“Авадакедаўра”, ці Зялёнае святло на абароне

- 12:03Навука і інавацыі

Прымаўку “У страха вочы вялікія”, напэўна, часта ўспамінаюць маладыя навукоўцы, якія паспяхова прайшлі праз абарону магістарскай работы ці дысертацыі. Гэта нядзіўна: мала знайсці праблемнае поле ў сваёй галіне і даць напісанаму прыгожую назву — трэба, каб даследаванне выклікала жывую цікавасць і прыносіла плён. Разабрацца, на чым “спатыкаюцца” аспіранты, калі выходзяць на абарону дысертацый, а таксама раскрыць сакрэт удалай фармулёўкі тэмы дапамог семінар дацэнта кафедры медыялогіі факультэта журналістыкі БДУ Інгі Воюш “Акадэмічнае пісьмо: фармуляванне тэм, спосабы напісання навуковай работы”. У аснову сустрэчы ляглі рэальныя пытанні, што агучваліся на саветах па абароне дысертацый.

Распаўсюджанае пытанне на этапах апрабацыі і абмеркавання работы: “А што, вашу тэму ніхто не вывучае?” Чалавек можа памятаць найменні глаў, крыніцы, з якімі працаваў, і нават тое, на якой старонцы падаецца пэўны факт, а назву работы забывае. У такіх выпадках моладзь губляецца, але дапамагае першая, метадычная, глава дысертацыі. Там маладыя вучоныя робяць агляд даследаванняў па тэме, адлюстроўваюць, чым для развіцця галіны будзе карысная іх работа (“У полі, якое даследуецца, існуюць такія меркаванні, зроблена гэта і гэта, але сярод поглядаў тэарэтыкаў не хапае таго і таго. Вырашэнне праблем прывядзе да…”).

“Вы падрыхтавалі добрую работу з выразнай структурай і пераканаўчымі вывадамі. Але каму яна патрэбна (хто яе спажывец і ў якой галіне можа быць прыменена)?” Адказ “Хачу паступіць у аспірантуру, атрымаць вучоную ступень і працаваць ва ўніверсітэце” — натуральна, не падыходзіць. Зразумейце для сябе, які плён прынясе ваша даследаванне і каму яго можна прапанаваць, і сфармулюйце лаканічны тэзіс.

“У заключэнні напісана прыгожа, але што тут прынцыпова новага? Чым работа адрозніваецца ад іншых у сваёй галіне?” Распаўсюджаная і вялікая памылка — тое, што дысертанты прапісваюць навізну і ўнікальнасць падыходаў даследавання толькі ў асноўным тэксце, а ў заключэнне выносяцца агульныя вывады, канстатацыя якіх не адлюстроўвае асабісты ўклад аўтара. Прымяненне наватарскіх метадаў і падыходаў, прывядзенне новай доказнай базы, работа з не апублікаванымі раней крыніцамі інфармацыі, распрацоўка ўласнай тэорыі ці класіфікацыі і г.д. павінны быць відавочнымі нават таму, хто не чытаў работу цалкам.

— Калі вы, напрыклад, прааналізавалі падшыўкі раённых газет пачынаючы з 1930 года да нашага часу і прыводзіце высновы ў тэксце работы, то абавязкова прапішыце гэта ў вывадах. Аднаго апісання, чым адрозніваецца кантэнт выданняў у розны час, недастаткова (укажыце, колькі выданняў і за які прамежак часу прапрацаваны, якія выданні былі ахоплены і г.д.), — тлумачыць Інга Дзмітрыеўна. 

Камісіі павінна быць зразумела, што вы прымяняеце наватарскія метады, падыходы, прыводзіце новыя доказы, разглядаеце не апублікаваныя раней крыніцы інфармацыі, распрацавалі ўласную тэорыю ці прапанавалі ўнікальную класіфікацыю. 

“А навошта напісалі?У чым мэта дысертацыі?” Калі добра ведаць структуру работы, з адказам праблем не будзе. Як правіла, ён хаваецца ў трэцяй, практычнай, частцы, дзе даследчык абгрунтоўвае актуальнасць праблемы для сучаснасці. Ваша задача абапіраючыся на работу,— загадзя прадумаць і сфармуляваць адказ.

“Хто можа пацвердзіць актуальнасць тэмы?” Для абгрунтавання важнасці работы існуе некалькі варыянтаў: спасылкі на даследаванні вучоных, заключэнні работадаўцаў (арганізацый ці ўстаноў, у дзейнасці якіх вынікі работы прынясуць плён) ці дзяржаўныя праграмы і праекты. Доказная база падаецца ва ўводзінах (вы акрэсліваеце буйныя даследаванні ў галіне; указваеце імёны вучоных, якія закраналі ці распрацоўвалі тэму; назвы дзяржаўных праграм і праектаў; заключэнні ад арганізацыі, звязанай з дысертацыяй). Задача аўтара — даказаць, што яго тэма актуальная і так думае не толькі ён.

Па словах Інгі Воюш, самае “забойнае” пытанне для дысертацыі ў гуманітарнай сферы — “Што дае работа ў эканамічным плане?”. Даследаванні ў гэтай галіне часта не маюць імгненнай эканамічнай аддачы, але працуюць на адкрыцці ў будучыні. Фундаментальная навука патрэбна, каб забяспечваць навуку данымі (нельга сказаць дакладна, калі могуць спатрэбіцца вашы даследаванні: калі сёння мы накіраваны на фінансавы складнік, не значыць, што заўтра нам не спатрэбіцца ідэя).

“Ці суадносіцца тэма са спецыяльнасцю?”

— Уявіце мяне з вагой –30 кілаграмаў. У такім стане, з чорнымі кругамі пад вачыма, хістаючыся ад ветру, я прыйшла на абарону. 3 гадзіны ішла абарона, шмат адказаў засталося ззаду. Надышоў час галасаваць, і адзін з членаў савета гаворыць: “Паглядзіце на тэму. Яна не адпавядае спецыяльнасці, таму сёння дысертацыя не можа быць абаронена”, — прыводзіць прыклад выступоўца. — Калі не абгрунтаваць фармулёўку тэмы, асабліва калі яе праблематыка знаходзіцца на стыку дысцыплін, сітуацыя можа атрымацца менавіта такая. Памятайце, што асноўная ўласцівасць работы павінна адпавядаць пашпарту спецыяльнасці (яго можна знайсці на сайце ВАК).

Фармулёўка тэмы

Самай удалай лічыцца фармулёўка “прадмет у аб’екце”: “Брэнды ЗША на рынку Беларусі”, “Лексічныя дублеты ў вяшчанні радыёканала “Культура” (прадмет — брэнды ЗША і лексічныя дублеты, аб’ект — беларускі рынак і вяшчанне радыёканала “Культура” адпаведна). Існуюць таксама наступныя варыянты фармулёўкі, што не выклікаюць заўваг:

Формула  Назва тэмы  
Аб’ект: прадмет 1,
прадмет 2  
“Сучасная беларуская крытыка: дыялогавасць і дынамізм” (аб’ект — сучасная беларуская крытыка: прадмет 1 — дыялогавасць, прадмет 2 — дынамізм). Прасцей: поле сучаснай беларускай крытыкі вывучана з пункту гледжання дыялогавасці і дынамізму  
Аб’ект і прадмет  “Мастацкі вобраз: інтэрпрэтацыі крытыкі” (прадмет — інтэрпрэтацыя, аб’ект — мастацкі вобраз)  

“Авадакедаўра” для дысертацыі

Правільнай фармулёўцы тэмы навуковай работы ў некаторых выпадках не ўдзяляюць належнай увагі, але, як паказвае вопыт, дарма. Аналізуючы дзеючыя тэмы дысертацый, запазычаных на сайтах вышэйшых навучальных устаноў, Інга Дзмітрыеўна вызначыла няўдалыя варыянты. Прамоўца адзначыла, якіх сродкаў варта пазбягаць, і падказала, як трансфармаваць недапушчальны варыянт у карэктны.

— Важна, каб з тэмы можна было вынесці праблему. Возьмем тэму “Асобасныя фактары выпрацоўкі агрэсіўных стыляў кіравання аўтамабілем”. Складана вызначыць прадмет і аб’ект, праўда? Па-першае, тут няма двукроп’я, па-другое, шмат форм роднага склону. Тры такія словы запар — гэта “Круцыа” (заклінанне болю і жахлівых пакут у кнігах Дж.Роўлінг пра Гары Потэра), чатыры — “Авадакедаўра” (заклінанне смерці там жа). Таксама лепш не выкарыстоўваць слова “спецыфічны” і зыходныя, паколькі ў многіх галінах гэта значыць “дэвіянтны”, “няправільны”.

Няўдалая фармулёўка  Карэктны варыянт  
“Узаемасувязь сацыяльна-перцэптыўнага вобраза баць­кі і вобраза “Я” ў юнакоў і дзяўчат з поўных і няпоўных сем’яў” (складана вызначыць прадмет і аб’ект, паколькі вылучаюцца тры пары азначэнняў: “вобраз бацькі і вобраз “Я”, “юнакі і дзяўчаты”, “поўныя і няпоўныя сем’і”)  “Вобраз “Я” (прадмет) у сацыяльна-перцэптыўнай сферы моладзі” (пра сувязь з вобразам бацькі і поўнымі ці няпоўнымі сем’ямі можна ўдакладніць ва ўводзінах)  
“Мітрапаліт Рыгор Цамблак у грамадска-палітычным і царкоўным жыцці Усходняй Еўропы” (аб’ект — грамадска-палітычнае і царкоўнае жыццё, прадмет не заяўлены: чалавек не можа быць праблемай)  “Дзейнасць мітрапаліта Рыгора Цамблака ў грамад­ска-палітычным і царкоўным жыцці Усходняй Еўропы”  
Няўдалая фармулёўка  
“Роля і значэнне аналізу дзяржаўнай дзейнасці ў кіраванні будаўнічым прадпрыемствам”, “Роля і месца структур ментальнасці ў дынаміцы сацыякультурных працэсаў” (словы “роля” і “значэнне” ў фармулёўцы тэмы НЕ выкарыстоўваюцца: у іх няма праблемы)  
“Адрасаванасць і інтэртэкстуальнасць газетнага інтэрв’ю як жанру журналісцкага дыскурсу” (часціцы “як” трэба пазбягаць не толькі ў назвах работ, але і ў загалоўках падраздзелаў)  
“Васіль Быкаў — перакладчык” (праблема і аб’ект адсутнічаюць, заяўленая тэма прэтэндуе на назву рэферата)  
“Аналіз магчымых спосабаў зніжэння выдаткаў цеплыні пры выплаўцы чыгуну ў доменных печах” (“аналіз” — забароненае слова, паколькі метад даследавання не можа быць прадметам)  
“Андрагагічная дэтэрмінацыя перцэпцыі камунікатыўных стратэгій у групах твікстараў з дэвіяцыямі: экстрапаляцыя і інтэрпрэтацыя” (неабгрунтаваная мудрагелістасць назвы не ідзе на карысць работы)  

— Калі фармулюеце тэму, прыкіньце адразу, ці будуць даступны даныя, якія спатрэбяцца для раскрыцця тэмы. Напрыклад, калі пішаце дысертацыю па арганізацыі фінансавай работы журналісцкай рэдакцыі, разумейце, што ніводная арганізацыя не пойдзе на тое, каб раскрыць свае фінансавыя планы. Ніколі! Вам спатрэбяцца адкрытыя крыніцы інфармацыі: калі няма лічбаў, вы нічога не дакажаце, — падагульніла Інга Воюш.

Ірына ІВАШКА.
Фота Дар’і ФУРСІКАВАЙ.