Аздараўленне — паўнацэнна і з карысцю

- 11:14Навіны рэгіёнаў

Звыш сарака дзвюх тысяч дзяцей плануецца сёлета аздаравіць на Магілёўшчыне.

Як паведаміла начальнік аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Наталля Кульчанка, на адпачынак на першыя змены ў летнікі прынята каля дваццаці тысяч навучэнцаў. Аздараўленне дзяцей праходзіць мэтанакіравана і зладжана.

— Да гэтага адказнага перыяду дбайна рыхтаваліся на ўсіх узроўнях. Работа па арганізацыі летняга аздараўлення вялася абласным упраўленнем адукацыі і іншымі зацікаўленымі службамі з пачатку года. Былі распрацаваны рэгіянальныя праграмы аздараўлення і занятасці навучэнцаў. Такі падыход дазволіў да пачатку канікул цалкам завяршыць усе запланаваныя падрыхтоўчыя мерапрыемствы, накіраваныя на забеспячэнне максімальна камфортнага, бяспечнага і цікавага знаходжання дзяцей у летніках. Дарэчы, усе мерапрыемствы цяперашняй аздараўленчай кампаніі будуць праходзіць у рамках рэспубліканскай акцыі “Лета — час адкрыццяў”, — адзначыла Наталля Міхайлаўна.

Па яе словах, за час летніх канікул толькі сямнаццаць тысяч дзяцей пройдуць аздараўленне ў лагерах з кругласутачным знаходжаннем. Дваццаць пяць тысяч дзяцей змогуць аздаравіцца ў дзённых летніках пры ўстановах адукацыі. У плане правядзення адпачынку ў дзяцей будзе вельмі вялікі выбар.

— Па вобласці будуць функцыянаваць шматлікія профільныя летнікі па інтарэсах, дзе кожны зможа рэалізаваць свае здольнасці. Для падлеткаў прадугледжаны лагеры працы і адпачынку, дзе яны змогуць адпачыць і ўласнай працай зарабіць пэўныя грошы. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена аздараўленню і ўключэнню ў занятасць дзяцей падулікавых катэгорый і дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, — падкрэсліла Наталля Міхайлаўна.

Дзякуючы ўсебаковаму ўзаемадзеянню ўсіх зацікаўленых ведамстваў, аздараўленне магілёўскіх школьнікаў арганізавана на належным узроўні. Таму адпачынак дзяцей у летніках праходзіць цікава і з карысцю.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.