Бачыць сонца ў кожным вучню

- 14:20Навіны рэгіёнаў

… Навучэнцы гімназіі № 1 Бабруйска цалкам захоплены ўрокам фізікі — засяроджана выконваюць заданне. Парушальнікаў дысцыпліны тут няма. А ўсё таму, што іх настаўніца — Таццяна Віктараўна Багдановіч — умее зацікавіць прадметам кожнага.

Настаўнічаць Т.В.Багдановіч марыла з дзяцінства. І яна ажыццявіла гэтае імкненне. Скончыла Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна. Стаўшы некалі на педагагічны шлях, Таццяна Віктараўна не збочвае з яго на працягу ўжо сямі гадоў.

— Ды і ў далейшым планую застацца вернай прафесіі, бо мяркую, што калі выбраў для сябе нешта — трэба працягваць пачатае, мэтанакіравана рухацца наперад у адным кірунку, — лічыць Т.В.Багдановіч.

Прафесійнае станаўленне гэтай неардынарнай настаўніцы адбылося ў сярэдняй школе № 10 Бабруйска. З гэтай навучальнай установай звязана значная частка яе педагагічнай дзейнасці.

— Дзясятую школу я і зараз успамінаю з цеплынёй, але па пэўных жыццёвых абставінах месца працы прыйшлося змяніць. Пераход на новае месца даўся складана, але ў гімназіі адкрыліся новыя магчымасці для далейшага прафесійнага развіцця, — адзначыла Т.В.Багдановіч.

Прынцып пастаяннага самаў­дасканалення — аснова яе педагагічнай дзейнасці. Таццяна Віктараўна ўпэўнена: сучасны настаўнік павінен знаходзіцца ў рэжыме развіцця, укараняць у вучэбны працэс эфектыўныя адукацыйныя інавацыі.

— Я заўсёды імкнуся да прафесійнага росту. Чатыры гады назад прайшла праграму перападрыхтоўкі ў Інстытуце бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ. Вучоба па гэтай праграме мяне захапіла, змяніла мой светапогляд. Я пачала разумець, што школе, як паветра, патрэбны падыходы сучаснага менеджменту, метады з бізнесу, якія прынясуць новыя ідэі і новыя падыходы да адукацыйнай дзейнасці. Цалкам новая педагогіка мне адкрылася і на дыстанцыйных курсах “Актыўная ацэнка”. Сістэмнае прымяненне актыўнай ацэнкі на ўроках робіць навучанне эфектыўным, заснаваным на даверы і ўзаемаразуменні паміж педагогам і навучэнцамі. Зараз менавіта гэтая тэхналогія — аснова маёй прафесійнай дзейнасці, — паведаміла Т.В.Багдановіч.

Пастаянна самаўдасканальваючыся, Таццяна Віктараўна патрабуе гэта і ад сваіх вучняў. Вучыць іх ісці наперад, спасцігаючы новае, сістэматызуючы тыя веды, якія яны атрымалі раней. Яна старанна падыходзіць да планавання кожнага ўрока. Для павышэння эфектыўнасці навучання, каб дзеці лепш засвойвалі і запаміналі матэрыял аб няпростых фізічных з’явах, падчас тлумачэння тэмы прыводзіць даступныя прыклады са штодзённага жыцця.

— У арганізацыі якаснага навучання вельмі дапамагае прымяненне актыўнай ацэнкі. Гэтая тэхналогія спрыяе ўстанаўленню цеснай сувязі з вучнямі. З дзецьмі ў мяне склаліся партнёрскія адносіны, заснаваныя на даверы адно да аднаго. Дзякуючы планаванню ўрока з выкарыстаннем актыўнай ацэнкі, навучанне стала прыносіць задавальненне і мне, і вучням, — падкрэсліла Т.В.Багдановіч.

Са сваімі вучнямі настаўніца сустракаецца не толькі на занятках, але і ў пазаўрочны час. Два гады назад яна прайшла навучанне на курсах “Медыяадукацыя ў школе”, дзе змагла знайсці для сябе чарговы арыенцір-вектар у рабоце.

— Я зразумела, што на ўроках можна факусіраваць увагу не толькі на прадметным складніку, але і на фарміраванні медыя­дасведчанасці навучэнцаў праз фізіку. Сустракаючыся ў пазаўрочны час, сумесна з дзецьмі мы стварылі некалькі праектаў у гэтым кірунку: “YouTube — аналіз”, “Я — ютубер”, “Тролі побач з намі. Як ім супрацьстаяць”, FilterBubble, Media Literacy Marathon, “Крытычнае мысленне — навык XXI стагоддзя”. Многія з іх былі адзначаны ўзнагародамі на розных творчых вучнёўскіх конкурсах, а праект Media Literacy Marathon — неаднаразова. З гэтага навучальнага года я працую ў гімназіі № 1 Бабруйска. Пераход на новае месца працы, выкліканы зменай месца жыхарства, быў для мяне не зусім простым, бо было складана расставацца са сваімі вучнямі. Але мы часта сустракаемся, падтрымліваем адно аднаго, супрацоўнічаем у сумесным праекце Media Literacy Marathon. Навучэнцы 10-й школы падзяліліся з гімназістамі сваімі матэрыяламі і напрацоўкамі, што дапамагло значна палепшыць праект. І такое ўзаемадзеянне дзяцей з розных устаноў адукацыі спрыяе таму, што яны вучацца камуніка­ваць адно з адным і ўзаемадзейнічаць з соцыумам, знаходзіць агульныя кропкі перасячэння інтарэсаў, — расказала Таццяна Віктараўна.

Прыярытэтным нап­рамкам у педагагічнай дзейнасці Т.В.Багдановіч з’яўляецца работа з адоранымі вучнямі. Тут яна таксама прымяняе перадавыя адукацыйныя методыкі. Напрыклад, у падрыхтоўцы дзяцей да ўдзелу ў алімпіядным руху настаўніца выкарыстоўвае метады актыўнага запамінання. І гэта прыносіць плён. Штогод навучэнцы Таццяны Віктараўны становяцца пераможцамі другога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы. Былі перамогі і на трэцім этапе алімпіяды.

А вось у арганізацыі праектнай дзейнасці навучэнцаў Т.В.Багдановіч арыентуецца на коўчынгавы падыход, які пераклікаецца з тэхналогіяй актыўнай ацэнкі.

— Прынцыпы коўчынгу, пра­вільная пастаноўка пытанняў дазволілі мне з іншага боку зірнуць на адукацыйны працэс. Я актыўна выкарыстоўваю гэты падыход і падчас заняткаў, але асабліва эфектыўны ён у арганізацыі праектнай дзейнасці вучняў, бо дапамагае выразна выбуда­ваць канцэпцыю працы, намеціць крокі па дасягненні мэт і правесці сапраўды выніковае даследаванне. Лепшае пацвярджэнне гэтага — перамогі маіх вучняў на гарадскім і абласным этапах рэспубліканскага конкурсу даследчых работ школьнікаў, — адзначыла Т.В.Багдановіч.

Таццяна Вікта­ра­ўна заўсёды ў творчым пошуку. Прычым яна не толькі сама імкнецца да развіцця, але і планамерна дзеліцца сваімі эфектыўнымі напрацоўкамі з калегамі, пастаянна выступае з майстар-класамі на разнастайных педагагічных канферэнцыях, семінарах. У свой час яна была ўдзельніцай, а потым і каардынатарам экспрэс-курсаў “Гатовы да ДН”, арганізаваных фондам “Новая школа”, асацыяцыяй “Адукацыя для будучыні” і кампаніяй Vizor Games. Яна ­ўдзельнічала нават у міжнароднай школе медыяадукацыі ў Швецыі Media Literacy Camp, дзе прэзентавала свой вопыт медыя­адукацыі на ўроках фізікі. А зараз атрымала прапанову стаць метадыстам і ­ўдзельнікам вядомай праграмы “Настаўнік для Беларусі”.

— Вялікае значэнне для мяне як для настаўніка і асобы, мае ўдзел у розных адукацыйных актыўнасцях. Аўтарскія курсы М.І.Запрудскага ў Альхоўцы, фестываль педагагічнага майстэрства “Творчыя канікулы”, летнік “Настаўнікі для настаўнікаў”, EdCamp, Калядны фэст педагагічнага майстэрства і многія іншыя падобныя мерапрыемствы дазваляюць мне расці як прафесіяналу, адкрываюць новыя магчымасці для супрацоўніцтва з калегамі, новыя крыніцы ідэй і натхнення, — падзялілася Т.В.Багдановіч.

Па чарговы імпульс да прафесійнага развіцця Таццяна Віктараўна адправілася і на сёлетні рэспубліканскі конкурс “Настаўнік года”. Ішла па матывацыю і натхненне, а атрымала перамогу. Яна стала лепшым настаўнікам Магілёўскай вобласці ў намінацыі “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”.

Гэтая перамога была цалкам заслужанай, бо Т.В.Багдановіч не толькі выключны прафесіянал, але і чулы, уважлівы да кожнага вучня педагог. Надзвычай уразіла і яе выніковае конкурснае выступленне. Свае педагагічныя прынцыпы яна прадставіла ў выглядзе ўласнага адукацыйнага спектра, які спрыяе адкрыццю сонейка пазнання ў кожным вучні.

На думку Таццяны Віктараўны, у кожным вучню ёсць сонца, але ў кожнага яно сваё, і задача педагога — праз любоў і шчы­расць дакрануцца да ўнутранага свету такіх розных маленькіх асоб. Не менш важна — здолець убачыць сонца кожнага вучня, убачыць тое лепшае, унікальнае, што ў ім ёсць, развіць здольнасці і таленты дзіцяці. Гэты педагог імкнецца навучыць дзяцей вучыцца зыхо­дзячы з рэалій сучаснага свету і яго патрабаванняў, дапамагае вучням паверыць у сябе, раскрыцца і рэалізаваць сваё “Я”.

— Сонца ёсць у кожным, але не кожнае дзіця гарыць прагай ведаў. Што рабіць з тымі, каго фізіка не прываблівае? Асабіста я шукаю да такога вучня асаблівы падыход, выкарыстоўваю метапрадметныя падыходы. У кожным ёсць сонца, але не ва ўсіх яно свеціць ярка, таму што не веда­юць, што іх святло некаму патрэбна. І настаўнік — гэта сонца, вакол яго вучні круцяцца, як планеты. Таму такое важнае ўзаемадзеянне настаўніка і вучня, бо яны растуць разам, дапамагаюць запаліць сонца адзін у адным, — пераканана Таццяна Віктараўна.

Па яе меркаванні, школа — гэта своеасаблівы сусвет, які жыве па сваіх законах, са сваімі зоркамі, планетамі, галактыкамі, нават чорнымі дзіркамі. У гэтым сусвеце ўсё пастаянна цячэ і мяняецца, таму педагогу трэба таксама ўмець мяняцца, адпавядаць сучасным рэаліям. Ёсць у Таццяны Віктараўны і галоўны працоўны арыенцір.

— У кожным дзіцяці ёсць сонца, і я імкнуся запаліць яго, даць яму свяціць, бо я настаўнік. Я была ім учора, з гордасцю ўсведамляю, што з’яўляюся ім сёння, і з упэўненасцю заяўляю, што застануся ім і заўтра, — запэўніла Т.В. Багдановіч.

НА ЗДЫМКАХ: дыплом пераможцы абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” Т.В.Багдановіч уручае начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама А.Б.Заблоцкі; Таццяна Віктараўна будуе ўзаемаадносіны з вучнямі на даверы і супрацоўніцтве.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва Т.В.Багдановіч.