Бачыць асобу ў кожным вучню

Сорак шэсць гадоў плённай працы — менавіта столькі аддала дзейнасці ў сферы адукацыі настаўніца хіміі сярэдняй школы № 3 Асіповіч Святлана Зайцава. У 71 Святлана Уладзіміраўна працягвае выкладаць, займаецца метадычнай работай, грамадскай дзейнасцю, актыўна працуе з адоранымі дзецьмі. Усім сэрцам адданая настаўніцкай справе, яна поўная сілы, энергіі і нават не задумваецца пра выхад на заслужаны адпачынак.

Аб педагогіцы Святлана Зайцава марыла з дзяцінства, хоць настаўнікаў у яе вялікай сям’і не было.

— Маё дзяцінства выпала на пасляваенны час. Цацак тады асабліва не было. І як цяпер помню: замест лялек расстаўляла па глебе невялікія палачкі — яны былі маімі вучнямі, а потым пачынала з імі заняткі. Дапамагала вучыцца старэйшаму брату, які раней за мяне пайшоў у школу. Аналізуючы мінулыя падзеі, прыходжу да высновы, што прырода надзяліла мяне дарам вучыць іншых. Прапрацаваўшы больш за 46 гадоў настаўніцай, калі мяняліся праграмы, іншымі станавіліся пакаленні дзяцей, я пераканалася, што з прафесіяй вызначылася правільна, — запэўнівае Святлана Уладзіміраўна.

Цікава, што вызначаючыся з педагагічным профілем, Святлана Уладзіміраўна першапачаткова хацела абраць фізмат. Але кіраўніцтва яе роднай школы ў Ганцавічах, а дырэктар быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, угаварыла Святлану Зайцаву стаць настаўніцай хіміі і вярнуцца выкладаць гэты прадмет на малую радзіму.

— У школе мне падабаліся ўсе дакладныя навукі, таму я прыслухалася да парад заслужаных педагогаў і ветэранаў. Паступіла ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна на аддзяленне хіміі. Праз два гады ў выніку аб’яднання мы сталі студэнтамі хіміка-біялагічнага факультэта. Пасля заканчэння ВНУ я ніколі не выкладала біялогію, але пытанні экалогіі заўсёды закранаю на ўроках хіміі, — расказала Святлана Уладзіміраўна.

Пасля атрымання запаветнага настаўніцкага дыплома Святлана Зайцава як малады спецыяліст прыйшла працаваць у сярэднюю школу № 16 расійскага горада Улан-Удэ. Туды быў накіраваны на ваенную службу муж Святланы Уладзіміраўны, следам за якім адправілася і яна.

— На сваім першым працоўным месцы я не толькі адбылася як педагог, але і атрымала прафесійную загартоўку на ўсё жыццё. Школа працавала ў дзве змены, я ішла на працу зранку, а вярталася дадому ўжо познім вечарам. Складанасцей было шмат. У першы год майго настаўніцтва школа трапіла пад гарадскую, абласную, рэспубліканскую і агульнасаюзную праверкі. Было цяжка, але мяне падтрымліваў мой 11 клас, дзе вучыліся 24 хлопцы і толькі 4 дзяўчынкі. Заўсёды з любоўю і падзякай згадваю тых першых сваіх вучняў, — адзначае Святлана Уладзіміраўна.

Цяпер, ужо больш за дваццаць сем гадоў працуючы ў 3-й асіповіцкай школе, яна не ўяўляе для сябе іншага шляху, акрамя настаўніцкага. Педагогіка — прызванне С.У.Зайцавай.

На ўроках Святлана Ула­дзіміраўна заўжды стымулюе навучэнцаў на самастойны пошук ведаў, а сама выступае толькі куратарам іх пазнавальнай дзейнасці. Важным фактарам для якаснага навучання педагог лічыць і метапрадметнасць. На яе думку, менавіта прымяненне прынцыпу метапрадметнасці з’яўляецца галоўным сродкам развіцця крытычнага мыслення дзяцей.

— Свае заняткі будую з улікам міжпрадметнай сувязі хіміі з амаль усімі іншымі вучэбнымі дысцыплінамі. Такі падыход вельмі спрыяе развіццю ў вучняў здольнасці аналізаваць інфармацыю, уменняў фарміраваць абгрунтаваныя меркаванні, прымяняць атрыманыя веды ў розных жыццёвых сітуацыях, — падкрэсліла Святлана Ула­дзіміраўна.

Хімія досыць складаная, але жыццёвая навука, таму кожны ўрок Святланы Уладзіміраўны мае практычную накіраванасць. На занятках і ў пазаўрочны час настаўніца право­дзіць для дзяцей даследчыя экспедыцыі, маніторынгавыя даследаванні, доследы. Адным словам, разам з вучнямі Святлана Зайцава вырашае практыка-арыентаваныя пытанні для далейшага прыняцця школьнікамі жыццёва важных рашэнняў.

Дарэчы, пасля ўрокаў Святлана Уладзіміраўна сустракаецца са сваімі вучнямі амаль штодня. Разам яны займаюцца справамі экалагічнага маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Дзеля жыцця на Зямлі”. Школьнікі з энтузіязмам праводзяць даследаванні, экалагічную асвету. На чале з настаўніцай яны супрацоўнічаюць з навукоўцамі УВА, Нацыянальнай акадэміяй навук, міжнароднымі экалагічнымі аб’яднаннямі. Акрамя таго, школьнікі становяцца актыўнымі ўдзельнікамі экалагічных экспедыцый і паходаў, у якіх праводзяць маніторынг забруджвання навакольнага асяроддзя, асаблівых лясных аб’ектаў, стану водных рэсурсаў, біяразнастайнасці лясных комплексаў.

— У экаэкспедыцыях і ў хо­дзе падрыхтоўкі да абароны сваіх праектаў школьнікі шмат чаму вучацца. Яны аналізуюць атрыманыя вынікі даследаванняў шляхам камп’ютарнай апрацоўкі, тым самым удасканальваючы камп’ютарную адукаванасць, а не бязмэтна марнуючы час на гульні. Вынікі нашых даследаванняў роднага раёна аказаліся запатрабаванымі пры выданні шматтомніка “Флора Беларусі”, перавыданні Чырвоных кніг рэдкіх раслін і жывёл. Да таго ж намі выдадзены кнігі “Унікальныя прыродныя аб’екты Асіповіцкага краю”, “Экалагічны маніторынг Асіповіцкага раёна: методыкі, вынікі даследаванняў, ацэнка стану”, “Біяэнергетыка Асіповіцкага раёна” і інш., — паведаміла Святлана Уладзіміраўна.

Па меркаванні настаўніцы, паспяховасць у класе шмат у чым залежыць ад уласнага прафесіяналізму. Таму педагогам трэба заўсёды крытычна адносіцца да сябе, негледзячы на пэўныя дасягненні, імкнуцца да ўдасканалення сваёй працы. Сама Святлана Зайцава так і робіць. Яна пастаянна знаходзіцца ў прафесійным развіцці. Распрацаваныя ёй метадычныя рэкамендацыі па ўкараненні элементаў энергазберажэння ў выкладанні вучэбных прадметаў “Хімія”, “Біялогія”, “Фізіка”, “Геаграфія”, “Руская мова” апублікаваныя на сайце Міністэрства адукацыі. Сваімі эфектыўнымі педагагічнымі распрацоўкамі Святлана Уладзіміраўна актыўна дзеліцца з калегамі. Яна ўзначальвае раённую творчую групу настаўнікаў хіміі, перыядычна праводзіць аўтарскія курсы павышэння кваліфікацыі ў Магілёўскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, выступае з дакладамі на канферэнцыях і семінарах.

Важнае месца Святлана Зайцава адводзіць рабоце з адоранымі навучэнцамі. Яна стараецца своечасова разглядзець здольнасці кожнага вучня і дапамагчы рэалізацыі іх талентаў. Асноўны ўпор педагог робіць на прыцягненне дзяцей да ўдзелу ў навукова-даследчай дзейнасці. Яе вучні штогод становяцца пераможцамі конкурсаў і канферэнцый для юных даследчыкаў. Так, за апошнія пяць гадоў яны заваявалі звыш 250 пераможных дыпломаў, у тым ліку на конкурсах міжнароднага ўзроўню. Яе выхаванцы 32 разы станавіліся стыпендыятамі спецыяльнага фонду прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Неаднаразова адзначалася і плённая праца самой Святланы Уладзіміраўны. Яна з’яўляецца выдатнікам адукацыі, узнагародж­валася ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі, іншых дзяржаўных ведамстваў, мясцовых выканаўчых улад. У свой час атрымала званне “Чалавек года”. Двойчы была адзначана падзячнымі лістамі прэзідэнта за самаадданую працу, значны ўклад ва ўмацаванне сацыяльна-эканамічнага і духоўнага патэнцыялу грамадства.

Нягледзячы на ўзрост, Святлана Уладзіміраўна плануе працяг­ваць настаўнічаць. Навучэнцы заўж­ды рады сустрэчы з ёй, бо кожны ўрок Святланы Уладзіміраўны ператвараецца для іх у адкрыццё — адкрыццё таямніц складанай, але такой цікавай навукі хіміі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва
Святланы Зайцавай.