Азірнуцца назад, каб рухацца наперад

- 13:50Апошнія запісы, Калегіі, пасяджэнні

Падвесці вынікі і зрабіць высновы, каб вызначыць планы надалей, — такую задачу паставілі перад сабой удзельнікі выніковай калегіі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.

У мінулым годзе выніковая калегія праводзілася ў фармаце відэаканферэнцыі, сёлета было вырашана арганізаваць вочную сустрэчу, на якую сабраліся разам члены калегіі, начальнікі раённых аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, дырэктары і педагогі ўстаноў адукацыі. Да членаў калегіі далучыліся Віктар Іванавіч Сірэнка, намеснік старшыні Мінаблвыканкама, Альбіна Леанідаўна Давідовіч, начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Мікалай Мікалаевіч Башко, старшыня Мінскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, Аляксандр Іванавіч Майсеня, намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама. Удзельнікаў калегіі гасцінна прымаў Нясвіж. Менавіта аддзел адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама другі год запар становіцца лепшым у вобласці.
Работа калегіі была падзелена на тры часткі. Спачатку ўдзельнікі мерапрыемства змаглі пазнаёміцца з дасягненнямі сістэмы адукацыі Міншчыны ў 2014 годзе на выставе, дзе быў прадстаўлены вопыт работы вобласці ў розных кірунках: развіццё прадпрымальнасці і дзелавой актыўнасці педагогаў і навучэнцаў у Год гасціннасці, адукацыйныя і творчыя рэсурсы ў сістэме адукацыі вобласці, сучасныя тэхналогіі спецыяльнай адукацыі, асноўныя аспекты выхаваўчай і ідэалагічнай работы з навучэнцамі, кіраванне развіццём прафесійнай кампетэнтнасці кіраўнікоў і педагогаў. Таксама наведвальнікі выставы маглі пазнаёміцца з вопытам работы пераможцаў штогадовага спаборніцтва “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі”.
Другой часткай калегіі стала пленарнае пасяджэнне. Вектар работы на ім задала Галіна Мікалаеўна Казак. “Паважаныя калегі, — вітала ўдзельнікаў пасяджэння начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, — нам неабходна падвесці вынікі выканання ў 2014 годзе плана мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржаўных праграм у сферы адукацыі ў Мінскай вобласці, выявіць найбольш праблемныя зоны, даць аб’ектыўную ацэнку рабоце кадраў раённага і гарадскога ўзроўняў, кіраўнікоў абласных устаноў адукацыі. Асаблівую ўвагу, на мой погляд, трэба сканцэнтраваць на прыярытэтных задачах 2015 года — года, які завяршае пяцігадовы этап сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны”.

Умела траціць, зарабляць і зберагаць

У сваім дакладзе Галіна Мікалаеўна Казак акрэсліла галоўныя вынікі фінансава-гаспадарчай дзейнасці сістэмы адукацыі вобласці за мінулы год. Так, у 2014 годзе з абласнога бюджэту ў адукацыю вобласці было накіравана 5,1 трыльёна рублёў, а гэта 27,1% абласнога бюджэту. Сярэдняя заработная плата работнікаў устаноў адукацыі ў снежні 2014 склала 4 382 000 рублёў. Сярэдняя ж зарплата педагагічных работнікаў перавысіла 5 мільёнаў.
На фоне агульнага павелічэння колькасці навучэнцаў колькасць сельскіх дзяцей працягвае скарачацца, што вызначае неабходнасць далейшай аптымізацыі. З 2011 года і па цяперашні час напаўняльнасць класаў у сярэдняй школе павялічылася з 14,5 да 16,3 навучэнца, а суадносіны колькасці вучняў на аднаго настаўніка з 6,6 да 7,4 чалавека. Малакамплектных школ стала амаль удвая менш. Эканамічны эфект ад аптымізацыі ў 2014 годзе склаў звыш 12,6 міліярда рублёў. Падчас рэалізацыі аптымізацыйных працэсаў былі выяўлены і рэзервы для павышэння зарплат. Напрыклад, у 6 установах было вызвалена каля 28 ставак, што дазволіла павысіць зарплату 149 педагагічным работнікам на сумы ад 250 да 850 тысяч рублёў у месяц.
Працягвалася і аптымізацыя бібліятэчнага абслугоўвання ў сельскай мясцовасці. У 2014 годзе інтэгравана 78 бібліятэк. Эканомія склала больш за 240 мільёнаў рублёў. У 2015 годзе плануецца інтэграцыя яшчэ 8 бібліятэк.
Энергазберажэнне — яшчэ адна важная задача, якая стаіць перад установамі адукацыі і іх кіраўнікамі. Паказчык па энергазберажэнні ў 2014 годзе ў цэлым па вобласці выкананы, толькі ў некаторых установах адукацыі ён не быў дасягнуты. Заданне на 2015 год — мінус 3%.
Рэальна працуючым механізмам прыцягнення ў галіну дадатковых сродкаў з’яўляецца пазабюджэтная дзейнасць. І тут установам адукацыі Міншчыны ёсць на каго раўняцца. За 2014 год агульная сума даходу ад пазабюджэту склала 461,5 мільярда рублёў. Доля гэтых даходаў у агульным аб’ёме фінансавання галіны за 2014 год склала 9%, а ў шэрагу ўстаноў і раёнаў значна больш. Напрыклад, Слуцкі дзяржаўны каледж — 32,1%, Мінскі абласны ІРА — 22,6%, Слуцкі прафесійны ліцэй — 20,6%, Дзяржынскі раён — 14,3%, Жодзіна — 13,0%, Салігорскі раён — 12,6%.
Сёння ў школах функцыянуе 101 бізнес-кампанія. Яны ў мінулым навучальным годзе зарабілі больш за 160 мільёнаў рублёў.
Бесперапынна праводзіцца работа для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. На гэтыя мэты было выдаткавана 236 мільярдаў рублёў. За кошт гэтых сродкаў у 689 установах праведзены выбарачны бягучы рамонт. У 2014 годзе шэсць аб’ектаў уведзены ў эксплуатацыю: 2 дзіцячыя садкі на 230 месцаў у Слуцку і Смалявічах, дзіцячы сад на 150 месцаў у Бараўлянах, 3 дамы для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот.
У рамках сацыяльнай праграмы “Школьны аўтобус” вобласці выдзелена 12 аўтобусаў для падвозу навучэнцаў. Да новага навучальнага года 9 аўтобусаў набылі райвыканкамы. І ўсё ж праблема старэння школьнага аўтобуснага парка застаецца актуальнай. У большасці раёнаў тэрміны эксплуатацыі школьных аўтобусаў перавышаюць 10 гадоў.
Сетка дашкольных устаноў зведала пэўныя змены: 14 устаноў рэарганізаваны, 3 — пабудаваны, 4 — закрыты, 2 — дзіцячыя садкі будуць уведзены ў эксплуатацыю ў 2015 годзе. На жаль, у перыяд 2009—2014 гадоў пры плане будаўніцтва 16 дашкольных устаноў з-за недахопу фінансавання пабудавана толькі 8. Сёння падрыхтавана праектная дакументацыя на будаўніцтва 5 дашкольных устаноў, яшчэ 4 установы праектуюцца.

Якасць адукацыі: бесперапынная работа на павышэнне

Многае дасягнута, але ёсць яшчэ над чым працаваць — так можна акрэсліць сітуацыю з забеспячэннем належнага ўзроўню адукацыі ў Мінскай вобласці. Па выніках ЦТ 17 выпускнікоў атрымалі 100 балаў, па гэтым паказчыку вобласць заняла другое месца сярод рэгіёнаў рэспублікі. 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінскай вобласці ўвайшлі ва ўмоўны рэйтынг “ТОП-100” па выніках ЦТ у мінулым годзе, а гэта трэці паказчык у рэспубліцы. Разам з тым сярэдні бал выпускнікоў па 14 вучэбных прадметах крыху знізіўся і склаў 40,41 бала. Назіраецца зніжэнне вынікаў па матэматыцы, фізіцы, геаграфіі і хіміі. Ужо зараз прымаюцца меры для вырашэння гэтага пытання. Галіна Мікалаеўна Казак дала заданне ўсім кіраўнікам і педагогам вобласці пільна сачыць за сітуацыяй. Таксама яна выказала меркаванне, што вывучэнне асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні павінна спрыяць паглыбленню ведаў і больш якаснай падрыхтоўцы да выпускных іспытаў. У 2014/2015 навучальным годзе адкрыты класы фізіка-матэматычнага, хіміка-біялагічнага, філалагічнага і грамадазнаўчага профілю. Асаблівасцю 2014 года стала адраджэнне профільных педагагічных класаў. Навучэнцы сямі педкласаў з’яўляюцца слухачамі факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка. Плануецца адкрыццё такіх класаў у 26 установах ва ўсіх раёнах вобласці.
Аб’ектыўнай ацэнкай якасці работы з адоранымі дзецьмі з’яўляюцца вынікі іх удзелу ў інтэлектуальных спаборніцтвах рознага ўзроўню. І ў Мінскай вобласці гэтая ацэнка дакладна станоўчая. У Рэспубліканскім конкурсе даследчых работ атрыманы 32 дыпломы, што з’яўляецца другім вынікам у рэспубліцы. У 2014 годзе на міжнародных алімпіядах, конкурсах і канферэнцыях навучэнцы вобласці былі адзначаны 38 дыпломамі, 3 медалямі, 1 спецыяльным прызам. У рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах школьнікі Мінскай вобласці атрымалі 75 дыпломаў. 144 навучэнцы і 22 педагогі вобласці ў 2014 годзе атрымалі пасведчанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Мінская вобласць з’яўляецца пляцоўкай Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па ўкараненні праграм фінансавай граматнасці. Восем педагогаў прайшлі падрыхтоўку ў якасці трэнераў па распаўсюджванні праграмы, арганізавана павышэнне кваліфікацыі педагогаў на базе Мінскага абласнога ІРА, праведзена абласная алімпіяда па фінансавай граматнасці, тры навучэнцы ўдзельнічалі ў рэспубліканскай алімпіядзе.
У 2014 годзе створаны дадаткова 952 месцы ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Атрымалася знізіць да 4 колькасць дзён, прапушчаных адным дзіцем з-за хваробы. Колькасць разнастайных форм дашкольнай адукацыі павялічылася да 550. Неабходна давесці колькасць груп кароткачасовага знаходжання да 560, працягнуць работу па адкрыцці прыватных і сямейных садоў (груп) — над вырашэннем гэтых задач на Міншчыне будуць працаваць у 2015 годзе.

Кадры вырашаюць усё

Работа з кадрамі ў 2014 годзе ажыццяўлялася ў рамках рэалізацыі абласной галіновай праграмы “Кадры”. У мінулым годзе ў параўнанні з папярэднім адбылося некаторае памяншэнне колькасці работнікаў за выключэннем педагогаў дашкольных устаноў. Пэўныя змены адбыліся і ў якасным складзе педагогаў вобласці: назіраўся рост педагогаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з вышэйшай адукацыяй, павелічэнне колькасці педагогаў з вышэйшай адукацыяй у дашкольных установах адбылося ў 10 раёнах вобласці. Захавалася тэндэнцыя паступовага павелічэння колькасці педагогаў з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй.
Аднак у шэрагу раёнаў назіраецца зніжэнне кваліфікацыйнага паказчыка педагогаў з вышэйшай катэгорыяй. Начальнік упраўлення адукацыі адзначыла, што гэтая сітуацыя патрабуе глыбокага аналізу на месцах, перш за ўсё непасрэдна ва ўстановах адукацыі, а таксама індывідуальнай работы з педагогамі першай кваліфікацыйнай катэгорыі.
Застаецца актуальнай праблема цякучасці кадраў. Прыняты шэраг мер па стабілізацыі працоўных калектываў, але ў некаторых раёнах вобласці сітуацыя яшчэ не выпраўлена цалкам і агульная цякучасць застаецца крыху вышэй за сярэдні абласны паказчык. Гэта праблема, для вырашэння якой будуць мабілізаваны ўсе сілы.
Для комплекснай ацэнкі работы кіраўнікоў у сістэме адукацыі ў 2014 годзе падведзены вынікі развіцця падначаленых ім сістэм. Лепшымі па ўсіх паказчыках сталі аддзелы адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага, Дзяржынскага, Стаўбцоўскага, Салігорскага райвыканкамаў. Сярод абласных устаноў — калектывы і кіраўнікі Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча, Слуцкага і Капыльскага дзяржаўных каледжаў, Барысаўскага дзяржаўнага каледжа галіновых тэхналогій, Барысаўскага будаўнічага прафесійнага ліцэя, маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната № 2 для дзяцей з парушэннем зроку і Мінскай абласной дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху.
Трэцяя — завяршальная — частка калегіі прайшла ва ўрачыстай і творчай атмасферы. Педагогі, кіраўнікі аддзелаў і ўстаноў адукацыі атрымалі ўзнагароды Міністэрства адукацыі і Мінаблвыканкама за плённую працу. Таксама на сцэну выйшлі тыя, хто ўжо быў адзначаны ўзнагародамі раней: з творчымі самапрэзентацыямі выступілі прадстаўнікі Нясвіжскага аддзела адукацыі, спорту і турызму і ўстаноў вобласці, якія сталі ў мінулым навучальным годзе лепшымі ў арганізацыі вучэбнага працэсу, выхаваўчай работы, у фарміраванні ў дзяцей культуры здароўя і здаровага ладу жыцця. Іх выступленне стала ўвасабленнем меркавання, што нашы педагогі здольны справіцца з самымі складанымі задачамі, якія ставіць перад імі сучаснасць.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.