Бачыць у вучнях асобу

- 9:40Адукацыйная прастора

Звыш сарака пяці гадоў плённай працы. Менавіта столькі аддаў дзейнасці ў сферы адукацыі першы і пакуль адзіны народны настаўнік Беларусі настаўнік фізікі Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Валерый Васільевіч Барашкоў. Сёння Валерыю Васільевічу ўжо за семдзесят, але ён па-ранейшаму каля дошкі, разам з вучнямі.

Ліцэісты заўсёды чакаюць сустрэч з Валерыем Ва­сільевічам. Чакаюць таму, што яго ўрокі нязменна пера­твараюцца для іх у адкрыццё, адкрыццё таямніц складанай, але такой цікавай навукі — фізікі.

Дарэчы, у В.В.Барашкова сваё бачанне паспяховага навучання. Народны настаўнік пера­кананы, што, калі прымушаць дзяцей вучыцца, зубрыць, гнацца за высокімі паказчыкамі паспяховасці, нічога значнага не бу­дзе. А вось калі ўмела зацікавіць іх прадметам, матываваць на канкрэтныя дзеянні, вынік атрымаецца адпаведным.

— Фізіка — дастаткова складаны прадмет. Але ўсё складанае можна разабраць на простае. Менавіта так і раблю на сваіх занятках. А яшчэ — ніколі не перастаю нагадваць вучням пра тое, што фізіка — гэта наша жыццё. Яна ўсюды вакол нас. Фізіка — гэта навука, якую можна памацаць рукамі. Пэўныя складаныя для ўспрымання фізічныя з’явы заўсёды імкнуся растлумачыць дзецям проста, на даступных для іх успрымання жыццёвых прыкладах. Часта праводжу ўрокі ў гульнявой форме, арганізую наглядныя доследы. Вучу дзяцей не толькі ўспрымаць інфармацыю, але і рабіць вывады. Усё гэта знахо­дзіць водгук у вучняў. Такім чынам павышаецца і разуменне дзецьмі фізікі, і іх ціка­васць да гэтай навукі, — расказаў Валерый Ва­сільевіч.

На сваіх занятках В.В.Барашкоў прымяняе розныя адукацыйныя методыкі. Ён упэўнены: падыходы да выкладання прадмета неабходна вар’іраваць.

— Кожны клас індывідуальны, кожны вучань — асоба. Таму педагогу нельга нават адзін і той жа матэрыял, але ў розных дзіцячых калектывах выкладаць аднолькава. Настаўнік не павінен выконвац­ь сваю справу механічна. Працаваць з дзецьмі трэба з душой, — лічыць Валерый Васільевіч.

Па яго меркаванні, сваю ролю ў эфектыўным засваенні ведаў адыгрывае і спрыяльная атмасфера ўзаемаадносін паміж дзецьмі і настаўнікам.

— Вельмі правільна некалі сказаў наш прэзідэнт: “Настаўнік павінен жыць жыццём сваіх вучняў”. Цалкам падтрымліваю гэтую думку. Добразычлівая атмасфера ў класе, паразуменне паміж педагогам і навучэнцамі вельмі важныя. У мяне ёсць пэўныя традыцыі, якія дапамагаюць наладзіць кантакт з вучнямі. Часам адыхо­джу ад тэмы, магу расказаць вучням пэўныя павучальныя гісторыі. Увогуле, лічу, што дзяцей неабходна вучыць не толькі фізіцы, але і жыццю, выхоўваць у іх правільныя жыццёвыя арыенціры, — падкрэсліў В.В.Барашкоў.

На яго думку, настаўнік павінен у першую чаргу даваць веды, але выхаванне ў вучняў духоўнасці і маралі таксама павінна быць у прыярытэце.

— На сваім жыццёвым шляху я сустракаў розных людзей. Адны мелі вышэйшую ці акадэмічную адукацыю, другія — не мелі ніякай. Але і тыя, і іншыя былі цікавымі, добрымі, прыстойнымі лю­дзьмі. І я зразумеў, што адукацыя ў чалавека можа быць любой, а вось выхаванне павінна быць вышэйшым. Настаўніку трэба прывіваць дзецям стандарты маралі, жыццёвыя каштоўнасці. У тым ліку і ўласным прыкладам, — упэўнены Валерый Васільевіч.

Адзначыў В.В.Барашкоў і шэраг тэндэнцый, якія, на яго по­гляд, не вельмі спрыяльна ўплываюць на якасць адукацыйнага працэсу. Адна з такіх — негатыўны ўплыў на засваенне ведаў ад выкарыстання дзецьмі гаджэтаў.

— Гаджэты — добрыя памочнікі. Але імі трэба карыстацца дазіравана. Бо інакш дзеці проста развучацца думаць, гаварыц­ь, аналізаваць. Ім усё гэта бу­дзе не трэба, бо адказы на любыя пытанні можна знайсці ў смартфоне. У мяне на ўроках вучні карыстаюцца мабільнікамі толькі па неабходнасці, з майго дазволу. Радуе, што такая практыка цяпер назіраецца ў многіх установах. І гэта правільна. Празмернае захапленне гаджэтамі губіць не толькі мозг, але і цела з-за адсутнасці неабходнай рухальнай актыўнасці. Мне наогул здаецца, што мы павінны даваць дзецям не толькі веды пра тое, як карыстацца законамі прыроды і жыць у соцыуме, але і веды аб правільным выкарыстанні магчымасцей чалавечага арганізма, — расказаў Валерый Васільевіч.

В.В.Барашкоў думае таксама аб тым, што ў школе неабходна выкараняць стэрэатып нізкіх адзнак як нейкага пакарання.

— Адзнака — гэта важна. Але ў апошні час назіраю, што дзеці ў літаральным сэнсе баяцца двойкі. Для іх гэта недзе нават трагедыя. У маёй практыцы былі выпадкі, калі даходзіла ледзь не да слёз. Так быць не павінна. Я вучу сваіх вучняў не баяцца дапускаць памылку. Бо любую памылку, любую няўдалую адзнаку заўсёды можна выправіць. Магчыма, нам, педагогам, варта дадаткова весці нейкі свой журнал, куды можна папярэдне выстаўляць нізкія адзнакі. Бо часам яны быва­юць выпадковасцю або вынікам пэўных жыццёвых акалічнасцей. Можа, дзіця хварэла, можа, у сям’і нейкія цяжкасці ці яшчэ нешта істотнае паўплывала на нявывучаны ўрок. А калі ёсць гэтая адтэрмінаваная адзнака, але ты як педагог бачыш: дзіця яе ўсяляк выпраўляе, можа, і не варта ставіць яе ў дзяржаўны журнал? Такі падыход знімае эмацыянальную напружанасць вучняў, што спрыяльна адбіваецца на вучобе, — паведаміў В.В.Барашкоў.

Валерый Васільевіч упэўнены, што паспяховасць вучняў залежыць і ад прафесіяналізму педагога. Трэба заўсёды крытычна адносіцца да сябе. А яшчэ, нават нягледзячы на пэўныя прафесійныя дасягненні, — імкнуцца да ўдасканалення сваёй працы. Але пры гэтым не забывацца і пра асобаснае развіццё. Бо і ў навучанні, і ў выхаванні дзяцей многае залежыць менавіта ад асобы настаўніка.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.