У ходзе рабочай паездкі міністр адукацыі наведаў Гомельскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж. Ён, дарэчы, па леташніх выніках прызнаны лепшай установай сярэдняй спецыяльнай адукацыі краіны. Менавіта тут знаходзіцца адзін з рэсурсных цэнтраў, які ў сваім профілі з’яўляецца драйверам развіцця. Ён быў створаны ў 2008 годзе, але кардынальна абноўлены зусім нядаўна — у 2019—2020 гадах. Праграма абсталявання рэсурсных цэнтраў працуе, і маладыя людзі, дзякуючы ёй, набываюць унікальныя навыкі, якія дазваляюць урэшце стаць высокакваліфікаванымі спецыялістамі.
Сучаснае высокатэхналагічнае абсталяванне выкарыстоўваецца для навучання, і ўжо відавочная эфектыўнасць заняткаў, якія праводзяцца на яго базе. Між тым, нагадвае міністр, у краіне цяпер дзейнічае 51 рэсурсны цэнтр:
— Гэтыя цэнтры больш-менш раўнамерна размеркаваны па ўсіх тэрыторыях. 16 з іх мы абсталявалі па апошнім слове тэхнікі. Дарэчы, рэсурсныя цэнтры не будуць расці як грыбы і іх стварэнне будзе выключна ў кампетэнцыі міністра адукацыі. Нам трэба так пакрыць рэсурснымі цэнтрамі краіну, каб не было паўтораў спецыяльнасцей, каб яны працавалі на падрыхтоўку спецыялістаў, і да таго ж актуальна развіваць сеткавыя формы ўзаемадзеяння. Напрыклад, калі няма абсталявання больш высокага класа ў адной установе, навучэнцы могуць паехаць у іншую, дзе яно ёсць, і там прайсці інтэнсіўны курс лабараторных заняткаў, адпрацаваць навыкі і вярнуцца ў сваю ўстанову далей праходзіць навучанне. Мы гэтую форму сеткавай адукацыі заклалі і ў новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі. Прычым гэта можа тычыцца не толькі сістэмы ПТА і ССА, але і УВА. Сістэма ПТВ і ССА можа такім чынам выкарыстоўваць пляцоўкі УВА для навучання. Удзел у руху WorldSkills паўплываў на тое, што мы атрымліваем доступ да новай інфармацыі па розных кірунках падрыхтоўкі кадраў. Мы бачым новыя тэхналогіі, матэрыялы, прыстасаванні, якія выкарыстоўваюцца ў свеце. І гэта ўсё ўкараняецца ў адукацыйны працэс, удасканальваюцца вучэбныя планы і праграмы. Вось гэта галоўнае. Дарэчы, у новую рэдакцыю кодэкса мы закладваем адыход ад тыпавога вучэбнага плана і праграмы. Паспрабуем спрасціць схему карэкціроўкі вучэбнага плана і праграмы.
Падчас сустрэчы з дырэктарскім корпусам Гомеля было шмат пытанняў, якія тычыліся змен у сістэме адукацыі, што адбудуцца пасля канчатковага ўдасканальвання праекта Кодэкса аб адукацыі. Работа дыялогавых пляцовак па абмеркаванні змен у Кодэкс аб адукацыі працягваецца, нагадаў міністр. На гэты момант Кодэкс аб адукацыі прыняты Палатай прадстаўнікоў толькі ў першым чытанні. Цяпер ідзе яго дапрацоўка да другога чытання.
— Таму мы папрасілі ва ўсіх рэгіёнах арганізаваць дыялогавыя пляцоўкі і разам з дэпутацкім корпусам яшчэ раз папрацаваць над нашым галоўным нарматыўным дакументам, — тлумачыць міністр. — Абноўлены кодэкс накіраваны ў Савет Рэспублікі, сенатары таксама далучыліся да гэтай работы. Спадзяёмся, што восенню ён будзе прыняты ў другім чытанні. У жніўні плануем правесці Рэспубліканскі педагагічны савет. На ім абмяркуем, як ідзе падрыхтоўка Кодэкса аб адукацыі да прыняцця ў другім чытанні. Акрамя таго, плануем абмеркаваць Канцэпцыю развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года. Яна размешчана на сайце Міністэрства адукацыі. З ёй можна азнаёміцца і зноў-такі ў рамках дыялогавых пляцовак абмеркаваць, унесці карэктывы, свае заўвагі, прапановы. На педсавеце мы таксама плануем абмеркаваць пытанне змены падыходаў да ўступнай кампаніі ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Падчас педагагічнага форуму будзе арганізавана работа секцый, на якіх яшчэ раз асобна будуць разгледжаны гэтыя дакументы. Ва ўсіх будзе магчымасць выступіць і агучыць свае прапановы. Мы павінны бачыць перспектывы развіцця сістэмы адукацыі. І гэта будзе залежыць у тым ліку ад важных дакументаў, якія мы прымем.
Ці застануцца ў сістэме адукацыі цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі? На гэтае пытанне дырэктара Гомельскага гарадскога міжшкольнага цэнтра № 2 дапрызыўнай падрыхтоўкі Леаніда Прыходзькі міністр адукацыі адказаў адназначна станоўча. Але заўважыў, што такія ўстановы хутчэй за ўсё стануць філіяламі ўстаноў адукацыі — структурнымі падраздзяленнямі вызначаных школ.
Яшчэ адно пытанне тычылася ўзаемадзеяння законных прадстаўнікоў вучняў з адукацыйнымі ўстановамі. Дырэктар гомельскай гімназіі № 51 Аляксандр Пахучы вызначыў праблему: некаторыя бацькі лічаць сваім абавязкам вучыць настаўнікаў, як тым выкладаць матэматыку ці рускую мову. У сваім адказе Ігар Карпенка звяртае ўвагу на фармулёўку:
— У кодэксе раней было напісана, што ўдзельнікі адукацыйнага працэсу маюць права знаёміцца са зместам адукацыі. Цяпер мы дадалі “у парадку, вызначаным установай адукацыі”. Значыць, менавіта вы будзеце вызначаць гэты парадак. Палічыце патрэбным дазволіць прысутнічаць на ўроку — дазволіце. Прашу толькі, каб адміністрацыі ўстаноў адукацыі былі даступнымі для зносін з законнымі прадстаўнікамі вучняў.
Дарэчы, былі агучаны не толькі праблемы. Дырэктар Гомельскага гарадскога ліцэя Таццяна Чаплінская выказала міністру адукацыі словы падзякі за арганізацыю Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка:
— Дзеці, якія прайшлі навучанне ў тэхнапарку, прыехалі ў вялікім захапленні ад таго, як быў арганізаваны адукацыйны працэс. Яны атрымалі новыя веды і новы стымул, каб далей развівацца. Гэта выдатна, што ідэя рэалізавалася. Нават праходжанне адборачных этапаў дае дзецям магчымасць паднімацца на прыступку вышэй над сабой.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.