Ажыццявіла мару

- 10:19Людзі адукацыі, Рознае

Настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Бялыніч Наталлі Віктараўны Сімаковіч некалі пашанцавала з роднай школай і педагогамі. Пашанцавала настолькі, што яна выбрала настаўніцкую працу ў якасці свайго прафесійнага шляху.

— Трыццаць гадоў назад, седзячы ў зале філалагічнага факультэта БДУ, адказвала на пытанне, чаму вырашыла стаць настаўніцай. Тады я напісала нешта накшталт таго, што вельмі люблю дзяцей. Зараз, успамінаючы той момант праз прызму часу, разумею, што ў некаторай ступені падманула. Бо сапраўдная любоў да вучняў, павага да іх прыйшлі не адразу. Спатрэбіўся час, каб навучыцца адчуваць іх, суперажываць ім, хвалявацца, як за сваіх уласных дзяцей. А тады прычына, па якой пайшла настаўнічаць, была крыху іншай. Напэўна, не хацелася развітвацца з роднай Любанскай сярэдняй школай Вілейскага раёна, нашымі цудоўнымі педагогамі. Я і зараз часта ўспамінаю нашага класнага кіраўніка Юрыя Аляксандравіча Клімовіча. Ён столькі ўклаў у нас дабрыні, ведаў, што нам, вучням, хацелася падзяліцца гэтым багаццем, хацелася быць падобнымі менавіта на гэтага настаўніка, — расказвае Наталля Віктараўна.

Скончыўшы філфак БДУ па спецыяльнасці “Выкладчык беларускай і рускай мовы і літаратуры”, працаваць Наталля Сімаковіч прыехала ў Вілейскі раён. А калі дакладней, ажыццявіла юнацкую мару — вярнулася ў любімую школу ў статусе педагога. Аднак лёс склаўся так, што працаваць на малой радзіме давялося нядоўга. Маладая сям’я Сімаковіч асела на Магілёўшчыне, у невялікім райцэнтры Бялынічы. Крыху больш за дваццаць гадоў назад Наталля Віктараўна ўладкавалася ў сярэднюю школу № 2. З таго самага часу яе педагагічная дзейнасць непарыўна звязана з гэтай навучальнай установай.

За даволі доўгі час настаўніцкай працы ў Наталлі Віктараўны выпрацаваліся ўласныя методыкі выкладання. Свае ўрокі настаўніца імкнецца рабіць максімальна пазнавальнымі і прадукцыйнымі, таму праводзіць іх ва ўзаемадзеянні з вучнямі.

— Добры ўрок павінен прыносіць задавальненне і вучням, і настаўніку. Дасягнуць гэтага можна толькі тады, калі з першых хвілін заняткаў уцягнуць дзяцей у работу, наладзіць супрацоўніцтва, дыялог, — лічыць Наталля Віктараўна.

На яе думку, падчас урока настаўнік павінен больш адказваць на пытанні, чым задаваць іх. А яшчэ ўмець даць дастаткова інфармацыі для моцных вучняў і зрабіць матэрыял даступным для засваення слабейшымі дзецьмі.

На сваіх занятках гэты неардынарны педагог часта працуе, выкарыстоўваючы элементы тэхналогіі поўнага засваення ведаў.

— Гэтую тэхналогію выкарыстоўваю ўжо даўно, бо яна сапраўды эфектыўная, дазваляе ўлічваць здольнасці кожнага вучня і падбіраць тэмп работы, неабходны канкрэтна яму. Сутнасць методыкі ў тым, што навучэнцы выдатна ведаюць аб’ём матэрыялу, які трэба засвоіць за канкрэтны прамежак часу, выкарыстоўваючы самакантроль, стараюцца ліквідаваць недахопы ў ведах, а адзнака кожнага вызначаецца эталонам — выніковай работай з рознаўзроўневымі заданнямі. Падчас вывучэння тэмы вучэбны матэрыял групуецца па блоках, якія ўключаюць у сябе чатыры ўрокі. Гэта ўрок тэорыі, урок практыкі, урок самаправеркі і заліковы ўрок. На першых трох адзнакі не ставяцца. Вучні працуюць на канчатковы вынік — заліковую пісьмовую работу. Пры правільнай арганізацыі навучання большасць вучняў можа поўнасцю засвоіць неабходныя веды, — адзначае Наталля Сімаковіч.

На занятках Наталля Віктараўна таксама шырока прымяняе інтэрактыўныя метады і інфармацыйныя тэхналогіі, бо яны, па меркаванні настаўніцы, дазваляюць падтрымліваць і развіваць цікавасць вучняў да прадмета, стымулююць дзяцей на самастойную работу.

Адметна, што са сваімі навучэнцамі Наталля Сімаковіч сустракаецца не толькі на ўроках, а і ў пазаўрочны час. У ходзе такіх сустрэч педагог імкнецца, выкарыстоўваючы розныя падыходы, узбагачаць слоўнікавы запас вучняў, абуджаць у іх цікавасць і любоў да Радзімы, беларускай кнігі, роднай мовы, культуры Беларусі. Разам з дзецьмі яны праглядаюць фільмы, праводзяць разнастайныя акцыі, прэзентацыі, конкурсы, выставы, удзельнічаюць у арганізацыі школьнай
“Літаратурнай гасцёўні”.

Асабліва дбайна ў сваёй педагагічнай дзейнасці Наталля Віктараўна ставіцца да работы з адоранымі дзецьмі. Працуючы з імі ў індывідуальным парадку, педагог прыкладае ўсе намаганні, каб развіць іх творчыя здольнасці. Прычым робіць гэта не толькі на факультатывах і падтрымліваючых занятках, а і падчас звычайных урокаў, на якіх таленавітыя вучні выступаюць у ролі кансультантаў, настаўнікаў. Такі падыход апраўдвае сябе.

У Наталлі Сімаковіч атрымліваецца знаходзіць і раскрываць дзіцячыя таленты. Яе вучаніца Хрысціна Сілкіна была пераможцай Рэспубліканскага агляду-конкурсу творчых праектаў школьнікаў “Мая мова, мая культура…”. Навучэнцы Хрысціна Капшукова, Уладзіслава Адамовіч, Максім Міхалькоў і Хрысціян Краўцоў занялі першае месца ў абласным конкурсе электронных літаратурных газет. Андрэй Міхалёў атрымаў падзяку епіскапа Бабруйскага і Быхаўскага Серафіма за ўдзел у конкурсе сачыненняў “Вера ў сэрцы маім”, а Ганна Немагай стала ўладальніцай гран-пры Рэспубліканскага конкурсу творчых работ “Людзі і словы”. І падобныя дасягненні навучэнцы Наталлі Віктараўны дэманструюць амаль штогод. Гэтыя вучнёўскія поспехі настаўніца лічыць галоўным паказчыкам сваёй работы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.