Аўтобус з маячком

- 11:03Сацыяльны ракурс

Дваццаць адзін школьны аўтобус МАЗ 241S30 адправіўся днямі ад будынка заводаўпраўлення Мінскага аўтамабільнага завода ў Брэсцкую і Магілёўскую вобласці. Перадача новых машын адбылася ў рамках сацыяльнай праграмы “Школьны аўтобус”, якую па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь рэалізоўвае Банк развіцця Рэспублікі Беларусь.

На працягу 2013—2017 гадоў па гэтай праграме за кошт сродкаў банка прадугледжана набыць не менш за 300 аўтобусаў для падвозу дзяцей да навучальных устаноў. Пазалетась розныя рэгіёны ўжо атрымалі 60 такіх машын. Цяпер МАЗ зноў выйграў тэндар на пастаўку школьных аўтобусаў і прапанаваў удасканаленую тэхніку. Так, у мадэлі аўтобуса МАЗ 241S30 устаноўлены рухавік найбуйнейшага маторабудаўнічага вытворцы карпарацыі Сummins, відэарэгістратары, павялічана надзейнасць задняй падвескі. На гэтых жоўтых машынах, разлічаных на 22 месцы з рамянямі бяспекі, ёсць праблісковыя маячкі, знешняя гучная сувязь, сістэмы абмежавання хуткасці да 60 км/гадзіну, іншыя карысныя прыстасаванні.А вось Генадзя Іванавіча Ганчара, галоўнага спецыяліста ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, асабліва радуе, што на заводзе папрацавалі над удасканаленнем прыступкі, канструкцыя якой выклікала пэўныя нараканні.
— На гэты раз мы атрымліваем 10 аўтобусаў, — расказаў Г.І.Ганчар. — Цяпер у вобласці будзе больш за 30 аўтобусаў мадыфікацыі МАЗ. Усяго ж на 1 верасня на падвозе дзяцей у Брэсцкай вобласці было задзейнічана 277 аўтобусаў, некаторыя падлягаюць спісанню. Да таго ж працягваецца аптымізацыя, закрываецца 21 школа, так што аўтобусы нам вельмі патрэбны. Тыя аўтобусы, якія мы атрымліваем зараз, значна дапамогуць у падвозе прыкладна 11 тысяч школьнікаў і больш чым 2 тысяч выхаванцаў дзіцячых садоў у сельскай мясцовасці.
Пярвічную абкатку новыя машыны прайшлі па дарозе да месцаў прызначэння, прычым некаторымі з іх кіравалі жанчыны, як, скажам, Надзея Ніканава з Магілёўшчыны. Наогул жа плануецца, што за пяць гадоў праграма “Школьны аўтобус” дазволіць цалкам вырашыць праблему забеспячэння падвозу вясковых дзяцей да школ, садкоў і назад.
— Мы зрабілі, як кажуць у школе, работу над памылкамі, улічылі ўсе заўвагі і пажаданні нашых спажыўцоў, нашага заказчыка, — сказаў на ўрачыстай цырымоніі генеральны дырэктар Мінскага аўтамабільнага завода Дзмітрый Сцяпанавіч Кацярыніч. — Я вельмі рад, што нашы дзеці будуць ехаць да школ і дзіцячых садоў у больш камфортных умовах і, што самае важнае, у бяспечных. У сваю чаргу старшыня праўлення Банка развіцця Рэспублікі Беларусь Сяргей Мікалаевіч Румас заўважыў:
— Сёлета мы перадаём у рэгіёны 60 аўтобусаў новай, палепшанай, мадыфікацыі. Акрамя таго, выступілі з ініцыятывай, якую падтрымаў МАЗ, аб распрацоўцы прынцыпова новай мадэлі аўтобуса, тэхнічнае абсталяванне якога дазволіць яшчэ больш павысіць бяспеку і камфортнасць нашых школьнікаў. Спадзяёмся, што новая мадэль школьнага аўтобуса стане добрай экспартнай прадукцыяй для МАЗа, а мы як фінансавы інстытут гатовы падтрымліваць экспарт у любыя краіны свету.
Прынамсі, ад розных абласцей Беларусі паступаюць заяўкі на школьныя аўтобусы для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, таму ў наступным годзе адбудуцца пастаўкі і такіх спецыялізаваных машын. Прычым , як іх, так і іншыя машыны банк набудзе ў таго прадпрыемства, якое выйграе конкурс. Летась, напрыклад, частка аўтобусаў, якія трапілі ў нашы школы, была расійскай вытворчасці. А вясной, як плануецца, будзе гатовы доследны ўзор прынцыпова новай мадэлі школьнага аўтобуса МАЗ, які для абкаткі перададуць у Віцебскую вобласць. Так што праз год ці менш гэтыя мадэлі змогуць удзельнічаць у конкурсе. Вытворцы разлічваюць, што такімі машынамі павышанай праходнасці зацікавяцца і нашы партнёры па Мытным саюзе. Зараз жа, па словах гендырэктара прадпрыемства, партыю школьных аўтобусаў збіраюцца паставіць для Санкт-Пецярбурга.
А вырашэнню праблемы тэхнічнага і сэрвіснага абслугоўвання такіх аўтобусаў (кіраўніцтва завода прызнае, што нараканні на яго былі), якія працуюць у абласцях нашай краіны, паспрыяюць сэрвісныя цэнтры Мінскага аўтамабільнага завода ў абласных цэнтрах і буйных гарадах Беларусі. Таксама, па словах кіраўніка прадпрыемства, выканаць абавязкі перад спажыўцамі дапамогуць сэрвісныя брыгады, якія на працягу адных сутак змогуць выехаць на месца, у тым ліку па гарантыйным абслугоўванні.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.