП”, непасрэдна транспартныя арганізацыі — заказчыкі кадраў аказваюць дапамогу навучальным установам ва ўмацаванні вучэбна-матэральнай базы. Перш-наперш гэта тычыцца перадачы ўстановам вучэбна-метадычнай, тэхнічнай літаратуры і неабходнага абсталявання. Напрыклад, у час правядзення круглага стала Асацыяцыя “БАМАП” падарыла Смалявіцкаму ліцэю шырокафарматны тэлевізар для ўдасканалення падрыхтоўкі кадраў. Вельмі важным у падрыхтоўцы кадраў для транспартнай галіны з’яўляюцца арганізацыя вытворчага навучання на базе арганізацый — заказчыкаў кадраў, далучэнне кіраўнікоў і спецыялістаў прадпрыемстваў да выкладання вучэбных прадметаў спецыяльнага цыкла, удзел прадстаўнікоў арганізацый у жыцці навучальных устаноў. Вучэбны цэнтр “БАМАП-Веды” пастаянна арганізоўвае стажыроўкі і павышэнне кваліфікацыі педагагічных работнікаў навучальных устаноў, дзе рыхтуюць вадзіцеляў-міжнароднікаў. Людміла Сяргееўна Сагановіч, метадыст Мінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа мантажных і пад’ёмна-транспартных работ, расказала аб праходжанні стажыроўкі ў вучэбным цэнтры “БАМАП-Веды” для работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія вядуць падрыхтоўку вадзіцеляў-міжнароднікаў. У рамках вучэбных семінараў прадугледжаны як тэарэтычныя, так і практычныя заняткі, у тым ліку выезд выкладчыкаў на мытныя пункты пропуску, размешчаныя на дзяржаўнай мяжы нашай краіны. У тэарэтычнай частцы навучання педагогі прафтэхустаноў засвойвалі веды па заканадаўстве, якое рэгулюе дзейнасць транспартнай галіны па кантролі за міжнароднымі аўтамабільнымі перавозкамі. Тэмай іншых тэарэтычных заняткаў стаў парадак арганізацыі праезду транспартных сродкаў праз вагавымяральныя комплексы. Па гэтай тэме педагогі засвойвалі веды аб дапушчальных габарытных і вагавых параметрах транспартных сродкаў Беларусі ў краінах СНД і краінах Заходняй Еўропы, а таксама аб метадалогіі транспартных сродкаў на спецыяльных пастах стацыянарнага і перасоўнага тыпу. Гэтыя пасты дазваляюць кантраляваць вагу і габарыты транспартнага сродку, які рухаецца па тэрыторыі нашай краіны. Пасля тэарэтычнага курса педагогі навучальных устаноў непасрэдна наведалі пасты вагагабарытнага кантролю, дзе непасрэдна пазнаёміліся з тым, як праводзіцца догляд транспартных сродкаў і як вядзецца парадак афармлення транспартных дакументаў. Усе здабытыя ў час стажыроўкі веды педагогі будуць выкарыстоўваць у час вучэбных і практычных заняткаў са сваімі навучэнцамі. Старшыня Асацыяцыі “БАМАП” М.І.Баравой, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Аляксандр Сягоднік і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Леанід Мажэйка ўручылі педагагічным работнікам прафесійна-тэхнічных устаноў краіны сертыфікаты аб праходжанні стажыроўкі ў вучэбным цэнтры “БАМАП-Веды”.
Акрамя таго, вучэбны цэнтр “БАМАП-Веды” сёння праводзіць актыўную работу па інфармаванні навучальных устаноў пра змены ў нарматыўных прававых актах, якія рэгламентуюць транспартную сферу, з мэтай своечасовага ўнясення змяненняў у змест навучання. Створаны банк даных выпускнікоў устаноў адукацыі, якія атрымалі прафесію вадзіцеля-міжнародніка, каб адсочваць іх кар’ерны рост і пры неабходнасці дапамагаць. Спецыялісты базавых арганізацый — заказчыкаў кадраў і цэнтра “БАМАП-Веды” ўключаны ў склад дзяржаўных кваліфікацыйных камісій па прафесіі “Вадзіцель аўтамабіля (міжнародныя перавозкі)”.

Пры ўсёй гэтай станоўчай дынаміцы ва ўзаемадзеянні транспартнай галіны і сферы адукацыі ў падрыхтоўцы кадраў пакуль існуюць некаторыя нявырашаныя пытанні. Па-ранейшаму цяжка спрагназаваць колькасць кадраў, якія неабходна падрыхтаваць. Таму было б мэтазгодным своечасова ўносіць звесткі аб патрэбнасці ў кадрах з боку транспартных арганізацый у аўтаматызаваную сістэму “Заказ на падрыхтоўку кадраў”. Пакуль не распрацавана вучэбнае выданне для ўстаноў адукацыі па ўстройстве і эксплуатацыі сучасных аўтамабіляў. Але гэтая работа вядзецца (аўтар падручніка прафесар кафедры тэхнічнай эксплуатацыі аўтамабіляў БНТУ Я.Л.Савіч, які быў удзельнікам нарады ў Смалявічах). Адсутнічаюць псіхадыягнастычныя методыкі, у якіх улічаны ўмовы працы вадзіцеляў-міжнароднікаў для вызначэння прафесійнай прыгоднасці жадаючых вучыцца па прафесіі “Вадзіцель-міжнароднік”. Транспартныя арганізацыі павінны імкнуцца прадастаўляць месца для праходжання вытворчай практыкі навучэнцаў, а таксама больш адказна займацца працаўладкаваннем выпускнікоў устаноў прафесійнай адукацыі. У сваю чаргу ўстановы павінны далучаць прадстаўнікоў транспартных арганізацый да ўдзелу ў пасяджэннях педагагічных саветаў пры разглядзе пытанняў якасці падрыхтоўкі кадраў; праводзіць сумесныя мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне прэстыжу прафесіі вадзіцеля-міжнародніка.
Днямі ў Мінску прайшоў Беларускі транспартны тыдзень, куды былі ўключаны Міжнародныя спецыялізаваныя выставы “Транспарт і лагістыка — 2014” і “Лагістычны інжынірынг”, а таксама Беларускі транспартна-лагістычны кангрэс, куды былі запрошаны больш за 10 краін свету. На экспазіцыях выстаў можна было ўбачыць усе віды сучасных транспартных сістэм і абсталявання для іх, тэхналогіі і тэхніку для праектавання, будаўніцтва, рамонту і абслугоўвання транспартных камунікацый, паслугі па перавозцы грузаў і пасажыраў, а таксама інфармацыйныя і сістэмы абслугоўвання для транспарту і лагістыкі. Наведвальнікамі транспартнага форуму сталі і навучальныя ўстановы, дзе рыхтуюць будучых вадзіцеляў-міжнароднікаў. Новыя тэхналогіі, прадстаўленыя ў час транспартнага тыдня, безумоўна, увойдуць у змест навучання будучых вадзіцеляў міжнародных перавозак.

Ала КЛЮЙКО.