Гэтымі днямі ўпершыню ў нашай краіне праходзіць Міжнародны конкурс па інфарматыцы і інфармацыйных тэхналогіях “Бабёр-2015”. Яго арганізатарам выступае Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Мерапрыемства праводзіцца пры інфармацыйнай падтрымцы Міністэрства адукацыі.
Паколькі ІКТ становяцца незаменным інструментам, які выкарыстоўваецца штодзень, важнымі з’яўляюцца пазнавальныя, сацыяльныя, культурныя і міжкультурныя аспекты конкурсу. Конкурс накіраваны на выяўленне здольнасцей у дзяцей і моладзі да інфармацыйна-камп’ютарных тэхналогій, развіццё цікавасці да іх з першых дзён знаходжання навучэнцаў у школе, а таксама павышэнне ўзроўню камп’ютарнай дасведчанасці навучэнцаў, іх інфармацыйнай культуры разам з развіццём алгарытмічнага і лагічнага мыслення. Сярод мэт спаборніцтваў — стымуляванне імкнення педагогаў больш інтэнсіўна выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі ў навучанні.Галоўныя прынцыпы конкурсу “Бабёр” запазычаны ў матэматычных спаборніцтваў “Кенгуру”, якія вельмі папулярныя ва ўсім свеце. Адрознівае яго ад “Кенгуру” тое, што “Бабёр” з’яўляецца поўнасцю камп’ютарызаваным конкурсам і праводзіцца праз інтэрнэт у рэжыме анлайн. У кожнага яго ўдзельніка, а гэта навучэнцы 1—11 класаў школ, гімназій, ліцэяў, а таксама сярэдніх прафесійных навучальных устаноў, павінен быць камп’ютар з доступам у сетку інтэрнэт. Дарэчы, удзельнікі падзелены на шэсць узроставых груп (1—2, 3—4, 5—6, 7—8, 9—10, 11 класы адпаведна).
Ідэя конкурсу была прапанавана загадчыкам кафедры выкладання Інстытута матэматыкі і інфарматыкі Вільнюскага ўніверсітэта, прафесарам, кіраўніком нацыянальнай алімпіяды і аўтарам шматлікіх кніг па інфарматыцы Валянцінай Дагене. Назва конкурсу нарадзілася падчас яе падарожжа па Фінляндыі ў 2003 годзе. Дзейнасць баброў на берагах праток была настолькі прыцягальнай, што бабра вырашылі зрабіць сімвалам конкурсу. “Бабры вельмі ўпартыя, яны імкнуцца дасягнуць дасканаласці ў сваёй дзейнасці і працуюць да таго часу, пакуль не дасягнуць мэты. Іх штодзённая работа сама па сабе здаецца спаборніцтвам: хто зваліць больш дрэў, той спыніць больш праток”, — адзначыла прафесар.
Так і атрымалася, што конкурс назвалі ў гонар працавітага і разумнага бабра. У цяперашні час у спаборніцтвах удзельнічаюць больш за 35 краін свету.
Задачы для правядзення мерапрыемства рыхтуюцца краінамі-ўдзельніцамі, якія адбіраюцца на штогадовым міжнародным семінары. Камплект заданняў, якія прапаноўваюцца ў кожнай дзяржаве, складаецца з дзвюх частак: задачы, агульныя для ўсіх краін, і задачы, адабраныя гэтай краінай і адобраныя на міжнародным семінары.
Удзельнікам конкурсу прапаноўваецца 15 задач трох узроўняў складанасці: на 6, 9 і 12 балаў адпаведна (для вучня 1—2 класаў задач 12). За няправільны адказ навучэнец атрымлівае штраф у памеры 1/3 ад балаў задачы, які вылічваецца з агульнай сумы балаў. Пры адсутнасці адказу на задачу штраф не налічваецца (атрымліваецца, што вучню выгадней прапусціць задачу, чым рашыць яе няправільна). Час на рашэнне задач — 40 хвілін (плюс пяць хвілін на запаўненне анкеты), час адлічваецца з моманту націскання кнопкі “Пачаць рашэнне задач”.
Вынікі спаборніцтваў падводзяцца па кожнай з узроставых груп асобна. Праз два тыдні пасля спаборніцтваў удзельнікі могуць азнаёміцца з вынікамі, зайшоўшы на сайт конкурсу са сваімі ўліковымі запісамі (http://babior.by). Пераможцы ўзнагароджваюцца дыпломамі. Усе ўдзельнікі конкурсу атрымліваюць сертыфікаты, якія па рашэнні журы маюць чатыры ступені: выдатны вынік, добры вынік, паспяховы вынік і сертыфікат удзельніка.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.