“Бабуліна” хімія і электрацуды з асакі

- 16:19Адукацыйная прастора, Рознае
З 28 лютага па 2 сакавіка на базе Мінскага абласнога ІРА прахо­дзіў XVIII Рэспубліканскі конкурс работ даследчага характару (канферэнцыя) навучэнцаў па вучэбных прадметах “Астраномія”, “Біялогія”, “Інфарматыка”, “Матэматыка”, “Фізіка” і “Хімія”. Арганізатары конкурсу — Міністэр­ства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Белару­скі дзяржаўны ўніверсітэт. Асноўныя мэты мера­прыемства — развіццё інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў, пошук дзяцей, здольных да творчай даследчай дзейнасці, пашырэнне кола іх адукацыйных запытаў.

“На канферэнцыю паступіла больш за 600 работ. Да фінальнага этапу дайшлі 144, 7 з іх прадстаўлены ліцэістамі БДУ. Па добрай традыцыі ў гэтым конкурсе ўдзельнічалі школьнікі з Расіі і Украіны. Сёлета з дакладамі ў Мінску выступілі пяць расійскіх і сем украінскіх школьнікаў”, — паведаміў прадстаўнік аргкамітэта конкурсу намеснік дэкана ФПМІ БДУ Барыс Валянцінавіч Задворны. — У межах канферэнцыі працавала 6 тэматычных секцый па названых прадметах. Яе ўдзельнікі (па 24 навучэнцы ў кожнай секцыі) выконвалі і абаранялі свае даследчыя работы ў публічных дыскусіях перад равеснікамі і прадстаўнікамі журы, у складзе якога было 10 дактароў і 32 кандыдаты навук”.
Лепшымі (у кожнай секцыі) прызнаны каля 45 працэнтаў ад агульнай колькасці калектыўных і індывідуальных даследаванняў, аўтары якіх набралі найбольшую колькасць балаў. Пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі Міністэрства адукацыі I, II і III ступені і памятнымі падарункамі. Аўтары-пераможцы калектыўных даследаванняў атрымлівалі адзін дыплом — узнагароджваліся калектывы. Асобныя ўдзельнікі конкурсу атрымалі пахвальныя водзывы.

Па матэматыцы дыпломамі І ступені адзначаны дзве работы. Першая з іх — “Ланцуговыя дробы і алгарытм Эўкліда ў нарміраваных фактарыяльных кольцах”. Яе аўтар — Мікіта Кандрацёнак, навучэнец 10 класа гімназіі № 29 Мінска. Работа была апублікавана ў “Весніку БДУ” — часопісе, які прызнаецца ВА Кам пры абароне дысертацый. Другое даследаванне, якое было ўдастоена дыплома І ступені, — “Шчыльныя ітэрацыі” навучэнцаў 11 класа Ліцэя БДУ Сяргея і Антона Шамяковых.
“Даследчы стыль мыслення стаў вельмі папулярным і неабходным не толькі для таго, хто займаецца навукай, але і для кіраўнікоў прадпрыемстваў. Нават калі прыходзіш у магазін, спярша трэба разабрацца, правесці міні-даследаванне, што ты набываеш, — адзначыў член журы секцыі “Матэматыка”, прафесар, дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і навучання замежных студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны Аляксандр Фёдаравіч Васільеў (адзін з арганізатараў і кіраўнікоў навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “Пошук” у Гомельскай вобласці). — Зараз набліжаецца новы, шосты этап тэхналагічнай рэвалюцыі. Свет з кожным днём становіцца ўсё больш складаным. Моладзь інтуітыўна адчувае неабходнасць даследчага стылю ў навучанні, таму і цягнецца да навуковай дзейнасці. Школьнікі Гомельскай вобласці дасылаюць вельмі многа даследаванняў на абласны конкурс. Сярод іх шмат краязнаўчых работ, а таксама работ па энергазберажэнні, здароўезберажэнні і распрацовак міжпрадметнага характару. Паляпшаецца якасць даследаванняў, усё менш работ маюць рэфератыўны характар”.
Падводзячы вынікі работы секцыі “Хімія”, старшыня журы дацэнт хімічнага факультэта БДУ Віктар Мікалаевіч Хвалюк адзначыў: “На навуковых канферэнцыях школьнікі, як правіла, наладжваюць кантакты з равеснікамі, дзеляцца з імі сваімі ідэямі. А прыгожая ідэя — гэта ўжо палова поспеху. Калі яе старанна распрацаваць, граматна аформіць, то атрымліваецца добрая работа. Дзякуй тым настаўнікам і тым бацькам, якія знаходзяць час і сілы адшукваць разам з дзецьмі і распрацоўваць новыя і цікавыя ідэі. Ёсць адметная заканамернасць: чым глыбей пагружаешся ў навуковую тэму, тым больш пытанняў узнікае. Даследчыя распрацоўкі школьнікаў павінны садзейнічаць глыбейшаму вывучэнню імі прадметаў, фарміраванню стойкага інтарэсу да іх”.

Шмат работ на конкурсе мелі экалагічную накіраванасць. Даследаванне па хіміі “Палімерныя матэрыялы, якія раскладаюцца, на аснове мадыфікаванага крухмалу” Аляксея Бакаўца з 11 класа ліцэя № 1 Брэста было адзначана дыпломам І ступені. Як вядома, цяперашнія палімеры, якія выкарыстоўваюцца ў прамысловасці, пасля таго як становяцца адходамі, распадаюцца вельмі доўга. І аўтар работы паспрабаваў знайсці варыянт вырашэння праблемы, пры якім хімічныя матэрыялы не будуць шкодзіць навакольнаму асяроддзю. Гэта той рэдкі выпадак, калі і тэма даклада, і яго змест, і вызначэнне мэты, і вывады ўзаемаўзгоднены.
Дыпломам І ступені па хіміі адзначана таксама работа Марыны Чуешкавай і Яўгена Булавы з 11 класа Мінскага дзяжаўнага абласнога ліцэя “Бабуліна хімія”: выдзяленне сапанінаў з пладоў конскага каштана”. “Мы аналізавалі метад экстракцыі сапанінаў, які апісаны ў навуковай літаратуры, а таксама другі метад, які можна назваць “бабуліным”, — адзначае Марына. — Сапаніны — гэта рэчывы, якія маюць шырокае прымяненне ў медыцыне, напрыклад, пры варыкозным расшырэнні вен. Іх вылучаюць з каштанаў, ачышчаюць і вывучаюць праз якасныя рэакцыі і танкаслойную храматаграфію. Падобная працэдура робіцца ў прамысловасці. Але і “бабулін метад” можа быць дастаткова эфектыўным пры вылучэнні з каштанаў гэтых рэчываў”.
Старшыня секцыі “Фізіка” дацэнт фізічнага факультэта БДУ Віталь Уладзіміравіч Жылко расказаў, што падчас конкурсу больш за ўсё цанілася ўменне школьнікаў адказваць на пытанні, калі яны дэманстравалі свабоднае валоданне матэрыялам, паказвалі, што разбіраюцца ў працэсах, якія даследуюць. Упершыню і даволі паспяхова выступілі навучэнцы 2 класа Ігаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Добрушскага раёна Ілья Козыраў і Арцём Галаганаў з дакладам “Бактэрыі з калоны і асака робяць электрацуды”. У сваім даследаванні хлопчыкі апісалі новую нетрадыцыйную лёгкаўзнаўляльную крыніцу энергіі — з асакі, самі даследавалі яе на працягу 5 месяцаў, назіралі, як працуюць калоніі бактэрый з гэтай расліны, як узнікае пры гэтым і павялічваецца сіла току. Пачынаючыя даследчыкі атрымалі за сваю работу пахвальны водзыў.
Дыпломы І ступені па фізіцы атрымалі Раман Палякоў з 11 класа гімназіі № 1 Віцебска за работу “Выраб дзеючай мадэлі і даследаванне фізічных характарыстык бескалектарнага магнітна-левітацыйнага сонечнага рухавіка” і Аляксандр Конікаў з 11 класа гімназіі № 6 Мінска за работу “Стварэнне высокачастотнага гукавога сігналу з дапамогай іанафона”.

На секцыі “Біялогія” (старшыня журы — дацэнт кафедры фізіялогіі чалавека і жывёл біялагічнага факультэта БДУ Дзмітрый Барысавіч Сандакоў) дыпломамі І ступені адзначаны даследаванні Ільі Навасельскага з 10 класа гімназіі № 6 Мінска “Выкарыстанне курынага памёту і шламаў калійнай вытворчасці для вырошчвання саланаводнай мікраводарасці Dunaliella salina” і Ільі Саўчанкі з 11 класа гімназіі № 1 Віцебска “Уплыў выпальвання травы на фарміраванне супольнасці жужаляў (Coleoptera, Carabidae) у межах Віцебска”.
На секцыі “Інфарматыка” (старшыня журы — дацэнт кафедры інфармацыйных сістэм кіравання ФПМІ БДУ Сяргей Іванавіч Кашкевіч) дыпломамі І ступені адзначаны чатыры работы. Сярод уладальнікаў узнагарод трое ўкраінцаў: Дзмітрый Швайка з 11 класа Чырвонаармейскага гарадскога ліцэя “Надзея”, які выступаў з даследаваннем “Сістэма адсочвання становішча галавы “Headtracker”; Іван Вяцько і Кірыл Дабрасол, якія прадставілі калектыўную работу “Распрацоўка перыферыйнага ўстройства “Падсвечванне манітора з дынамічным змяненнем колеру ў залежнасці ад яго свячэння”. Дыпломы І ступені атрымалі таксама навучэнец 11 класа Павел Бацылеў з сярэдняй школы № 3 Старых Дарог за работу “Кросплатформенны мабільны дадатак “Хімія Х10” і Уладзіслаў Шакуноў з 11 класа ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ў Магілёве за праект “Разумная дача”.
На секцыі “Астраномія” (старшыня журы — дырэктар абсерваторыі БДУ Альгерд Паўлавіч Кузнечык) дыпломы І ступені атрымалі Канстанцін Раманчук з Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя за работу “Уплыў сіл рознага паходжання на рух малых цел Сонечнай сістэмы” і Ілона Дарафей з 11 класа Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната № 2 для дзяцей з парушэннямі зроку за работу “Самаробны інклінатар”.

З лепшымі работамі ўдзельнікі конкурсу выступяць на міжнародных канферэнцыях школьнікаў. З мэтай папярэдняга адбору дзяцей, якія прадставяць нашу краіну на міжнародным узроўні, пасля заканчэння канферэнцыі праходзіла тэсціраванне яе ўдзельнікаў па англійскай мове. Пераможцы канферэнцыі па выніках разгляду камісіі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў будуць рэкамендаваны да дадатковага ўзнагароджання.
Па традыцыі арганізатары конкурсу спыніліся на некаторых праблемных момантах, на якія ў будучым варта звярнуць увагу ўдзельнікам такіх мерапрыемстваў. Першы з іх — не ўсе работы, якія былі заяўлены, дайшлі да кіраўнікоў секцый у раздрукаваным выглядзе звычайнай поштай (што з’яўляецца абавязковай умовай для ўдзелу ў адборы!). Па-другое, на абарону калектыўных работ часам накіроваўся зусім іншы дакладчык, які не прымаў удзел у іх стварэнні. Асноўным дакладчыкам павінен быць адзін з аўтараў даследавання. Трэцяя праблема — у аргкамітэт конкурсу іншы раз звяртаюцца з пытаннем: “Чаму работа, якая перамагла на абласным узроўні, не была дапушчана да рэспубліканскага?”. Адказ тут просты: даследаванне не адпавядала патрабаванням гэтага этапу конкурсу, папярэдне ўсе работы ацэньвае экспертная камісія і выбірае самыя моцныя з іх. Калі рэгіянальнае журы жадае зрабіць пэўныя рэкамендацыі па выніках работы сваёй рэгіянальнай канферэнцыі (конкурсу), то такія рэкамендацыі павінны патрапіць у журы рэспубліканскай канферэнцыі-конкурсу не пазней, чым праз 10 дзён пасля заканчэння афіцыйна заяўленых тэрмінаў падачы работ на рэспубліканскую канферэнцыю (у гэтым годзе да 30 студзеня).
Падрабязней аб умовах удзелу ў конкурсе і парадку работы секцый можна прачытаць на сайце http://www.uni.bsu.by (на старонцы “Рэспубліканская канферэнцыя школьнікаў”).

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.