Бачыць у дзіцяці асобу

Са школьных гадоў у памяці трывала адбілася фраза, не раз бачаная на адным са школьных стэндаў: “Душа дзіцяці — агеньчык, і наша мэта не даць яму патухнуць”. З тае пары ў мяне яна атаясамліваецца толькі з адным чалавекам — намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ручаёўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Лоеўскага раёна Таццянай Міхайлаўнай Белаш.

Цікавасць да прафесіі пачала развівацца ў будучай настаўніцы з дзяцінства. Маленькай Таццяне заўсёды было цікава вучыць некага, выстаўляць адзнакі. Таму дзяўчына пасля заканчэння Бывалькаўскай сярэдняй школы паступіла ў Мазырскі педагагічны інстытут імя Н.К.Крупскай. Пасля заканчэння інстытута ў 1986 годзе малады спецыяліст была размеркавана настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Ручаёўскую сярэднюю школу (цяпер Ручаёўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа). Так мара маленства стала справай усяго жыцця. І пацвярджэннем гэтага выступае працоўны стаж Таццяны Міхайлаўны: у педагогіцы яна больш за 30 гадоў.

— Вядома, некаторыя цяжкасці на пачатку работы былі, — расказвае Т.М.Белаш, — бо для маладога настаўніка ўсё з’яўляецца новым: і работа з дзецьмі, і ўзаемадзеянне з іх бацькамі. Але на першы план заўсёды выходзіла задача наладзіць адносіны з класам, паставіць сябе такім чынам, каб гэта было зразумела дзецям. І з цягам часу пытанне вырашылася само сабой.

Таццяна Міхайлаўна лічыць, што настаўнік павінен быць справядлівым і шчырым, любіць дзяцей і тое, што ён робіць. Гэта для настаўніцы аснова яе дзейнасці. Прафесійным прыкладам для Таццяны Белаш заўсёды былі першая настаўніца Надзея Пятроўна Колас і настаўнікі беларускай мовы і літаратуры.

— Кожны педагог павінен вучыцца разам з дзецьмі, самаўдасканальвацца і, самае галоўнае, — бачыць у кожным дзіцяці асобу. Дзеці — найлепшыя псіхолагі. Калі яны ўбачаць, што настаўнік сам зацікаўлены ў сваім прадмеце, то пацягнуцца да яго, — адзначае Таццяна Міхайлаўна.

Некалі такой цікавасцю яна заахвоціла і наш клас. Кожны яе ўрок беларускай літаратуры быў своеасаблівым падарожжам у невядомае. Калі чыталі раман “Людзі на балоце”, разам з героямі Мележа паглыбляліся ў побыт куранёўцаў, знаёміліся з Быкавым — праходзілі выпрабаванне на мужнасць з салдатамі аповесці “Жураўліны крык”. І ўсё гэта цяжка было ўявіць без агеньчыкаў, якія “запальваліся” ў вачах Таццяны Міхайлаўны, калі яна ўваходзіла ў клас, яе незгасальнай энергіі.

Па словах Таццяны Белаш, у двух класах нельга аднолькава пабудаваць урок, бо кожны клас мае сваю спецыфіку. Каб зацікавіць вучняў, трэба задзейнічаць розныя метады: цікавыя пытанні, завочныя падарожжы, віктарыны, круглыя сталы. Свае заняткі Таццяна Міхайлаўна таксама заўсёды пачынае з пытанняў: гэта настройвае вучняў на працоўны лад. Але абмеркаванне не абмяжоўваецца пытаннямі толькі пра тое, што хацеў паказаць аўтар. Настаўніца вучыць школьнікаў пранікаць у глыбіню твора, аналізаваць пэўныя з’явы, сачыць за паводзінамі літаратурных герояў у канкрэтных сітуацыях, пераносіць гэта на ўласнае жыццё і толькі пасля таго рабіць высновы. Таццяна Белаш пераканана, што няправільных думак не існуе, таму яе вучням прасцей весці дыялог падчас заняткаў.

За гады работы педагог мае вялікую колькасць падзяк і дыпломаў ад раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, а таксама Міністэрства адукацыі. З вялікай колькасці выпускнікоў Таццяны Міхайлаўны, дзесяць па прыкладзе сваёй настаўніцы звязалі жыццё з выкладаннем беларускай мовы і літаратуры.

— Лепшая ўзнагарода для любога настаўніка — калі яго вучні пераўзыдуць яго, — лічыць Таццяна Міхайлаўна.

Матэрыялы падрыхтавала Ірына ІВАШКА.
Фота з асабістага архіва Таццяны БЕЛАШ.