Б’е крыніца крэатыву

У Гомелі флэш-моб “Табе, мая Беларусь” падвёў вынікі абласнога этапу рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “АРТ-вакацыi”. На імправізаванай сцэнічнай пляцоўцы ля Гомельскага абласнога Дома навучэнцаў і супрацоўнікоў устаноў прафесійнай адукацыі сабралася больш 500 самых таленавітых.

Удзел у першым і другім этапах конкурсу прынялі больш як чатыры тысячы падлеткаў. Для абароны праектаў другога этапу былі запрошаны прадстаўнікі ўстаноў адукацыі з відэазапісам конкурснага выступлення. Абласным журы былі прагледжаны тэматычныя праграмы. Як расказала дырэктар Гомельскага абласнога дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі Ірына Кузьміцкая, падчас агляду-конкурсу выяўлены лепшыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы ў розных жанрах мастацкай творчасці:

— Творчы патэнцыял мола­дзі вялікі і разнастайны, таму ўдзел у конкурсных праграмах фестывалю — унікальная магчымасць праявіць сябе ў самых розных кірунках самадзейнай мастацкай творчасці. Прынамсі, у 51 установе прафесійнай адукацыі вобласці вядуць сваю дзейнасць больш за 200 творчых калектываў і аматарскіх аб’яднанняў. Удзельнікі конкурсу маладыя і крэатыўныя, маюць свежыя ідэі і погляды на развіццё мастацкай творчасці, а галоўнае — яны валодаюць жаданнем рэалізаваць свае шматлікія таленты.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца папулярызацыі фестывалю. У тым ліку на сайтах устаноў адукацыі размешчаны ўсе конкурсныя выступленні абласнога этапу. У канцы красавіка адбудзецца ўзнагароджанне ўладальнікаў спецыяльных намінацый  і пераможцаў конкурсу “АРТ-вакацыі” абласнога этапу. А на рэспубліку Гомельшчына прадставіць цікавую трохгадзінную відэапраграму. Нагадваем, што рэспубліканскі этап фестывалю мастацкай творчасці “Арт-вакацыі” пройдзе ў маі ў маладзёжнай сталіцы краіны — Гродне.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.