Бачыць перспектывы

- 10:46Навіны рэгіёнаў

Вынікі работы сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці за мінулы год і асноўныя кірункі дзейнасці ў 2016 годзе абмеркавалі на пашыраным пасяджэнні калегіі ўпраўлення адукацыі. На ім прысутнічалі намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Лісковіч, Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Аляксандр Сягоднік, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Васілій Міхно, прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады і праваахоўных органаў.

Пачаў сваё выступленне на пасяджэнні калегіі начальнік упраўлення адукацыі Аляксандр Сонгін з лічбаў, якія паказваюць добрую дынаміку развіцця галіны. Так, за кошт рэканструкцыі плошчаў, аптымізацыі і ўшчыльнення груп, вывядзення першых класаў, адкрыцця груп на базе іншых устаноў створана звыш 700 дадатковых месцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Захаваны высокія пазіцыі па агульным ахопе дзяцей дашкольнай адукацыяй — 74,7% і першая пазіцыя ў краіне па гэтым паказчыку на сяле — 60%.
Аб высокай якасці агульнай сярэдняй адукацыі сведчыць і першая пазіцыя ў краіне па выніковай атэстацыі, і такія дасягненні пацвярджаюцца на працягу апошніх сямі гадоў. На цэнтралізаваным тэсціраванні школьнікі вобласці атрымалі 42 стабальныя вынікі. У параўнанні з мінулым годам з 14 да 19 павялічылася колькасць навучальных устаноў, якія ўвайшлі ва ўмоўны рэспубліканскі рэйтынг.— Па выніках рэспубліканскай прадметнай алімпіяды вобласць заняла 3-е месца, — адзначыў А.Г.Сонгін. — Найбольш вынікова выступілі школьнікі Лідскага раёна і Гродна. Два бронзавыя медалі заваявалі навучэнцы на міжнародных алімпіядах.
Выступленне начальніка аддзела адукацыі было пабудавана так, што асноўная ўвага канцэнтравалася не столькі на дасягненнях, колькі на перспектывах і кірунках развіцця, выяўленні пунктаў росту, мерах па паляпшэнні работы. Так, А.Г.Сонгін спыніўся на пытаннях удзелу ў алімпіядах па беларускай мове і літаратуры, працоўным навучанні, у конкурсе работ даследчага характару і зазначыў, што трэба лепш выкарыстоўваць патэнцыял партнёрскіх адносін з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы для падрыхтоўкі школьнікаў.
Вялікая ўвага ўдзяляецца інфарматызацыі галіны. Звыш 76% педагогаў актыўна прымяняюць інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыйным працэсе. Пашыраны магчымасці арганізацыі работы з сеткавымі відамі інфармацыі шляхам павелічэння да 92% колькасці ўстаноў, якія маюць высокую хуткасць шырокапалосага доступу ў інтэрнэт. У мінулым годзе створана 60 інфармацыйна-бібліятэчных цэнтраў. Агульная іх колькасць — 275. Задачай на гэты год застаецца павелічэнне прадметных кабінетаў, забяспечаных камп’ютарнай тэхнікай, укараненне элементаў электроннай школы, такіх як электронны дзённік, журнал, электронная прахадная, меню. Прапанавана ў кожным раёне вылучыць па адной установе для адпрацоўкі гэтага кірунку. Таксама неабходна аператыўна абнаўляць інфармацыю на афіцыйных інтэрнэт-сайтах устаноў, мець аператыўна працуючыя гарачыя лініі і іншыя формы зваротнай сувязі з бацькамі, навучэнцамі і грамадскасцю.
У Гродзенскай вобласці ў перыяд з 2012 па 2015 год рэалізоўвалася Комплексная праграма выхавання дзяцей і моладзі. Рэалізацыя праграмы дазволіла забяспечыць сістэму і пераемнасць у выхаваўчай рабоце на ўсіх узроўнях, садзейнічала фарміраванню рэгіянальных і лакальных выхаваўчых сістэм, якія заснаваны на мясцовых культурных традыцыях.
— За чатыры гады рэалізацыі мегапраекта “Патрыятычны марафон сацыяльна значных спраў “Паклонімся вялікім тым гадам” рэалізавана 596 раённых праектаў, на базе музейных пакояў створаны 54 музеі, рэалізавана 900 маладзёжных ініцыятыў, — адзначыў А.Г.Сонгін. — Вынікам мэтанакіраванай работы стала і зніжэнне колькасці правапарушэнняў сярод непаўналетніх на працягу апошніх 10 гадоў.
Сёння суботні дзень стаў арганічнай часткай вучэбна-выхаваўчай сістэмы школ. Упраўленне адукацыі будзе праводзіць штотыднёвы маніторынг арганізацыі вольнага часу на працягу ўсяго навучальнага года і аператыўна рэагаваць на стан работы, адзначыў начальнік упраўлення адукацыі. Засяродзіў ён увагу і на арганізацыі занятасці падлеткаў у летні перыяд, у тым ліку навучэнцаў прафесійных ліцэяў і каледжаў. Лагеры працы і адпачынку летам арганізоўваюцца толькі на базе пяці ўстаноў прафадукацыі, і тут ёсць вялікія рэзервы па арганізацыі работы ў канікулярны час.
Падрабязна разглядалася на пасяджэнні калегіі работа сацыяльна-псіхалагічных службаў устаноў адукацыі, пытанні аховы дзяцінства і каардынуючая і метадычная функцыя ў гэтым сацыяльна-педагагічным цэнтры.
Адбудуцца змяненні ў гэтым годзе і ў сістэме прафесійнай адукацыі. Будзе ўзяты курс на аптымізацыю ўстаноў і перагляд прапанаваных спецыяльнасцей: з’явяцца 25 новых кваліфікацый і будуць выключаны 22, пройдзе набор па пяці новых спецыяльнасцях. Працягнуцца работы па стварэнні на базе дзвюх навучальных устаноў рэсурсных цэнтраў. Рэарганізацыя чакае і 12 устаноў агульнай адукацыі, плануецца закрыць 10 устаноў.
Адзін з раздзелаў даклада быў прысвечаны павышэнню прэстыжу прафесіі педагога і рабоце з кадрамі, у тым ліку з рэзервам кадраў. У мінулым годзе ўпершыню Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі была арганізавана летняя школа маладых спецыялістаў, а таксама іх сеткавае ўзаемадзеянне, рэалізоўваецца канцэпцыя практыка-арыентаванага навучання на педагагічным факультэце ГрДУ імя Янкі Купалы. У гэтым годзе на Гродзеншчыне працуюць 23 профільныя класы педагагічнага кірунку, у якіх вучацца 232 чалавекі.
Звярнуў увагу начальнік упраўлення адукацыі на фарміраванне пазабюджэтных фондаў і адзначыў, што тут не выкарыстаны ўсе рэзервы.
Канструктыўныя прапановы і слушныя заўвагі прагучалі ў выступленні намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама В.А.Лісковіча. Сярод найважнейшых задач сістэмы адукацыі — фарміраванне і выхаванне асобы, грамадзяніна і патрыёта краіны. Асаблівая ўвага павінна ўдзяляцца рабоце ў шосты школьны дзень, спартыўна-масавай рабоце, далучэнню дзяцей да карысных спраў, ведання гісторыі сваёй краіны, а для гэтага трэба актывізаваць у тым ліку і экскурсійную работу па Беларусі, арганізоўваць наведванне прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, што дапаможа дзецям вызначыцца з прафесіяй.
На пасяджэнні калегіі былі падведзены вынікі абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы па развіцці рэгіянальных сістэм адукацыі. Лепшымі ў рэйтынгу якасці адукацыі сталі Кастрычніцкі раён Гродна, Лідскі раён і Ленінскі раён Гродна. Была адзначана таксама работа аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Мастоўскага, Дзятлаўскага, Слонімскага і Ашмянскага райвыканкамаў. Сярод пераможцаў — Гродзенскі дзяржаўны прафесійны электратэхнічны каледж імя І.Шчаснага і Скідзельскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.