Летняя аздараўленчая кампанія на Магілёўшчыне накіравана на ахоп якасным адпачынкам як мага большай колькасці навучэнцаў. Асаблівая ўвага ў гэтым плане ўдзяляецца аздараўленню дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Па словах галоўнага спецыяліста аддзела сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Дзіны Лазуркінай, штогод асаблівым дзецям прапануюць аздаравіцца ў лагерах рознага тыпу. Немалаважна, што на адпачынак дзеці могуць паехаць не толькі самастойна, але і разам з бацькамі.
— Сёлета па вобласці працуюць шматлікія летнікі для дзяцей з асаблівасцямі. Аздараўленне было арганізавана ў гарадскіх і раённых ЦКРНіР. На іх базе функцыянавалі лагеры з дзённым знаходжаннем. Прадастаўляліся дзецям і іншыя магчымасці для адпачынку. Так, у Слаўгарадскім раёне дзяцей-інвалідаў і іх бацькоў накіравалі ў Рэспубліканскі аздараўленчы цэнтр “Надзея”. А вось у горадзе Круглае вырашылі пайсці па шляху ўкаранення інклюзіўных працэсаў. У гэтым раёне стварылі інтэграваны летнік, у якім асаблівыя дзеці аздараўляліся разам са здаровымі аднагодкамі, — расказала Дзіна Міхайлаўна.
Ва ўсіх аздараўленчых лагерах работа з дзецьмі вялася па разнастайных напрамках: фізкультурна-спартыўным, мастацка-эстэтычным, працоўным, патрыятычным. Педагагічныя калектывы цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі пастараліся зрабіць дні ў летніках максімальна насычанымі на падзеі. Для сваіх выхаванцаў яны арганізоўвалі вясёлыя святы, шматлікія экскурсіі і іншыя цікавыя мерапрыемствы, рабілі ўсё магчымае, каб асаблівыя дзеткі з карысцю правялі час канікул.
Ужо зараз можна казаць, што пастаўленая мэта дасягнута. На цяперашні момант у розных здраўніцах адпачылі звыш 300 дзяцей з асаблівасцямі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўпраўленнем адукацыі аблвыканкама.