Азёры-2014, ці Сучасныя падыходы да праектавання, правядзення і аналізу ўрока

- 11:17Адукацыйная прастора, Апошнія запісы, Рознае

Менавіта такая тэма традыцыйнага рэспубліканскага семінара, які праходзіць у г.п.Азёры Гродзенскай вобласці і збірае нас, членаў рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”, на работу летам. І гэта праўда. Шосты па ліку рэспубліканскі летні семінар клуба “Крыштальны журавель” адбыўся. Нерэальныя эмоцыі ад сустрэчы з сябрамі, аднадумцамі, людзьмі, чыё сэрца б’ецца ва ўнісон з тваім уласным, захлістваюць. Менавіта такімі словамі можна перадаць наш настрой у Азёрах.

Мэта вучэбнага семінара ў Азёрах у 2014 годзе — вызначэнне падыходаў да праектавання, правядзення і аналізу сучаснага ўрока па вучэбных прадметах у рамках конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2014”; вызначэнне крытэрыяў ацэнкі ўрока.
Семінар пачаўся са справаздачы пра вынікі работы клуба, якую правяла старшыня клуба Ірына Рамуальдаўна Клявец. Куратары клуба начальнік упраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ірына Віктараўна Багачова і начальнік цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій Іван Віктаравіч Фёдараў акрэслілі кола пытанняў, якія вызначаны для разгляду ў рамках вучэбнага семінара, расказалі пра асаблівасці правядзення конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2014”.

Трэба адзначыць, што тэма вучэбнага семінара “Сучасныя падыходы да праектавання, правядзення і аналізу ўрока” была вызначана яшчэ ў лістападзе 2013 года. Члены клуба падзяліліся на групы і на працягу паўгода напрацоўвалі матэрыял па гэтай тэме. Мэты і задачы сучаснага ўрока, асноўныя падыходы да праектавання, правядзення і аналізу ўрока, прыёмы і метады работы на ўроку, крытэрыі ацэньвання — вось тыя пытанні, якія абмяркоўваліся пры рабоце груп і былі прадстаўлены на семінары.
Дыягностыка і рэфлексія — гэта адно і тое ж ці рознае? Якія адносіны да іх мае “самасць”: самадыягностыка і самарэфлексія? Наколькі важная самадыягностыка настаўніка? Ці трэба вучыць дзяцей самадыягностыцы і самарэфлексіі? Якія асноўныя падыходы да арганізацыі і правядзення псіхолага-педагагічнай дыягностыкі і рэфлексіі на ўроках? Каб адказаць на гэтыя пытанні, настаўніца біялогіі гімназіі Смаргоні Ірына Рамуальдаўна Клявец, настаўніца біялогіі гімназіі № 8 Мінска Вольга Міхайлаўна Лагунова, настаўніца гісторыі гімназіі Лагойска Зоя Яўгенаўна Вінаградава разыгралі спектакль “На прыёме ў доктара (вопытнага і не вельмі)”, правялі апытанне з выкарыстаннем інтэрактыўных прыёмаў і метадаў. Пасля мноства выказаных думак, роздумаў і нават спрэчак была відавочнай выснова: гэтае пытанне патрабуе далейшай прапрацоўкі, магчыма, дапамогі з боку псіхолагаў. Цалкам верагодна, што тэма “Дыягностыка і рэфлексія адукацыйнага працэсу” стане тэмай наступнага семінара ў Азёрах.

Кожны ведае, што мэта не апраўдвае выбар сродкаў. Але, калі мэта не вызначана, наўрад ці нават самыя лепшыя сродкі дапамогуць яе дасягнуць. На ўроку і настаўнік, і навучэнец павінны дакладна ўяўляць, якім павінен быць вынік іх сумеснай дзейнасці. Мэты ўрока, якія праектуе настаўнік, павінны быць такія, “як быццам навучэнец сам сабе іх паставіў, яны зразумелы яму, відавочныя, з цікавасцю і ахвотай засвойваюцца”. (С.І.Гесэн.)
Пра асноўныя падыходы да мэтавызначэння на ўроку гаварылі старшы выкладчык Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта настаўніца замежнай мовы гімназіі № 24 Мінска Інеса Уладзіміраўна Зубрыліна, настаўніца рускай мовы і літаратуры Раманавіцкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Святлана Фёдараўна Германовіч, настаўніца інфарматыкі Варатынскай сярэдняй школы Бабруйскага раёна Вольга Анатольеўна Счасновіч, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Жабінкі Віталіна Аляксандраўна Папковіч, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 11 Мазыра Вікторыя Эдуардаўна Сташалеўская.
Для чаго педагог вызначае мэты? У мэтах фармулююцца ключавыя вынікі навучання, вызначаюцца напрамкі, па якіх будзе выбудоўвацца адукацыйны працэс. Мэта з’яўляецца матыватарам пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, індыкатарам выніковасці, дапамагае вызначаць неабходны змест, крыніцы, тэхналогіі і метады навучання, выхавання, развіцця.

Як граматна выбудаваць працэс мэтавызначэння, каб пасля яго завяршэння мы маглі атрымаць закончаную фармулёўку мэты, якая адпавядае ўсім неабходным патрабаванням? Усё гэта можна зрабіць, выкарыстоўваючы тэхнікі мэтавызначэння. Сёння найбольш вядомы метад SMART (з англ. — “разумны”) і ABCD method. Сутнасць метадаў заключаецца ў фармуляванні мэты на падставе пэўных крытэрыяў. Аб’яднаўшыся ў групы, удзельнікі семінара паспрабавалі сфармуляваць мэты ўрока ў сваіх прадметых галінах пры дапамозе абодвух метадаў мэтавызначэння, а таксама адзначылі вартасці і недахопы кожнага з іх.
Галоўнае ў сучасным уроку не колькасць засвоеных ведаў, а ўменне іх здабываць і прымяняць, развіццё асобы навучэнца, якое ажыццяўляецца ў працэсе вучэбнай дзейнасці і з’яўляецца вынікам навучання. Паспяховы навучэнец можа свае веды прымяніць, прырасціць іншымі ведамі, умее вучыцца. І такога навучэнца настаўнік павінен выхаваць. Нельга забываць і пра ўменне працаваць з інфармацыяй. Сёння, калі аб’ём інфармацыі павялічваецца штодзень у разы, проста неабходна фарміраваць у навучэнцаў уменні шукаць, выбіраць і здабываць інфармацыю з любых крыніц, прадстаўляць яе рознымі спосабамі (табліца, апорны канспект, логіка-сэнсавая мадэль і інш.), вызначаць месца інфармацыі ў сістэме, пераўтвараць веды і перадаваць іншым. Навучыць, выдзяляючы ключавыя словы, любое азначэнне раскладваць на зразумелыя канчатковыя дзеянні, складаць алгарытм — значыць даць у рукі навучэнца інструмент вырашэння практычна любой задачы ці праблемы. Таму першараднае значэнне набывае фарміраванне агульнавучэбных лагічных і інфармацыйных уменняў і навыкаў. Пра гэты напрамак у рабоце настаўніка гаварылі Святлана Іванаўна Гін, дацэнт кафедры акмеалогіі Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кандыдат педагагічных навук; Алена Барысаўна Пратасевіч, настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 1 Драгічына; Наталля Мацвееўна Грыцук, настаўніца геаграфіі Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна; Алена Васільеўна Пасюта, намеснік дырэктара, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Шчучына. І не проста гаварылі, а паказвалі метады і прыёмы, якія кожны з іх выкарыстоўвае ў рабоце з навучэнцамі.

Не менш важнай на ўроках з’яўляецца арганізацыя пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў. Якія формы арганізацыі пазнавальнай дзейнасці існуюць, як яны арганізуюцца, чым адрозніваюцца, як рэалізоўваюцца на ўроку, якія ўзроўні пазнавальнай актыўнасці? Пра гэта ў інтэрактыўным рэжыме нам нагадалі настаўніца біялогіі Лугаваслабадской сярэдняй школы Мінскага раёна Алена Яўгенаўна Гарбар, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 19 Оршы Святлана Пятроўна Емяльянава-Раманоўская, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Асіповіч Святлана Віктараўна Назарава, настаўніца замежнай мовы ліцэя Івацэвіч Вольга Валер’еўна Брыч. І не проста нагадалі, а адправілі нас на метадычную рыбалку, даўшы кожнай групе вуду, нажыўку і вядро. Улоў — дапоўнены шкілет рыбы пад назвай “Пазнавальная дзейнасць” — кожная з працоўных груп прадставіла пасля заканчэння работы.
Інтарэс, творчы характар вучэбна-пазнавальнай дзейнасці, спаборніцтва, гульнявы характар правядзення заняткаў, эмацыянальнае ўздзеянне — вось няпоўны пералік асноўных фактараў, якія падштурхоўваюць навучэнцаў да актыўнасці ў пазнавальнай дзейнасці.
І мы, як і належыць добрым навучэнцам, праявілі гэтую пазнавальную актыўнасць, бо ўмовы яе праяўлення — атмасфера супрацоўніцтва і добразычлівасці, сітуацыі поспеху для кожнага, уключэнне ў актыўную дзейнасць, калектыўныя формы работы, выкарыстанне элементаў займальнасці, нестандартных і праблемных сітуацый, практыка-арыентаваная накіраванасць матэрыялу, які вывучаецца, — былі створаны на ўсе 100%.
Такім чынам, кожны з настаўнікаў падзяліўся сваімі прыёмамі ў эфектыўнай арганізацыі пазнавальнай дзейнасці. Пасля заканчэння работы мы сплялі рэфлексіўны вянок.
Выкарыстанне электронных сродкаў навучання сёння дапамагае актывізаваць пазнавальную актыўнасць навучэнцаў, падтрымліваць інтарэс да матэрыялу, які вывучаецца, і… эканоміць час. Як якасна выкарыстоўваць ЭСН на ўроку, якія інтэрнэт-рэсурсы даступныя, якія сэрвісы можна выкарыстоўваць пры падрыхтоўцы матэрыялаў для ўрока, расказалі настаўнік матэматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Іван Віктаравіч Якіменка, дырэктар гімназіі № 3 Магілёва Ігар Віктаравіч Якіменка, а таксама В.А.Счасновіч, І.У.Зубрыліна.

Ажыццяўленне кантрольна-ацэначнай дзейнасці на ўроку — яшчэ адна праблема, якая патрабуе абмеркавання. Асаблівую складанасць пры ацэньванні вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў адчуваюць настаўнікі на ўроках літаратуры. Адным са спосабаў вырашэння з’яўляецца выкарыстанне на такіх уроках прынцыпаў актыўнай ацэнкі. Пра асаблівасці работы настаўніка і навучэнцаў у тэхналогіі актыўнай ацэнкі расказалі настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 5 Віцебска Галіна Анатольеўна Сухава, настаўнік замежнай мовы ліцэя Івацэвіч Аляксандр Мар’янавіч Сарока.
Актыўная ацэнка. Гэтае паняцце цяжка вызначыць адназначна, яно змяшчае ў сабе некалькі сэнсавых значэнняў. Па-першае, гэта вучэбная ацэнка. Гэта ацэнка, якая паляпшае працэс вучобы — навучання, дапамагае школьніку вучыцца. Па-другое, гэта самаацэнка і ўзаемаацэнка, метад навучання; прадстаўленне інфармацыі, якая дапамагае вучыцца; сродак зваротнай сувязі, рэфлексія і інш. Актыўную ацэнку можна вызначыць як стратэгію навучання, у рамках якой навучэнцы маюць магчымасць пастаянна ба-чыць і разумець свае поспехі (і радавацца ім), няўдачы (і ліквідаваць недахопы), авалодваць крытэрыямі ацэнкі, кіраваць уласнай вучобай. Актыўная ацэнка — гэта частая, інтэрактыўная ацэнка прагрэсу навучэнца і ступені разумення ім матэрыялу з тым, каб была магчымасць вызначыць, як навучэнец павінен вучыцца далей і як лепш яго ву-чыць (даклад Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (OECD).
Для чаго выкарыстоўваць актыўную ацэнку? — спытаеце вы. Галіна Анатольеўна пераканала нас, што мы, настаўнікі, будзем атрымліваць вялікую аддачу ад навучання. Замест канкурэнцыі на ўрок прыйдзе супрацоўніцтва, павысіцца індывідуалізацыя навучання. Навучэнцы стануць працаваць больш эфектыўна і свядома, палепшацца вынікі навучання. І, што немалаважна, бацькі будуць удзельнічаць у адукацыйным працэсе.

Агляд навінак метадычнай літаратуры правяла С.І.Гін. Хочаце даведацца, якія кнігі рэкамендавала нам Святлана Іванаўна? Загляніце на сайт клуба crane.unibel.by.
Круглы стол. Абмеркаванне вынікаў работы. Рэфлексіўны аналіз. Мікрафон. Так, здорава. Так, папрацавалі. Так, ёсць над чым працаваць далей. А вынікі работы груп? У публікацыях. У самы бліжэйшы час на старонках “Настаўніцкай газеты”, у прадметных часопісах вы знойдзеце нашы ідэі, роздумы і распрацоўкі па ўсіх напрамках работы на семінары. Спадзяёмся на супрацоўніцтва і вашы водгукі.
Семінар у Азёрах завершаны. Усе раз’ехаліся. Апусцеў наш “клас” на беразе возера Белае. У галаве цесна ад новых думак і ідэй. І, нягледзячы на лета, водпуск і жаданне адпачыць, хочацца яшчэ раз прагледзець матэрыялы і абмеркаваць іх з вамі, паважаныя калегі.

Святлана ГЕРМАНОВІЧ,
Вольга СЧАСНОВІЧ,
члены клуба “Крыштальны журавель”.