Багатая на яскравы талент

Нядаўна я сустрэўся з дырэктарам сярэдняй школы № 1 Белаазёрска Генадзем Мікалаевічам Карпуком. Размова зайшла пра настаўніцу Любоў Сцяпанаўну Банасевіч. Кіраўнік навучальнай установы адразу паведаміў: “Гэта педагог ад Бога. Яна ў нашай школе выкладае хімію. Свой прадмет ведае дасканала і ўрокі для старшакласнікаў праводзіць на высокім тэарэтычным і практычным узроўні. У Любові Сцяпанаўны заслужаны аўтарытэт сярод вучняў і іх бацькоў. Многія дзеці з горада энергетыкаў хацелі б вучыцца ў гэтай таленавітай, патрабавальнай да сябе настаўніцы”.

Настаўніца Л.С.Банасевіч у класе на ўроку хіміі.

Нарадзілася Любоў Сцяпанаўна ў вёсцы Валавель Драгічынскага раёна. Бацька, Сцяпан Сцяпанавіч Бычкоўскі, у  гэтым населеным пункце працаваў фельдшарам, а маці, Ніна Яўгенаўна, узначальвала калектыў мясцовай сталовай. Сям’я карысталася вялікай павагай сярод жыхароў вёскі дзякуючы сваёй добрасумленнасці і шчырым адносінам да кожнага аднавяскоўца. Трэба падкрэсліць, што бацька ў свой час скончыў Валавельскую сярэднюю школу з залатым медалём. Потым вучыўся на фельдшара ў Пінскім медыцынскім вучылішчы, дзе таксама праявіў свае здольнасці. За адказныя адносіны да вучобы і высокія адзнакі атрымаў чырвоны дыплом. Ма­быць, гэта паўплывала і на дачку Любу, якая таксама вучылася ў Валавельскай сярэдняй школе і скончыла дзесяцігодку з залатым медалём. Як успамінаюць настаўнікі школы, Люба была ўзорнай вучаніцай. Мела схільнасці да матэматыкі. Потым яе інтарэс пераключыўся на хімію.

У выдатніцы была адна мара — вучыцца далей. Пасля школы Люба паступіла на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучылася вельмі добра. Атрымала дыплом выкладчыка хіміі. У гэтай жа вышэйшай навучальнай установе на хімічным факультэце вучыўся Васіль Банасевіч. Ён родам з вёскі Гошчава Івацэвіцкага раёна і таксама скончыў дзесяцігодку з залатым медалём. У час вучобы маладыя людзі пазнаёміліся, пакахалі адно аднаго і на 4 курсе аформілі шлюб. Калі прыйшоў час развітання з навучальнай установай, вырашылі паехаць на працу ў горад энергетыкаў — Белаазёрск. Васіля Мікалаевіча ахвотна прынялі на працу інжынерам-хімікам на Белаазёрскі энергамеханічны завод.

Больш складана было ўладкавацца на працу Любові Сцяпанаўне, бо ў школах горада хапала настаўнікаў па ўсіх прадметах. Давялося ісці ў школу № 1 і працаваць у групе прадоўжанага дня, потым у гэтай жа ўстанове стала піянерважатай. Любові Сцяпанаўне гэта было не зусім даспадобы, але яна добрасумленна выконвала свае абавязкі, умела далу­чыць дзяцей да розных мерапрыемстваў. Гэта заўважыла адміністрацыя школы, і ў 1992 годзе ёй прапанавалі працаваць настаўніцай хіміі. Маладую настаўніцу, якая не мела дастатковага вопыту, падтрымліваў першы дырэктар Георгій Сяргеевіч Залеўскі і іншыя калегі. Ён бачыў, што з яе атрымаецца выдатны настаўнік хіміі. На ўроках Любоў Сцяпанаўна ўсю душу ўкладвала ў любімы прадмет. І ўжо праз год у яе класе з’явіліся пераможцы алімпіяд. Гэта даказвае, што Любоў Сцяпанаўна дэманстравала на ўроках глыбокія веды па вучэбным прадмеце і гэтага ж патрабавала ад вучняў.

З гадамі яна брала адну вышыню за другой. У 2002 годзе настаўніцы прысвоена вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя. Яе ўключылі ў творчую групу настаўнікаў хіміі Брэсцкай вобласці. Акрамя гэтага, Любоў Сцяпанаўна з’яўляецца членам рэспубліканскай творчай групы. Свой талент настаўніца хіміі праявіла ва ўкладанні зборніка кантрольных і самастойных работ па хіміі для вучняў 10—11 класаў. Ёсць дагавор на выданне зборніка “Хімія без рэпетытара”. Любоў Сцяпанаўна працягвае работу і над іншымі зборнікамі, якія прынясуць вялікую карысць настаўнікам хіміі. Яна актыўна далучае школьнікаў да даследчай дзейнасці. Па многіх кірунках настаўніку-наватару гэта ўдаецца.

У сістэме адукацыі Бярозаўскага райвыканкама працуюць чатыры настаўнікі-метадысты. Гэтага высокага звання ўдастоена і Любоў Сцяпанаўна Банасевіч. Шмат іншых узнагарод яна мае за сваю высакародную працу і адданасць любімаму прадмету. У 2019 годзе ўзнагароджана граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Адзінаццаць гадоў Л.С.Банасевіч узначальвала прафсаюзную арганізацыю школы, неаднаразова была класным кіраўніком у старшых класах.

 Час бяжыць хутка. Ужо прайшло 35 гадоў, як Любоў Сцяпанаўна працуе ў першай школе Белаазёрска. За гэты час на яе ўроках атрымалі веды па хіміі больш за тысячу вучняў. Многія з іх пайшлі па слядах сваёй любімай настаўніцы. Зараз яны выкладаюць хімію ў розных навучальных установах рэспублікі. Калі ў зімовы час ладзяцца сустрэчы выпускнікоў, то былыя вучні абавязкова сустракаюцца з Любоўю Сцяпанаўнай, дораць ёй шмат прыгожых кветак і расказваюць пра свае поспехі.

У гэтым навучальным годзе Л.С.Банасевіч выкладае хімію ў 9, 10 і 11 класах. Усіх старшакласнікаў заахвочвае да атрымання глыбокіх ведаў па сваім прадмеце, бо ведае, што многія мараць паступаць у медыцынскія УВА Рэспублікі Беларусь і іншыя навучальныя ўстановы, дзе патрэбны цвёрдыя веды па хіміі.

 Сям’я Банасевіч — цэлая дынастыя выдатнікаў. Дачка Каця вучылася ў той жа школе, дзе працуе мама. Атрымала атэстат з залатым медалём. Парадаваў бацькоў і сын Мікалай. Ён таксама скончыў першую школу, атрымаўшы трывалыя веды і залаты медаль. Дачка і сын вучыліся, як і бацькі, на хімічным факультэце БДУ і зараз працуюць у розных галінах. Кацярына Хільковіч (прозвішча па мужу) — намеснікам дырэктара прадпрыемства “Франдэса”. Распрацоўвае прэпараты супраць пустазелля  на збожжавых і іншых культурах. Сын Мікалай працуе за межамі краіны. Не так часта сустракаецца сям’я Банасевіч пад адным дахам, бо ў кожнага свае справы, штодзённыя клопаты. Апошняя сустрэча была ў лютым гэтага года, калі самаму блізкаму, дарагому чалавеку, бацьку і дзеду, споўнілася 90 гадоў. Шмат было размоў.  З лёгкай рукі Сцяпана Сцяпанавіча Бычкоўскага ўсе Банасевічы скончылі сярэднія школы з залатымі медалямі і зараз добрасумленна працуюць на розных пасадах. А медалі беражліва захоўваюцца ў кватэры бацькоў.

Іван АСКІРКА.
Фота аўтара.