Бабуліна школа” запрашае

Вучэбна-метадычны музейны комплекс “Бабуліна школа” быў створаны ў брэсцкім ліцэі № 1 імя А.С.Пушкіна 6 гадоў назад па ініцыятыве дырэктара ўстановы заслужанай настаўніцы Беларусі Святланы Мікалаеўны Сямёнавай. Комплекс знаёміць падлеткаў з 70-гадовай гісторыяй развіцця савецкай адукацыі.

— Экспанаты прыносілі вучні, іх бацькі, выпускнікі, педагогі і жыхары горада, — расказвае загадчыца ВММК “Бабуліна школа” настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Святлана Іванаўна Данілюк. — Амаль усе экспанаты — арыгінальныя артэфакты савецкай эпохі. На ўваходзе гасцей сустракае скульптура заснавальніка СССР Уладзіміра Леніна, партрэты якога віселі ў кожным класе савецкай школы. Фотаздымкі і ілюстрацыі карцін, прысвечаныя сям’і Ульянавых, можна ўбачыць і на сценах нашага музея. У насценных шафах — школьныя і ўніверсітэцкія падручнікі савецкага часу, праграмная мастацкая літаратура, работы класікаў марксізму-ленінізму, партрэты Надзеі Крупскай і Анатоля Луначарскага. Гэтыя дзеячы ўнеслі важкі ўклад у стварэнне паслярэвалюцыйнай савецкай школы і ліквідацыю непісьменнасці ў краіне (толькі 40% тагачаснага насельніцтва ўмела чытаць і пісаць). Анатоль Луначарскі быў вялікім прыхільнікам школы Марыі Мантэсоры. Стаўшы наркамам асветы СССР, ён актыўна ўкараняў ідэі вядомага педагога ў адукацыю.

На сценах — шматлікія фотаздымкі эпохі сацыялізму. На іх можна ўбачыць і першага савецкага касманаўта Юрыя Гагарына ў акружэнні шчаслівых дзяцей, і пасляваенныя школы з пячным ацяпленнем. Цікавасць выклікаюць арыгінальныя атэстаты сталасці і выпускныя фотаальбомы розных гадоў, узоры школьнай формы, грамадска-палітычныя газеты і граматы. У вітрынах — значкі, нагрудныя знакі, грашовыя купюры, камсамольскія, прафсаюзныя і партыйныя білеты, дакументы аб адукацыі. Сярод экспанатаў ёсць рарытэтныя рэчы: трафейны акардэон, прывезены з Берліна пасля Вялікай Перамогі, патэфон, арыфмометр, фільмаскоп і іншыя тэхнічныя сродкі, якія знаходзяцца ў рабочым стане.

— Па музейных экспанатах можна прасачыць не толькі эвалюцыю сістэмы адукацыі і развіццё навукова-тэхнічнага прагрэсу, але і гісторыю СССР, таму на базе “Бабулінай школы” праводзяцца ўрокі гісторыі, дзе закранаюцца пытанні культуры, — адзначае С.І.Данілюк.

Адна з экспазіцый аднаўляе школьны клас сярэдзіны ХХ стагоддзя, які складаецца з разлінеенай класнай дошкі для фарміравання каліграфічнага почырку, вялікіх лічыльнікаў для рашэння складаных прыкладаў і некалькіх парт рознага памеру з адкідным верхам. На партах — чарніліцы, у спецыяльных паглыбленнях — драўляныя ручкі з пёрамі.

— Без мінулага няма будучыні, — лічыць С.І.Данілюк. — Матэрыяльныя знакі мінулай эпохі забяспечваюць пераемнасць і сувязь пакаленняў. “Бабуліна школа” — выдатнае выхаваўчае асяроддзе для ліцэістаў. Пры музеі дзейнічае група экскурсаводаў з іх ліку, якія праводзяць экскурсіі, прысвечаныя гісторыі станаўлення і развіцця савецкай школы, стварэння і эвалюцыі школьнай формы, узнікнення і развіцця піянерскай і камсамольскай арганізацый, тэхнічным сродкам савецкай эпохі. Так, вядома, што пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі школьная форма была адменена. Абавязковай яна стала толькі пасля Вялікай Айчыннай вайны. У 1949 годзе ў СССР была ўведзена адзіная школьная форма. Хлопчыкі насілі ваенныя гімнасцёркі са стаячым каўнерыкам, а дзяўчынкі — шарсцяныя сукенкі з чорным фартухом. Сукенкі былі сціпла ўпрыгожаны карункавымі каўнерыкамі і манжэтамі. У дадатак да гэтага дзяўчынкі маглі насіць чорныя/карычневыя (штодзённыя) і белыя (парадныя) банты. Іншыя колеры бантаў не дапускаліся. У цэлым школьная форма для дзяўчынак сталінскай эпохі паходзіла на школьную форму царскай Расіі. Строгасць нораваў сталінскай эпохі распаўсюджвалася і на школьнае жыццё. Нават нязначныя эксперыменты з даўжынёй ці іншымі параметрамі формы сурова караліся адміністрацыяй школ. Прычоскі таксама адпавядалі патрабаванням пурытанскай маралі. Мадэльныя стрыжкі да канца 50-х гадоў мінулага стагоддзя строга забараняліся, не кажучы ўжо пра афарбоўку валасоў. Дзяўчынкі абавязкова насілі банты з косамі.

“Хрушчоўская адліга” зрабіла школьную форму больш дэмакратычнай. Яна стала адпавядаць модзе 60-х гадоў. У хлопчыкаў з’явіліся штаны і курткі з паўшэрсці сіняга колеру. Іх пакрой нагадваў класічныя джынсавыя курткі. На рукаве нашывалася эмблема падручніка на фоне ўзыходзячага сонца.

У пачатку 80-х гадоў дзяўчынкі працягвалі насіць карычневыя сукенкі, толькі цяпер яны былі ўжо вышэй каленяў. У хлопчыкаў з’явіўся касцюм са штанамі сіняга колеру. З 1984 года для дзяўчынак быў уведзены сіні касцюм-тройка са спадніцай-трапецыяй са складкамі спераду, пінжаком з накладнымі кішэнямі і камізэлькай. Тагачасны касцюм нагадвае сучасную ліцэйскую форму. Абавязковым атрыбутам савецкай формы былі акцябрацкія, піянерскія і камсамольскія значкі. Піянеры насілі чырвоныя гальштукі.

— Пасля распаду СССР школьная форма была адменена, — расказвае С.І.Данілюк. — Сёння ў Беларусі няма адзінай школьнай формы. Абавязковым з’яўляецца захаванне дзелавога стылю ў адзенні школьнікаў. Некаторыя ўстановы распрацоўваюць свой эксклюзіўны стыль. Наш ліцэй стаў першым у краіне, які распрацаваў уласныя мадэлі школьнай формы.

У музейнай экспазіцыі можна азнаёміцца з законамі піянераў і піянерскай атрыбутыкай (сцягам, горнам, барабанам і вымпеламі), а таксама з гісторыяй камсамольскага руху. Сучасныя ліцэісты, як і савецкія камсамольцы, збіраюць макулатуру, шэфствуюць над ветэранамі, дапамагаюць дзіцячаму сацыяльнаму прытулку, займаюцца валанцёрскай і іншай грамадска карыснай дзейнасцю.

— Мы не збіраемся спыняцца на дасягнутым, — гаворыць С.І.Данілюк. — Будзем папаўняць музейную экспазіцыю новымі цікавымі матэрыяламі, удасканальваць экскурсійную работу і пашыраць навукова-даследчую дзейнасць ліцэістаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.